У пашане тут праца руплівая

Лента новостей

І сапраўды, алекшыцкая зямля прыгожая і адметная. Для многіх людзей яна – малая радзіма, і для прыезджых таксама стала блізкай, удзячнай і роднай. У СВК “Алекшыцы” клапоцяцца пра людзей, стараюцца заахвоціць іх на далейшыя поспехі. Вось і нядаўна тут шчыра віншавалі жанчын з Днём маці. Для іх арганізавалі святочны агеньчык. Цікавая культурная праграма, “салодкі стол”, жывая размова, конкурсы, песні і жарты стварылі непаўторную атмасферу свята. Усе жанчыны–маці і дзяўчаты, будучыя маці, атрымалі грашовыя прэміі. Яны шчыра ўдзячны старшыні СВК “Алекшыцы” Валерыю Паўлюкевічу і прафсаюзнай арганізацыі.
Арыентацыя на новыя тэхналогіі, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці дае плён. Выручка за 10 месяцаў гэтага года ў гаспадарцы – 16,5 мільярда рублёў. Гэта на 25% больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Парадавала сёлета ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых – 54,1 цэнтнера з гектара, кукурузы – 110. Стаўка традыцыйна робіцца і на прадукцыю жывёлагадоўлі. Валавы надой за 10 месяцаў дасягнуў 4636 тон, што на 259 тон больш мінулагодняга. Ад каровы атрымана 6412 кг малака (плюс 87 кг). На 14,6% больш здадзена яго вышэйшым гатункам. Якасць сыравіны – у полі зроку вытворцаў. Сярэднясутачная прывага цялушак дасягнула 725 грамаў.
Людзі – гэта асноўны капітал, на якім трымаецца гаспадарка. Сорак год аддала руплівай працы на адным месцы загадчыца малочнатаварнай фермы “Падбагонікі” Рэгіна Лашэвіч. Выйшла замуж за мясцовага хлопца і тым, як склалася жыццё, задаволена. Калектыў фермы падабраўся проста выдатны! Хаця і дояць кароў на малакапрова-дзе, поспехі радуюць. Сярэднясутачны надой тут 22 кілаграмы малака ад каровы – не горш, чым на многіх комплексах з сучасным абсталяваннем.
На малочнатаварным комплексе “Алекшыцы” таксама працуе зладжаны калектыў. Людзі тут сапраўды аб’яднаныя агульнай справай. Галоўны заатэхнік гаспадаркі Уладзімір Карытца мае стаж работы ўжо больш за два дзесяткі год. Разумее перавагу новых тэхналогій і разам з іншымі працаўнікамі стараецца, каб павышалася эфектыўнасць вытворчасці, рос дабрабыт лю-дзей. Вялікі вопыт і ў начальніка цэха раздою Аляксандра Фортэля. Стараюцца брыгадзір Алена Цівунчык, памочнік брыгадзіра Марына Альшэўская, аператары машыннага даення Галіна Качароўская, Марына Багірава, Марыя Данільчык, Ірына Ганчарова, даглядчык жывёлы Алег Карпуць.
Тэрыторыя комплекса па вырошчванню і адкорму буйной рагатай жывёлы пакідае самае лепшае ўражанне, тут шмат клумб з кветкамі, высаджаны туі.
Выдатна працуе ўвесь калектыў комплексу. Сярод іх Тамара Харытонава, якая будзе прадстаўляць наш раён на IV Усебеларускім народным сходзе. За 10 месяцаў у яе паказчык валавай прывагі на адкорме буйной рагатай жывёлы другога перыяду – 143 тоны. А на комплексе валавая прывага ў параўнанні з мінулагодняй узрасла на 26 тон.
Цікавы лёс у інжынера па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка Віктара Якімовіча. Алекшыцкі хлопец пасля Жыровіцкага саўгас-тэхнікума трапіў на тэрміновую службу ў Балтыйскі марфлот. На ваенным караблі абслугоўваў рухавік. Ад тых год засталіся ў яго самыя лепшыя ўспаміны. Бурнае мора, шум хваляў, паўночная прырода запомніліся назаўсёды. І загартоўку ў арміі атрымаў на ўсё жыццё. На свята прыязджалі да марака мама і сястра. Прыгожая яго форма, дысцыпліна, магутнасць флоту вельмі ўразілі тады жанчын.
Зараз Віктар Якімовіч увесь свой багаты вопыт аддае роднай гаспадарцы. Ганарыцца, што тут дагледжаная тэхніка, а яе нямала: энерганасычаныя два трактары “Джон Дзір”, “Маккормік”, два кормаўборачных камбайны “Джон Дзір”, два зернеўборачныя “Лексіён” і “Джон Дзір”, “Мега”, тры айчынныя “КЗС-1218”. “Хто жадае працаваць, зарабляе добра”, — гаворыць інжынер. Гонар яго — тое, што тэхніка эксплуатуецца граматна, беражліва.
Мужчыны ў СВК “Алекшыцы” нераўнадушныя да справы, стараюцца ўсё зрабіць, як мага лепш. Гэта брыгадзір Дзмітрый Пазняк, вадзіцелі Аляксандр Шалесны і Сяргей Аўдзітоўскі, механізатары Леанід Пацэнка, Казімір Антушэвіч, майстар-наладчык Міхаіл Ляшкевіч.
З-за абмежаванасці газетнай старонкі немагчыма пералічыць усіх тых працаўнікоў, хто сваёй напружанай плённай працай умацоўвае дабрабыт роднай гаспадаркі. Набліжаецца прафесійнае свята. Няхай прымнажаюцца здабыткі сельгаскааператыва, а кожнаму працаўніку спадарожнічаюць моцнае здароўе, удача, поспехі, добры настрой, дабрабыт, радасць і шчасце!

Падрыхтавала Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *