Калядаванне – адно з самых вясёлых абрадавых святаў, са сваімі звычаямі, песнямі, танцамі і гаданнямі. У яго нашы продкі ўкладвалі глыбокі сэнс: дзякавалі сілам прыроды за сабраны ўраджай, прасілі іх быць шчодрымі, спрыяльнымі і на наступны год, каб поўна было ў хаце, хляве і ў полі.
З цягам часу гэты абрад страціў сваю актуальнасць, у тым ліку і ў нашым аграгарадку Пагранічны. І вось мы – а гэта наш бацюшка, удзельнікі царкоўнага хору, бібліятэкары – вырашылі аднавіць даўнюю народную традыцыю. Выбралі абрадавыя песні, самастойна распрацавалі сцэнарый, размеркавалі ролі. І ўвечары 13 студзеня адправіліся ў госці да сваіх аднавяскоўцаў. Трэба сказаць, што нас, калядоўшчыкаў, сустракалі цёпла. Людзі, асабліва маленькія дзеці, з цікавасцю слухалі калядныя песні і з задавальненнем далучаліся да абрадавых дзеянняў. Многія прызнаваліся, што заўсёды на гэтае вялікае праваслаўнае свята чакалі ў хату Каляду, а таму вельмі прыемна, што калядоўшчыкі завіталі ў госці і падарылі сям’і шмат добрых пажаданняў на будучы год. Сустрэча новалецця па стараму стылю ў Пагранічным адбылася з добрым настроем і радаснай усмешкай – а гэта дае надзею, што год будзе ўдалым.
Надзея Кобрынец, бібліятэкар Пагранічнай
сельскай бібліятэкі