Творчасць Аксаны Паўтарак з Кватарскай школы

Лента новостей Человек и его дело

DSC01993У сучасным свеце, які хутка змяняецца, неабходна з ранняга ўзросту выхоўваць у дзіцяці пачуццё прыгожага, далучаць яго да мастацтва, да народнай культуры. Асаблівая ўвага павінна надзяляцца гэтаму ў час навучання ў школе. Добра, калі ўрокі выяўленчага мастацтва, працоўнага навучання выкладае чалавек нераўнадушны, творчы, улюбёны ў сваю справу. Менавіта такім чалавекам у нашай установе адукацыі з’яўляецца настаўніца пачатковых класаў Аксана Паўтарак.
Кожны ўрок выяўленчага мастацтва Аксаны Валянцінаўны ператвараецца ў сапраўдную майстэрню, дзе навучэнцам адкрываецца магчымасць для самавыражэння. Яна імкнецца абудзіць у кожнага дзіцяці фантазію і жаданне тварыць, выхоўвае мастацкі густ, вучыць бачыць вакол цудоўнае і незвычайнае.
На ўрокі працоўнага навучання вучні прыносяць свае «багацці» — пацеркі, ніткі, шматкі тканіны — і ствараюць маленькія шэдэўры. Пагадзіцеся, прыемна трымаць у руках рэч, якой няма ні ў кога, якая зроблена з любоўю і захоўвае цяпло чалавечых рук. Заняткі роспісам па шкле, вышыўкай, вязаннем кручком, пляценнем бісерам, дэкаратыўнай працай фарміруюць настойлівасць, цярпенне, акуратнасць у рабоце. Настаўніца многае робіць для таго, каб дзіцячыя рукі сталі ўмелымі. Тыя з вучняў, хто зацікавіўся рознымі відамі рукадзелля, працягваюць працу пасля ўрокаў.
Творы навучэнцаў і педагога ўпрыгожваюць сцены кабінетаў нашай школы. З вялікай радасцю школьнікі ўдзельнічаюць у конкурсах, упрыгожваюць хатні інтэр’ер, робяць падарункі сваімі рукамі.
На зімовых канікулах ва ўстанове адукацыі была арганізавана чарговая выстава дзіцячых работ «Свет маіх захапленняў», куды з ахвотай прыходзілі не толькі самі навучэнцы, але і бацькі. Можна з упэўненасцю сказаць, што наведвальнікі выставы атрымалі незабыўныя эмоцыі і натхненне.
Цяпер вучні разам са сваёй любімай настаўніцай рыхтуюцца да раённага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “ Добры дзень, мір!”. А колькі яшчэ цікавага і захапляльнага чакае іх напедадзе! Застаецца пажадаць, каб творчасць вучняў і самой Аксаны Валянцінаўны не ведала межаў.
Міраслава Ціхун, дырэктар
Кватарскага ясляў-сада-базавай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *