Дыпломы ІІ і ІІІ ступені прывезлі прадстаўнікі Бераставіччыны з абласнога агляду-конкурсу выканаўцаў размоўнага жанру, які адбыўся ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.
Конкурс гэты традыцыйны, праводзіцца раз у два гады, і нашы выканаўцы заўсёды вяртаюцца з абласнога цэнтра з узнагародамі. Так адбылося і на гэты раз. Выступленні бераставіцкіх артыстаў зноў былі адзначаны журы ў ліку лепшых.
У намінацыі “камедыйна-сатырычныя творы” юныя ўдзельніцы гуртка “майстэрства вядучага” РДК Іраіда Лысенкова, Алена Філюшкіна і Яна Дземчанка (мастацкі кіраўнік – рэжысёр аддзела па рабоце з моладдзю РДК Аляксандра Міцкевіч) занялі 2-е месца. Дзяўчынкі выканалі гумарыстычны твор “Скороговорочный рассказ” і пакарылі журы і гледачоў сваёй непасрэднасцю і арыгінальнасцю выканання. Скарагаворка – жартоўны жанр вуснай народнай творчасці, які вызначаецца складанасцю выканання, патрабуе ад артыста пэўнай маўленчай трэніроўкі. Дзяўчынкі не толькі справіліся з цяжкасцю вымаўлення, але зрабілі гэта артыстычна, па-сапраўднаму рассмяшылі залу. Дарэчы, мастацкі твор, які прадстаўлялі ўдзельніцы на конкурсе, нарадзіўся дзякуючы іх мастацкаму кіраўніку Аляксандры Міцкевіч, якая надала вядомым скарагаворкам адзіную сюжэтную лінію.
Яшчэ адна наша ўдзельніца абласнога агляду-конкурсу Кацярына Чорная з Малабераставіцкаяга ЦДК (мастацкі кіраўнік Любоў Валейка) стала ўладальніцай дыплома ІІІ ступені ў намінацыі “проза, інсцэніроўка празаічнага твора”. Юная артыстка выканала твор “Языкасты рэйс”, ды так лоўка завалодала аўдыторыяй, што журы гэта не магло не адзначыць.
Святлана Ганчарова, фота Віталія Масюка
На здымку: Іраіда Лысенкова, Алена Філюшкіна і Яна Дземчанка.