Да юбілею «Бераставіцкай газеты»

Лента новостей

Аб’ядноўвала любоў да журналістыкі

У час маёй вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя Леніна была папулярнай рамантычная песня пра журналістаў, якая ў 1960-х гадах даволі часта гучала ў выкананні Уладзіміра Трошына па радыё. А яшчэ часцей яе спявалі ў інтэрнацкіх пакоях. “Трое суток шагать, трое суток не спать ради нескольких строчек в газете: Если снова начать, я бы выбрал опять бесконечные хлопоты эти” – гэтыя радкі песні сталі сапраўдным гімнам журналістаў. Большасць журналістаў практыкавалася ў той час у “раёнках”, дзе за трое сутак можна было пешшу ўвесь раён абысці і ўдаўжыню, і ўпоперак.
14… У Гродзенскім абкаме партыі загадчык сектара друку, радыё і тэлебачання І. Багіно, якога мы ведалі па шматлікіх публікацыях у рэспубліканскім друку, доўга лістаў мае выразкі з газет, а потым прапанаваў на выбар 4 рэдакцыі: у Воранава, Іўе, Зэльве і Бераставіцы. Даведаўшыся, што я больш схільны да Бераставіцы (мая мама з вёскі Пяскі, усе яе родзічы жылі ў Масалянах, а сам я нарадзіўся непадалёку ў Гудзевічах) Іосіф Іванавіч заўважыў:
— У Бераставіцы працуюць таленавітыя журналісты, а газета на розных абласных і рэспубліканскіх конкурсах займае першыя месцы. Загадчык сельгасаддзела Ніна Абрамовіч – адна з лепшых у вобласці. Цікава і таленавіта пішуць Палікарп Абрамовіч і Марыя Шымавалос. І рэдактар там і патрабавальны, і ліберальны, і дэмакратычны.
20 жніўня 1976 года я з вялікім хваляваннем ішоў ад аўтастанцыі да рэдакцыі. Зайшоў у рэдакцыю, адчыніў дзверы ў першы кабінет, на якім была таблічка “Ніна Іванаўна Абрамовіч”. За сталом сядзела прывабная дзяўчына гадоў 25 і штосьці пісала.
— А Вы, напэўна, і ёсць Ніна Іванаўна Абрамовіч? – пытаюся.
Бачу, дзяўчына крыху збянтэжылася, а потым кажа: “Не, Ніна Іванаўна ў водпуску, а я Марыя Шымавалос – літаратурны супрацоўнік”. Забягаючы наперад, магу сказаць, што з Марыяй Уладзіміраўнай (цяпер Драпеза) у нас з самага пачатку склаліся прыязныя адносіны. Як мне падалося, яна была не вельмі ганарыстая і заўсёды, калі звяртаўся да яе з просьбай вычытаць і выправіць мой матэрыял, яна, нягледзячы на занятасць, ніколі не адмаўляла. Шчыра кажучы, Марыя Шымавалос і Палікарп Абрамовіч цудоўна ведалі беларускую мову, умела карысталіся ў матэрыялах яе хараством і вобразнасцю. У іх газетных публікацыях яна іскрылася ў размовах вясковых жыхароў, у аповедах пра вяскоўцаў, пра іх жыццё.
Наступнае знаёмства адбылося з рэдактарам Аляксандрам Андрэевічам Сухоцкім. Мы доўга з ім гутарылі аб жыцці, аб літаратуры і журналістыцы. Прыйшлося тлумачыць, чаму мне лепш падабаюцца вершы Бураўкіна чым Барадуліна, Роберта Раждзественскага чым Андрэя Вазнесенскага і чаму моладзі імпануе больш Еўтушэнка чым Твардоўскі. Як я потым зразумеў, гэта быў своеасаблівы тэст на веданне літаратуры і жыцця. Мне здаецца, што А.А. Сухоцкі быў добрым суддзёю, педагогам і дыпламатам, калі ўзнікалі творчыя спрэчкі паміж журналістамі.
У рэдакцыі па панядзелках праводзіліся лятучкі. Аналізаваліся матэрыялы за мінулы тыдзень, планавалі работу на бягучы. Іншы раз аналіз матэрыялаў калегамі перарастаў чуць не ў сварку. І вось тут браў слова рэдактар і ў крытыкуемым матэрыяле ён заўсёды знаходзіў штосьці добрае, адметнае, а потым пераходзіў і на крытыку. Словам, публікацыі абмяркоўваліся, вылучаліся лепшыя. Кожны нумар газеты супрацоўнікі прапускалі, як кажуць, праз сябе, кожны адчуваў сваю асабістую адказнасць за ўсе нашы матэрыялы, за ўсе здымкі.
Раз у паўгода або ў год пра­во­дзіліся сустрэчы журналістаў з членамі бюро райкама партыі. Ад імя бюро, як правіла, выступаў першы сакратар райкама М.М.Рыбак. Аналізуючы газету, і даволі такі прафесійна, ён іншы раз рабіў рэзкія “наскокі” на асобныя матэрыялы. І калі гэта было несправядліва, за журналістаў заступаўся А.А. Сухоцкі. Ад рэдакцыі патрабавалі больш даваць крытычных матэрыялаў, а ў пагоні за іх колькасцю іншы раз выпадаў з поля зроку кантроль за рэагаваннем на крытыку. Даставалася і за гэта.
Адказным сакратаром у рэ­дакцыі працаваў Віктар Шыцік. Журналісцкія рукапісы, надрукаваныя на машынцы, а іншы раз, калі хварэла машыністка, то напісаныя і ад рукі, клаліся на стол яму. Першыя мае матэрыялы мне прыходзілася дапрацоўваць часам па некалькі разоў. Адказнага сакратара не задавальнялі асобныя словы, сказы і нават цэлыя абзацы. Гэта спачатку крыўдзіла, іншы раз нават абурала, але ў гэтым была і добрая вучоба.
Сам Віктар Рыгоравіч прыдумаў сатырычны вугалок пад назвай “Язэп Пякучка”. У самой назве быў нейкі сімбіоз чалавека і крапівы. Часцяком сатырычныя заметкі пісаліся вершаваным гумарыстычным радком. Героі некаторых публікацый давалі свае тлумачэнні на бюро райкама партыі, на іх накладваліся партыйныя вымовы, а здаралася, што іх вызвалялі нават з працы.
Вялікімі майстрамі кароткай інфармацыі і матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці партыйных арганізацый і мясцовых Саветаў былі А.І.Кудлаш , У.І. Хонцар, У.І.Лук’яненка. Першы з іх быў весяльчак, які ведаў шмат жыццёвых гісторый і анекдотаў, а У.І.Хонцар  і У.І.Лук’яненка  былі  людзьмі  сур’ёзнымі, саліднымі і таксама з багатым жыццёвым вопытам.  У.І.Лук’яненка добра валодаў паэтычным словам, пісаў вершы.
Словам, усе мае калегі былі розныя па характару, па ўзросту, але ўсіх нас аб’ядноўвала адно – любоў да журналістыкі, павага да людзей, пра якіх пісалі, і якія чыталі напісанае, сапраўдная адказнасць за даручаную справу і жаданне, каб газету чыталі, чакалі і паважалі.
Мікалай Пацэнка

***

30 гадоў на пасадзе рэдактара

За плячамі Яўгена Болбата 38 гадоў журналісцкай працы, з іх цэлых 30 – на нялёгкай, клопатнай пасадзе рэдактара “Бераставіцкай газеты”. Да слова, рэдактараў з такім багатым стажам у нашай вобласці зной­дзецца нямнога. Свой шлях у журналістыку Яўген IMG_9440Уладзіміравіч пачынаў літаратурным работнікам у раённай газеце ў Свіслачы. Затым, пасля вучобы ў Мінскай вышэйшай партыйнай школе на аддзяленні журналістыкі, працаваў у свіслацкай газеце на пасадах загадчыка сельгасаддзела, намеснікам рэдактара.
Рэдактарам раённай газеты “За камунізм” у Бераставіцы Яўген Уладзі­мір­авіч стаў у 1980-м годзе. Узначальваць любы творчы калектыў, а тым больш калектыў перыядычнага выдання, для якога галоўнае – аператыўнасць і даставернасць адлюстравання жыцця – справа няпростая і досыць нялёгкая. Трэба, што называецца, пастаянна трымаць руку на пульсе часу, мець журналісцкае чуццё,

Я.У.Болбат узна­­га­роджвае пера­­можцаў лёгкаатлетынага кросу на прыз раён­най газеты.
Я.У.Болбат узна­­га­роджвае пера­­можцаў лёгкаатлетынага кросу на прыз раён­най газеты.

быць прадбачлівым, умець хутка знайсці выйсце ў самай складанай сітуацыі і прыняць правільнае рашэнне. Да таго ж рэдактарства Яўгена Уладзіміравіча прыпала на няпросты для краіны і газеты час. На пераломе эпох журналістамі шукаліся новыя шляхі і формы адлюстравання тагачаснага няпростага і падчас супярэчлівага жыцця.
Мяняліся не толькі традыцыйныя падыходы да журналісцкай работы, але і ўкараняліся новыя тэхналогіі. Менавіта пры Яўгене Уладзіміравічы адбыліся кардынальныя змены ў працэсе стварэння і друку “раёнкі”. У 1997 годзе адбыўся пераход рэдакцый на камп’ютарны набор і вёрстку газетных палос. Паступова быў камп’ютарызаваны амаль увесь газет­ны працэс. “Бера­ставіцкая газета” кардынальна змяніла сваё аблічча, стала выходзіць большым аб’ёмам – на 8 старонках 2 разы на тыдзень. Больш увагі стала надавацца не толькі зместу, але і дызайну газеты.
Марыя Драпеза

***

Унеслі свой уклад у агульную справу

Журналісцкая прафесія багатая на сустрэчы і знаёмствы, якія часта перарастаюць у шчырыя сяброўскія адносіны. Гэта датычыцца і

Іван Руткоўскі
Іван Руткоўскі

герояў будучых артыкулаў, і людзей, якім па доўгу службы даводзіцца супрацоўнічаць з намі, і, асабліва,тых, хто ў розныя часы працаваў у рэдакцыі. За сямнаццаць гадоў, што працую ў «раёнцы», наша ўстанова стала адпраўной кропкай для шэрагу маладых і творчых спецыялістаў. Тут яны атрымлівалі і свой першы вопыт у прафесійнай дзейнасці, а таксама, што немалаважна, вучыліся будаваць свае ўзаемаадносіны ў працоўным калектыве, знаходзіць шляхі гарманічнага суіснавання і ўзаемапаразумення ў далёка няпростым у эмацыянальным плане асяродку творчых людзей. Мы як маглі аберагалі іх юнацкую непасрэднасць, часта не звяртаючы ўвагі на праяўленні характару і слёзы незадавальнення, цярпліва выпраўлялі памылкі, падштурхоўвалі іх да ўвасаблення самастойных ідэй і праектаў. Кожны з нас і сам калісьці рабіў свой першы крок у прафесію і добра памятае няўпэўненасць ва ўласных здольнасцях, страх не справіцца з заданнем. Я заўсёды з удзячнасцю ўспамінаю, з якой адкрытасцю і цеплынёй мяне ў свой час сустрэлі ў калектыве рэдакцыі. Рэдактар Яўген Уладзіміравіч Болбат, журналісты Ніна Іванаўна Абрамовіч і Марыя Уладзіміраўна Драпеза, фотакарэспандэнт Фёдар Уладзіміравіч Арэшкін сталі для мяне добрымі дарадчыкамі і настаўнікамі ў прафесіі. Іх парадамі я карыстаюся і сёння. А на першых маіх кроках у якасці карэспандэнта «раёнкі» кожная падказка гэтых сапраўдных прафесіяналаў

Сяргей Конік
Сяргей Конік

журналісцкай справы была для мяне важнай як само паветра.
Адаптавацца ў калектыве мне вельмі дапамог і карэспандэнт Іван Руткоўскі. Івана, на вялікі жаль, ужо няма разам з намі. Ён пайшоў з жыцця маладым, так і не рэалізаваўшы ў поўнай ступені свае творчыя здольнасці. Амаль мой равеснік, ён стаў для мяне правадніком у бурлівае журналісцкае жыццё, дапамог адаптавацца ў калектыве, і я адразу з ім пасябравала. Дабрадушны, абсалютна незлапамятны чалавек, безнадзейны рамантык, ён пісаў вершы, а яго матэрыялы аб надзённых падзеях заўсёды вызначаліся шматлікімі лірычнымі адступленнямі. Іван Руткоўскі працаваў у «Гомельскай праўдзе», выпускаў там спартыўную тэматычную старонку. Яго добра ведалі бераставічане і сельскія жыхары як музейнага супрацоўніка, які аб’ездзіў увесь раён у пошуках экспанатаў.
Загадчыкам аддзела радыёінфармацыі некалькі гадоў працаваў Сяргей Конік. Ён таксама пайшоў з жыцця, так рана і так несправядліва. Але за сваё кароткае жыццё гэты юнак са светлай душой і неардынарным мысленнем здолеў увасобіць нямала творчых задумак. І не толькі на раённым радыё і ў газеце, але і ў стварэнні замыславатых скульптур з паперы, выкананых у тэхніцы арыгамі. Творы яго загадкавыя, вобразы нерэальныя, фантастычныя, нават містычныя, незямныя. Бераставічане, напэўна ж, памятаюць выставу работ Сяргея Коніка, нала­джаную ў фае РДК падчас святкавання 500-годдзя Вялікай Бераставіцы. Ён

Вольга Лойка
Вольга Лойка

выстаўляўся і ў Гродне, і ў Мінску. Пра Сяргея нават знялі дакументальны фільм. А мы былі сведкамі яго першых спроб у гэтым відзе мастацтва. І ўсе яго любілі. Яго нельга было не любіць. Сяргей заўсёды з намі, у нашых сэрцах. Ён спрабаваў сябе і ў розных іншых рэчах, напрыклад, у фаер-шоу. Напэўна, шмат яшчэ чаго стварыў бы ў сваім жыцці…

Вікторыя Дзержановіч
Вікторыя Дзержановіч

У аддзеле радыёінфар­мацыі некалькі год працавала Вольга Лойка. Вельмі таленавітая і вельмі прыгожая дзяў­чына. І настолькі ж крытычны да сябе чалавек. Думаю, многія памятаюць яе прыемны голас. Радыёперадачы, якія вяла Вольга, вызначаліся эмацыянальнасцю і жывой непасрэднасцю. Яна першая паспрабавала запісваць тэлефонныя размовы з радыёслухачамі і выкарыстоўваць іх у сваіх праграмах. Пісала і ў газету. Потым Вольга працавала на радыё “Сталіца” ў Мінску, у сталічнай «Строительной газете», у шэрагу выдавецтваў. Яна – цудоўны фатограф. Выставы фотаработ Вольгі атрымалі высокую адзнаку беларускіх і міжнародных эскпертаў гэтай сферы дзейнасці. Яна неаднойчы займала прызавыя месцы ў рэспубліканскіх фотаконкурсах. Цяпер Вольга Лойка працуе ў Маскве спецыялістам

Вольга Болбат
Вольга Болбат

па сувязям з грамадскасцю карпарыцыі “Галактыка”.

Анастасія Лешанюк
Анастасія Лешанюк

Нашы дзяўчаты – карэспандэнты Вольга Болбат, Вікторыя Фядотава, Вікторыя Дзержановіч,

Вікторыя Фядотава
Вікторыя Фядотава

Анастасія Лешанюк пакінулі свой адметны след і ўнеслі ў працэс стварэння газеты свежую струю. Іх матэрыялы адрозніваліся навізной і смеласцю падачы, уласным стылем напісання. Нам не хапае іх маладога запалу і энергіі. Але мы рады, што праца ў «раёнцы» стала для дзяўчат своеасаблівай стартавай пляцоўкай. Вольга Болбат пайшла ад нас на тэлеканал «Гродна+». Вікторыя Фядотава – у «Міліцэйскі веснік». Вікторыя Дзер­жановіч – у «Вячэрні Мінск». Анастасія Лешанюк працуе інспектарам на Гродзенскай мытні. Але, ведаючы «журналісцкае мінулае» дзяўчыны, начальства давярае ёй напісанне артыкулаў у галіновае выданне.
Толькі цёплыя словы можна выказаць і ў адрас былых карэктараў Дзмітрыя Скапца, які і сёння як супрацоўнік РАНС трымае з намі сувязь, Галіны Уладзіміраўны Бозыр, Ірыны Аркадзьеўны Болбат, Аляксандра Мікалаевіча Галавача, рэдактараў тэхнічных Алега Сідаркевіча і Андрэя Пашко і іншых.
Кожны з гэтых людзей, няхай і ў рознай ступені, але таксама ўнёс свой уклад у агульную справу стварэння “раёнкі”.
Загадчыца аддзела пісьмаў
Святлана Ганчарова

***

“Ганаруся, што мела дачыненне да стварэння “раёнкі”

Асабіста для мяне “раёнка” – не проста газета, а ўсё маё працоўнае жыццё. Пачала працаваць у рэдакцыі карэспандэнтам сельгасаддзела ў верасні 1973 года. Выданне тады насіла назву “За камунізм”. І выдавалася яно ў мясцовай друкарні – у тую пару, дарэчы, рэдакцыя і друкарня былі адной установай. Сёння, з удзячнасцю хочацца ўспомніць тых, хто ўручную – у літаральным сэнсе слова сваімі рукамі – пераўтвараў нашы журналісцкія тэксты ў газетныя старонкі. Гэта лінатыпісты Данута і Міхаіл Карчэўскія, Зінаіда 02Хілюта і Алена Нікан, наборшчыца Ганна Барадаўка, друкары Віктар Фёдараў, Яўген Станкевіч, Васіль Мацейка, Васіль Хілюта, Уладзімір Мазола.
І напярэдадні 70-годдзя роднай газеты прапанавала Зінаідзе Хілюце і Ганне Барадаўка ўспомніць, як яны пачыналі працаваць на Бераставіччыне, як ўдельнічалі ў стварэнні “раёнкі”.
Ганна Мікалаеўна Барадаўка:
– Я вучылася ў Мінску ў паліграфічным вучылішчы. Практыку праходзіла ў Бераставіцкай друкарні, сюды мяне і запрасілі на пастаянную працу. Мне вельмі спадабаўся і мясцовы калектыў, і сам гарадскі пасёлак, таму пасля заканчэння вучылішча ў 1971 годзе прыехала працаваць у друкарню. Спачатку была наборшчыцай ручнога набору самай рознай паліграфічнай прадукцыі, а ў 1973 годзе мне даверылі такі адказны ўчастак, як вёрстка газеты. Муж і жонка Данута і Міхаіл Карчэўскія набіралі на двух лінатыпах журналісцкія матэрыялы, якія папярэдне друкавалі на машынцы Ніна Зданчук, потым Ірына Чучва. Я ўручную набірала загалоўкі і, адбіваючы матэрыялы патрэбнымі лінейкамі, у неабходным парадку расстаўляла іх на будучай паласе. Тут жа, у друкарні, на цынкавых пласцінках з фотаздымкаў фотакарэспандэнтаў рэдакцыі – спачатку Генадзя Марэцкага, а потым Фёдара Арэшкіна – нарэзваліся клішэ будучых здымкаў. Як і матэрыялы, клішэ таксама размяшчала ў адпаведных месцах на паласе, якія былі абазначаны ў макеце. А рыхтаваў макеты, скрупулёзна падбіраючы да матэрыялаў шрыфты і строга падлічваючы кожную літару, кожны радок адказны сакратар рэдакцыі Віктар Шыцік. З ім мы працавалі, што называецца, “в одной упряжке” – кожны нумар вярстаўся пад яго пільным наглядам. Водціскі палос я прыносіла ў кабінет карэктара Ніны Міхайлаўны Лук’яненка, якая ўважліва іх чытала, выпраўляла памылкі і аддавала на праўку лінатыпістам. І толькі пасля таго, як рэдактар Аляксандр Андрэевіч Сухоцкі – а з 161980-га года Яўген Уладзіміравіч Болбат – падпісвалі ўжо заключаны ў друкарскім станку нумар “у свет”, у работу ўключаліся друкары. Так вярсталася газета. І работа гэтая была няпростай, патрабавала нямала часу і пільнасці.
Зінаіда Аркадзьеўна Хілюта:
– Так, часу і пільнасці, а лінатыпіст павінен быў мець і багата цярпення, каб з дня ў дзень набіраць радкі, яшчэ і яшчэ раз выпраўляць памылкі. Здаралася, што станок уключаўся толькі пад раніцу – чакалі, да прыкладу, аператыўных матэрыялаў ТАСС, або псаваўся лінатып ці станок і выклікалі майстра са Слоніма, а потым ужо працавалі ўсю ноч.
І я, як і Ганна Мікалаеўна, таксама прыйшла працаваць у Бераставіцкую друкарню пасля заканчэння Мінскага паліграфічнага вучы­лішча. Гэта быў 1975-ы год. Як аказалася, тут мяне чакаў мой лёс: друкаром працаваў будучы муж Васіль. Асноўнай маёй работай на лінатыпе быў набор тэкстаў для раённай газеты. Яна выходзіла тады на чатырох старонках тры разы на ты­дзень: у аўторак, чацвер і суботу. Асабліва напружаным быў панядзелак, бо ў гэты дзень даводзілася набіраць увесь нумар за выключэннем тэлевізійнай праграмы, якую набіралі – таксама на лінатыпе – у пятніцу пасля абеду. Што такое лінатып? Цяпер пра гэта ўжо мала хто і ведае, бо даўно ўжо газета ствараецца з дапамогай новых тэхналогій. А лінатып – машына, на якой набіраліся і адліваліся радкі тэксту, для чаго выкарыстоўваўся дастаткова шкодны для здароўя сплаў са свінцу, сурмы і волава. Выкарыстаныя радкі паўторна расплаўляліся ў спецыяльнай плавілцы пры высокай тэмпературы. У выглядзе “чушкі” яны зноў траплялі ў лінатып для набору, дзе падтрымлівалася 360-градусная тэмпература.
Набраныя мною і другой лінатыпісткай, Аленай Нікан, гранкі забірала ў наборны цэх Ганна Мікалаеўна, дзе і вярстала палосы газеты.
Ганна Мікалаеўна Барадаўка:
– “Раёнцы” споўнілася 70 гадоў. Цудоўны юбілей! Ганаруся, што некалі мела дачыненне да яе стварэння. Усё жыццё чытаю любімую газету, а аднойчы як падпісчык атрымала нават прыз ад яе. Жадаю сённяшнім супрацоўнікам рэдакцыі добрага здароўя, шчасця і новых творчых знаходак!
Зінаіда Аркадзьеўна Хілюта:
– Набіраць газету на лінатыпе я пачала 18-гадовай дзяўчынкай і аддала гэтай справе нямала гадоў. Удзячна лёсу за прафесію, якая 18дала мне магчымасць працаваць з людзьмі творчымі і даносіць іх журналісцкае слова да чытачоў. З юбілеем газеты вас, журналісты Бераставіччыны! Моцнага ўсім здароўя і поспехаў на творчай ніве!
На здымках: тагачасныя супрацоўнікі рэдакцыі і друкарні падчас суботніка. Злева направа: у першым радзе – наборшчыцы друкарні Ірына Сідаркевіч і Соф’я Радзевіч, карэспандэнт газеты Надзея Коласава, друкар друкарні Віктар Фёдараў; у другім радзе – наборшчыца друкарні Вера Цівунчык, карэспандэнт раённага радыё Анатоль Качан, рэдактар газеты Аляксандр Сухоцкі, вадзіцель рэдакцыі Васіль Жыўлюк, прыбіральшчыца рэдакцыі Алена Чэлікава; у трэцім радзе – карэспандэнт сельгасаддзела Сяргей Курыла, наборшчыца друкарні Ганна Барадаўка, машыністка рэдакцыі Ніна Зданчук,  намеснік рэдактара Уладзімір Хонцар, лінатыпісты друкарні Данута і Міхаіл Карчэўскія, карэктар рэдакцыі Ніна Лук’яненка і адказны сакратар рэдакцыі Віктар Шыцік. 1972 год. Здымак фотакарэспандэнта рэдакцыі Генадзя Марэцкага.
Ганна Барадаўка з падшыўкай газет, якія калісьці сама вярстала;
Зінаіда Хілюта за лінатыпам (1975 год);
Марыя Драпеза, загадчык аддзела сацыяльных праблем рэдакцыі

***

Чароўнасць журналісцкай прафесіі

Мой штодзённы шлях у Вялікабераставіцкую школу, якая тады змяшчалася ў старых будынках каля аўтастанцыі, пралягаў па вуліцы Савецкай каля рэдакцыі раённай газеты з гучнай назвай “За камунізм”. Для мяне ўсё тут было як роднае, таму што тут працавалі мае тата і мама.
Аднак заходзіць да іх на працу, напрыклад, пасля заняткаў у школе, нават калі хацелася аб нечым спытацца, не магла, саромелася. Пераступіць такі парог было няпроста, ён быццам вёў у храм. А як трымала дома ў руках газету і ўжо нават умела трохі яе чытаць, з’яўвілася новае асаблівае пачуццё — адчуванне значнасці таго нялёгкага занятку, які даваў маім бацькам “хлеб надзённы”.
А потым, калі вучылася ўжо ў шостым класе, і вірлівае жыццё часам падкідвала неардынарныя выпадкі, бацька казаў: “Напішы!” Я і 17паспрабавала пісаць, вырваўшы аркуш са сшытка, і памятаю яго цікаўныя вочы і вокліч: “О, давай!” А калі потым упершыню ўбачыла сваё імя і прозвішча пад невялічкай заметкай у раённай газеце, дык наглядзецца не магла, цішком дастаючы яе з паліцы некалькі разоў на дзень.
Пра выбар прафесіі пасля сярэдняй школы ўжо і гутаркі не вялося. У нашай сям’і ўсе любілі чытаць, і гэтая найлепшая ў свеце звычка сапраўды вызначыла лёс. Ведала, што як і бацькі ў свой час, пайду шукаць новы храм – БДУ. Гэта асяродак творчай інтэлігенцыі краіны, і не толькі. І хаця падаць дакументы на факультэт журналістыкі не рашылася, таму што ён быў адзіны на ўсю рэспубліку, замена яму знайшлася дастойная – філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта.
Адных моў там вывучалася нямала. Трэба было дасканала вучыць лацінскую, стараславянскую, беларускую, рускую, нямецкую, а колькі было спецпрадметаў! Палёгкі не было – нашы строгія выкладчыкі бачылі нас наскрозь. Памятаю, перад многімі экзаменамі мы з дзяўчатамі наогул не клаліся спаць. А вось літаратура была моцным захапленнем, сапраўднай жарсцю, гарачай любоўю на ўсё жыццё. Айчынная, руская, замежная, ад старажытнасці да сучаснасці, яна клікала ў дзівоснае падарожжа з таямнічымі сюрпрызамі, сагравала сэрца. А побач былі аднадумцы – паважаныя выкладчыкі і нераўнадушныя студэнты, апантаныя цікаўнасцю даследчыка і згуртаваныя радасцю першаадкрывальніка. Памятаю, як за добрай кнігай адразу стваралася чарга, а ў студэнтаў загараліся вочы.
Шчасце філолага ў тым, што ён можа паклікаць вучняў у гэты дзівосны свет. А шчасце журналіста ў тым, што ён можа пісаць. У 1997 годзе я пераступіла парог рэдакцыі “раёнкі” зноў.
Якія яны былі, гэтыя гады? Розныя, часам кантрасныя, але аб’ядноўвае іх адно – маўклівая радасць, калі матэрыял атрым­ліваецца неардынарны. А верныя адзнакі гэтага — ціхі шэпт інтуіцыі ў душы пра сваю чарговую маленькую вышыню, і калі знаёмыя, якіх так шмат сустракаецца ў нашым невялікім пасёлку, шчыра хваляць: “Добра напісала!” І за спіной быццам вырастаюць нябачныя лёгкія крылы.
У паездках па Бераставіччыне сустракаюся з ветэранамі працы. Прадстаўлюся, а чалавек адразу жыва рэагуе:
— Палікарпаўна? Дык я ж ведаю Вашага бацьку!
— Тата памёр.
— О! Дык яшчэ ж малады быў! Як шкада! Які харошы, добры чалавек…
Майго добрага цудоўнага таты, пачынальніка нашай сціплай дынастыі, няма побач з намі. Але кожны раз, калі здараецца выязджаць у раён, па дарозе каля могілак на ўскрайку Бераставіцы да герояў маіх будучых матэрыялаў, узброеная блакнотам і фотаапаратам, нячутна кажу яму ў думках: “Дзякуй, што даў мне ў рукі хлеб!”
Прашу Бога, каб даў доўгае жыццё маёй чулай маме. З малых гадоў памятаю яе ў вольную хвіліну з добрай кнігай, што благаславёным зернем назаўсёды запала ў душу, дало асалоду жыць і жыць творча, з чароўнай прафесіяй, імя якой – журналістыка.
Ніна Наддэ

***

11Летапіс – у здымках
Не было, бадай, у раёне чалавека, які б не ведаў фотакарэспандэнта Фёдара Арэшкіна. З нязменным кофрам для фотаапарата ён з’яўляўся на палях і фермах, на будаўнічых аб’ектах і ў вытворчых цэхах, на канцэртах і выставах… Ні адна значная падзея ў раёне не адбывалася без удзелу фотакора Фёдара Арэшкіна. На працягу амаль трыццаці гадоў Фёдар Уладзіміравіч адлюстроўваў праз аб’ектыў свайго фотаапарата жыццё Бераставіччыны. Героі яго здымкаў – нашы землякі ў працоўныя будні і ў святы. І ўклад супрацоўніка газеты Фёдара Арэшкіна ў напісанне летапісу Бераставіччыны немагчыма пераацаніць.
Марыя Драпеза

***

Слова нашым чытачам

IMG_1672 1Сямён Іванавіч Шурба:

— Раённую газету я выпісваю з 1953 года. За гэты час вельмі многа змянілася ў нашым жыцці, і ўсе гэтыя перамены знаходзілі сваё адлюстраванне на старонках газеты. Газета заўсёды была аб’ектыўным інфарматарам, дарадчыкам, надзейным сябрам. Разам з ёю ўзводзіліся новабудоўлі, мяняўся воблік нашых населеных пунктаў, мацнела эканоміка прамысловых і сельскагаспадарчых арганізацый.
Газета інфармавала і інфармуе зараз не толькі аб дзейнасці мясцовых органаў улады, але і аб тым, што адбываецца ў краіне. Асабліва гэта было важна ў пачатку другой паловы мінулага стагоддзя, калі і радыё было не ўсюды, а пра тэлебачанне яшчэ тады нават і не марылі.
Разам з газетаю мы запускалі касмічныя караблі і сустракалі нашых касманаўтаў. Выконвалі рашэнні партыйных з’ездаў, рыхтаваліся да іх.
Нарэшце, раённая газета – гэта самы надзейны летапісец гісторыі Бераставіччыны. Праходзяць годы, многае забываецца, і толькі на старонках пажаўцеўшых ад даўнасці газет гісторыя ажывае зноў. З юбілеем вас, шаноўныя сябры!

***

13Уладзімір Філон, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама

Колькі часу жыву на Бераставіччыне, столькі і выпісваю “Бераставіцкую газету”. Бо яна адлюстроўвае ўсе значныя падзеі, якія адбываюцца ў раёне, расказвае пра справы працоўных калектываў, што мне па роду маёй дзейнасці вельмі карысна ведаць. Люблю чытаць у газеце расказы пра людзей, цікавыя матэрыялы з гісторыі мясцовага краю. На старонках выдання часта змяшчаюцца адказы на злабадзённыя пытанні, якія задаюць газеце чытачы.
Мне прыемна і самому з’яўляцца аўтарам газеты. Ужо больш як дзесяць гадоў у ёй друкуецца старонка “Труд и социальная защита”, і я стараюся ў кожным яе выпуску адказваць на пытанні чытачоў.
Віншую супрацоўнікаў з выпадку 70-годдзя раённай газеты. Жадаю ўсім моцнага здароўя, асабістага шчасця, вострага пяра і паболей злабадзённых і крытычных матэрыялаў.

***

Алена Сілкова, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі:

12Паважаны калектыў нашай раённай газеты! Прыміце самыя шчырыя словы віншавання з такім цудоўным юбілеем “раёнкі” ад раённага савета ветэранаў.
Кожны раз з цікавасцю чакаем свежы нумар газеты. Цікавыя і змястоўныя матэрыялы, неабходная разнастайная інфармацыя, добрае дызайнерскае афармленне з’яўляецца характэрным для “Бераставіцкай газеты”.
Мы актыўна супрацоўнічаем з рэдакцыяй, таму небеспадстаўна сцвярджаем, что тут працуе творчы, ініцыятыўны, энергічны калектыў журналістаў на чале з галоўным рэдактарам З.В.Самковай.
Поспехаў вам у працы, здзяйсненняў задуманага і вялікага тыражу выдання!

 

***

Святлана Пракопік:

Держу в руках любимую газету.
IMG_5398Она для многих словно верный
друг,
Приходит с почтой в дом зимой
и летом,
Чтоб оживить и скрасить наш
досуг.
Про новости последние
расскажет,
Возможно, рассмешит и удивит.
Немногословно, но о самом
важном,
Заботу и вниманье проявит.

Держу в руках районную газету.
Сегодня день рожденья у нее.
Дитя военных лет, как лучик
света
Несла предназначение свое.
Росла, училась, людям
помогала,
Своих особо не считая лет.
И как-то незаметно возмужала
Рожденная как вестница побед.

Держу «Бераставіцкую газету»,
Мы вместе с нею нашу явь
творим.
Сотрудников, селькоров и
поэтов
Объединила под крылом своим.
Менялись исполнители и
судьбы,
Нелегкие достались времена.
Она всегда верна душою людям
И их заботами всегда полна.

Тебе, «Бераставіцкая газета”,
Приумножать читателей-друзей,
Прекрасных фото, трепетных
заметок,
И чтоб столетний встретить
юбилей!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *