Слова рэдактару

Актуально Лента новостей

Бягуць гады за гадамі. Вось і раённаму выданню ўжо 70. Узрост паважаны і аўтарытэтны. Амаль як жыццё чалавека…
Вялікі шлях прайшла газета за гэты час. Яна мяняла сваё аблічча, назву, аб’ём, паліграфічнае выкананне, тэматыку публікацый. У ёй прайшлі школу прафесійнага майстэрства нямала журналістаў, але заўсёды нязменным было і застаецца яе прызначэнне – інфармаваць насельніцтва аб тым, што адбываецца ў краіне, вобласці, раёне, заахвочваць людзей да здзяйснення добрых спраў і ўчынкаў, выхоўваць пачуццё патрыятызму, расказваць пра змены і пачынанні.
SamkovaІ мы пішам. Паведамляем навіны, расказваем пра поспехі. Наша работа – звычайная служба на карысць грамадству, для чалавека.
Дзесяцігоддзі выжаўцілі газетныя старонкі, састарылі паперу, але цвёрда і непахісна глядзяць з гэтых старонак скупыя радкі. Кожны нумар – гісторыя краіны, вобласці, раёна. Ва ўсіх – агульная, у кожнага — свая. У гэтых старонках – наша гісторыя, лёсы тысяч людзей. У гэтых няхітрых радках жыццё дзядоў, маладосць нашых бацькоў, наша мінулае і сучаснае.
Сем дзесяцігоддзяў у дыялогу з чытачамі – зайздросны лёс для газеты.
Першы нумар раённай газеты выйшаў у свет у жніўні 1944 года пад назвай “Знамя Советов”. Першапачатковыя тыражы яе былі менш за паўтысячы экземпляраў. З 1967 года раённая газета стала называцца “За камунізм”, а з 1991 года — “Бераставіцкая газета”.
Газета – дзённік жыцця бераставічан. У нашай “раёнцы”, як у люстэрку, адлюстроўваецца ўсё, што адбываецца побач з намі. Мы можам убачыць у ёй сябе, наша жыццё, дасягненні і недахопы, набыткі і страты. Тут мы можам выказаць сваё меркаванне.
У вялікай колькасці сродкаў масавай інфармацыі, у разнастайнасці выданняў бераставічане асабліва выдзяляюць сваю раённую газету. Яна не шукае секунднай славы, не ганяецца за сенсацыямі, а расказвае пра жыццё звычайных людзей, якія жывуць на роднай бераставіцкай зямлі. Газета заваявала аўтарытэт і прызнанне ў шырокай аўдыторыі чытатоў Бераставіцкага раёна, стала важнай крыніцай інфармавання і асвятлення праблем сучаснага грамадства.
Гэтую жыццеўстойлівасць прыдалі газеце вы, дарагія нашы чытачы, даказваючы сваю вернасць “раёнцы” ў падпісную кампанію. Тыраж газеты пацвярджае: яна патрэбна, яе чытаюць!
“Бераставіцкая газета” крочыць у нагу з часам. Адкрыццё сайта газеты дазволіла нашым землякам, якія жывуць па-за межамі раёна, і тым, каму зручней віртуальная прастора, заставацца побач з раённым выданнем, быць у курсе ўсіх падзей, чытаць навіны і пакідаць каментарыі. Я ўпэўнена, што і ў далейшым рэдакцыя нашай раённай газеты будзе развіваць інфармацыйную сетку раёна. Актыўна праводзіць дзяржаўную палітыку і садзейнічаць фарміраванню духоўных каштоўнасцей і светапогляду людзей.
Вядома, немагчыма ўявіць газету без актыўнай падтрымкі кіраўніцтва раёна, кіраўнікоў усіх форм уласнасці, нашых верных падпісчыкаў. Дзякуй усім!
І, вядома ж, я, як кіраўнік, удзячна калектыву, які стаў для мяне родным – усім яго супрацоўнікам. Без іх, незаменных, проста немагчыма ўявіць падрыхтоўку і выпуск газеты. Сорак адзін год працоўнага стажу мае наш самы вопытны журналіст — загадчык аддзела сацыяльных праблем Марыя Драпеза. Вялікі стаж работы ў рэдактароў тэхнічных Галіны Сазанковай і Людмілы Мартус, загадчыкаў аддзелаў эканомікі і пісем Ніны Наддэ і Святланы Ганчаровай. На працягу ўжо 10 гадоў жыхары Бераставіччыны слухаюць прыемны голас рэдактара радыёпраграмы “Навіны Бераставіччыны” Алёны Рыжко. Больш за пяць гадоў працуюць у рэдакцыі адказны сакратар Сяргей Хілюта, карэспандэнт Ірына Міклаш.
У гэты святочны дзень хочацца адзначыць нашых ветэранаў: Яўгена Болбата, Ніну Абрамовіч, Фёдара Арэшкіна, Ірыну Болбат, Соф’ю Канецкую і многіх іншых былых супрацоўнікаў і пазаштатных аўтараў.
Нам — 70! Але для газеты гэта не ўзрост. Мы будзем набірацца мудрасці і майстэрства, імкнуцца да новых дасягненняў, каб “Бераставіцкая газета” і надалей працягвала жыць і радаваць нашых чытачоў.
Усім, хто мае дачыненне да працэсу выпуску газеты, нізкі паклон і шчырая ўдзячнасць! З юбілеем!
Зінаіда Самкова, галоўны рэдактар



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *