Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню маці, сабрала 14 кастрычніка ў зале раённага Дома культуры прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва – нашых дарагіх матуль і бабуль.
З нагоды свята работнікамі культуры і самадзейнымі артыстамі Бераставіччыны быў падрыхтаваны цудоўны канцэрт, у час якога разам з песнямі прагучала шмат слоў павагі і ўдзячнасці жанчыне-маці за яе высакародную місію па нараджэнні і выхаванні дзяцей.
З прывітальным словам да жанчын, якія сабраліся ў зале, звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык. Міхаіл Віктаравіч падзякаваў усім жанчынам за дабрыню, цярпенне, любоў, якімі яны адорваюць сваіх блізкіх, за захаванне сямейнага ачага. Асаблівыя словы ўдзячнасці ён перадаў тым маці, якія ўзялі на выхаванне прыёмных дзяцей.
Прачуленыя словы вядучых мерапрыемства і яркія, запамінальныя канцэртныя нумары стварылі ў зале па-сапраўднаму святочную і ўзнёслую атмасферу.
А яшчэ да пачатку канцэртнай праграмы святочны настрой жанчынам падарылі і валанцёры атрада “Добрае сэрца” Вялікабераставіцкай сярэдняй школы, якія на ўваходзе ў раённы Дом культуры правялі акцыю “Падары сваё сэрца маме”. Яны сустракалі жанчын цёплымі віншавальнымі словамі і ўручалі зробленыя сваімі рукамі сэрцайкі-паштоўкі.
Яшчэ адным падарункам для жанчын стала выстава творчых работ навучэнцаў мастацкага аддзялення Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў “Мой падарунак для матулі”, якая размясцілася ў фае РДК. Створаныя дзіцячымі рукамі карціны выклікалі шчырае захапленне ў прысутных мам і бабуль, многія з іх знайшлі тут работы сваіх уласных дзяцей і ўнукаў. Выстава прыцягвала ўвагу наведвальнікаў як перад пачаткам канцэртнай праграмы, так і пасля завяршэння мерапрыемства.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтра