Любімая справа – сямейная справа

Актуально Культура Человек и его дело

IMG_0259Заўтра сваё прафесійнае свята адзначаць тыя, хто звычайна дорыць свята ўсім нам, хто захоўвае і памнажае культурную спадчыну, вучыць нас разумець і цаніць прыгожае, умее расквеціць самы шэры дзень сваім яркім талентам.
Дзякуючы гэтым творчым, натхнёным і апантаным сваёй справай людзям, наша нацыянальная культура жыве і працягваецца ў традыцыях, народнай творчасці, мастацтве.

Ужо больш за дваццаць гадоў аддала любімай справе дырэктар Макараўскага Дома нацыянальных культур Вікторыя Бажко. Пачынала тут акампаніятарам, была мастацкім кіраўніком, потым узначаліла ўстанову культуры.
З мая гэтага года разам з ёй акампаніятарам працуе і сын Антон, які таксама вырашыў рэалізаваць сябе ў творчасці і галіне культуры.
Пасля школы Антон паступіў у аграрны ўніверсітэт і цяпер яшчэ завочна вучыцца на чацвёртым курсе. Але цяга да музыкі, песні, сцэны аказалася мацнейшай, і юнак усё-такі вырашыў, што пасля заканчэння аграрнага ўніверсітэта будзе паступаць у інстытут культуры. А пакуль што ён разам з маці працуе над тым, каб Дом нацыянальных культур у Макараўцах быў сапраўдным асяродкам культуры і месцам, дзе збіраюцца такія ж аматары творчасці, якія імкнуцца стварыць цікавае і насычанае рознымі мерапрыемствамі жыццё не толькі для сябе, але і для аднавяскоўцаў.
Вікторыя Антонаўна расказала, што пры Макараўскім Доме нацыянальных культур дзейнічаюць разнастайныя клубныя фарміраванні, разлічаныя як на дзяцей, так і на дарослых.
Гэта і гурткі сольных спеваў, і вакальна-харавы калектыў “Вясёлыя званочкі”, і жаночая вакальная група “Альтанка”, і народны ансамбль польскай песні “Стокроткі”. Працуе таксама дзіцячы гурток мастацкага чытання, якім кіруе бібліятэкар Руслан Руды, і аматарскае аб’яднанне “Юны сябар пагранічніка”, якое цесна супрацоўнічае з пагранічнай заставай “Русакі”.
Так што невялікі па штату Дом нацыянальных культур аб’ядноўвае на сваёй базе каля 40 дзяцей і 30 дарослых.
Менавіта дзякуючы ім, падкрэслівае Вікторыя Бажко, і адбываюцца ўсе тыя мерапрыемствы, якія самадзейныя артысты ладзяць не толькі ў Макараўцах, але і за межамі аграгарадка. З найбольш значных Вікторыя Антонаўна называе святочныя праграмы да Дня закаханых, да 8 сакавіка, Дня Перамогі і Дня сям’і, Купалле, удзел у святкаванні Дня незалежнасці ў райцэнтры, у многіх іншых раённых мерапрыемствах.
Са шматлікімі канцэртамі выступіў і народны ансамбль польскай песні “Стокроткі” – спецыяльную праграму да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ён паказаў у Свіслачы, Мастах, Ваўкавыскім раёне.
Сярод тых, хто заўсёды актыўна супрацоўнічае з Домам нацыянальных культур і шчодра дзеліцца сваім талентам з іншымі, Вікторыя Бажко называе А.А.Будніцкую, А.Р.Антановіч, Т.М.Славецкую, С.У.Лукашэвіч, І.У.Лебядзевіч, Л.Т.Мароз, Г.В.Губар, А.В.Панкевіч, З.Я.Хлебнікаву.
Заўсёды гатовы дапамагчы ў правядзенні мерапрыемстваў і штодзённай рабоце дырэктар Макараўскага ясляў-сада-СШ П.М.Панкевіч і намеснік старшыні СВК “Макараўцы” па ідэалагічнай рабоце А.М.Капіца.
Ну і, вядома ж, юныя “зорачкі” Дома нацыянальных культур Марта Канецкая, Анастасія Мартыш, Ганна Панасюк, Караліна Ігнатовіч, Марына Праневіч, Ангеліна і Мікіта Кажура, Дзіяна і Караліна Аўдзей, Максім Будніцкі, Марына і Юлія Шока заўсёды безадказныя і вельмі старанна падыходзяць да выступленняў.
Вікторыя Антонаўна адзначыла падчас нашай размовы, што найбольшае задавальненне ад работы ёй прыносіць тое, калі яна бачыць плён сваёй працы, калі ёсць аддача ад людзей, з якімі яна займаецца і бачыць, як удасканальваецца талент таго ці іншага выканаўцы.
А талентамі макараўская зямля багата, упэўнена дырэктар Макараўскага Дома нацыянальных культур. Таму і працаваць з імі прыемна, і плён гэтай працы бачны. Самадзейныя макараўскія калектывы добра вядомы не толькі ў раёне, але ўжо маюць сваіх прыхільнікаў і за яго межамі. І яны не спыняюцца ў сваім развіцці, папаўняюць рэпертуар, удасканальваюць сваё майстэрства. Мая суразмоўца з гонарам адзначыла, што ў планах на наступны год – абарона звання “народны” для вакальнага калектыву “Альтанка”. Творчы патэнцыял мясцовых артыстаў багаты, але вось тэхнічныя сродкі не заўсёды адпавядаюць патрабаванням часу. Дырэктару ўстановы культуры хацелася б, вядома, каб матэрыяльная база была лепшай, у прыватнасці, ужо ёсць неабходнасць у новай музычнай апаратуры, і Вікторыя Антонаўна спа-дзяецца, што кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама акажа ў гэтым садзейнічанне. Тым больш, што план па платных паслугах Дом нацыянальных культур выконвае, толькі ў гэтым годзе зароблена 24 мільёны рублёў.
Удасканальваюцца формы работы, аказваюцца новыя паслугі. У прыватнасці, цяпер Дом нацыянальных культур прапаноўвае паслугі па правядзенні юбілеяў, вяселляў (з падрыхтоўкай абрадаў), агучванні іншых сямейных урачыстасцяў.
— Дарыць людзям радасць і цудоўны настрой вельмі прыемна, — гаворыць Вікторыя Антонаўна. – За гэта я і люблю сваю работу. І я вельмі рада, што мае блізкія людзі мяне падтрымліваюць і раздзяляюць са мной цудоўны шлях творчасці і няспыннага самаўдасканалення. З сынам Антонам мы ўжо практычна калегі, актыўна ўдзельнічае ў канцэртных выступленнях і малодшая дачка Дамініка. Мая любімая справа становіцца нашай сямейнай справай, таму прыносіць яшчэ большае задавальненне.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *