“Знамя Советов” – першая раённая газета

Из истории земли Берестовицкой Культура

2Як вядома, Вялікая Бераставіца была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 16 ліпеня, а Крынкі – 20 ліпеня 1944 года. І ў той жа дзень у Крынкі прыбыла група ўпаўнаважаных ЦК Кампартыі Беларусі і Урада БССР для аднаўлення савецкай улады на тэрыторыі Крынкаўскага раёна. Узначальвалі групу Д.А. Блінаў і А.Г. Шламанаў, якія рашэннем ЦК КПБ былі зацверджаны на кіруючыя пасады (Блінаў – першым сакратаром Крынкаўскага райкама партыі, а Шламанаў – старшынёй райвыканкама).

Але ў сувязі з тым, што па ўзаемнай дамоўленасці паміж урадамі СССР і Польшчы большасць раёнаў Беластоцкай вобласці, у тым ліку і Крынкаўскі раён, адышлі да Польшчы, органы кіравання Крынкаўскага раёна ў пачатку жніўня 1944 года пераехалі ў мястэчка Вялікая Бераставіца. Пачалося стварэнне розных устаноў і арганізацый на новым месцы. Паўстала пытанне і аб раённай газеце (у 1939 – 41 гадах у Крынкаўскім раёне сваёй газеты не было). І вось 12 жніўня 1944 года на сумесным пасяджэнні райкама партыі і райвыканкама было прынята рашэнне (цытуецца па архіўнаму дакументу):
«… Издавать районную газету «Знамя Советов» раз в пятидневку, т.е. шесть раз в месяц. Утвердить редактором районной газеты Шелега Сергея Иосифовича, образование 6 классов, до войны работал в республиканской газете «Звязда».
… Просить обком партии утвердить название районной газеты Крынковского района «Знамя Советов». Обязать начальника районной конторы связи обеспечить регулярную доставку газеты и сводок Совинформбюро в сельские Советы района».
Ужо 15 жніўня 1944 года сакратар райкама партыі Д.А. Блінаў паведамляў у абкам партыі: «… В районе выходит газета и сводки Совинформбюро…». На гэтым жа пасяджэнні адказным сакратаром газеты зацверджана С.І. Зверава (пазней яна працавала ў Ваўкавыскай раённай газеце).
25 верасня на раённым партыйным сходзе «О массово-политеческой работе в районе» рэдактар раённай газеты С.І. Шэлег адзначыў, што ў Бераставіцы выпускаецца раённая газета, якая адлюстроўвае жыццё раёна, яго поспехі і недахопы.
У канцы лютага 1945 года рэдактар газеты “Знамя Советов” С.І. Шэлег вызвалены ад займаемай пасады ў сувязі з накіраваннем яго на вучобу ў Мінскую партыйную школу (пасля яе заканчэння ён працаваў на розных кіруючых пасадах у рэдакцыі газеты “Звязда”).
1 сакавіка 1945 года да абавязкаў рэдактара раённай газеты прыступіла Дварэцкая Сара Пінсухаўна, адукацыя 7 класаў, якая да гэтатага 3 месяцы працавала загадчыкам гандлёвага аддзела райвыканкама.
На раённым партыйным сходзе ў сакавіку 1945 года Д.А. Блінаў адзначаў, што раённая газета праводзіць значную палітычную работу сярод насельніцтва і выказаў шкадаванне, што яна выходзіць рэдка.
У жніўні гэтага ж года райкам партыі, заслухаўшы справаздачу рэдактара раённай газеты С.П. Дварэцкай, адзначыў нездавальняючую работу рэдакцыі з селькорамі, адсутнасць на старонках газеты крытыкі і самакрытыкі.
У канцы 1945 года – пачатку 1946 гадоў Бераставіччына, як і ўся краіна, рыхтавалася да выбараў у Вярхоўны Савет СССР. У нумары газеты “Знамя Советов” за 2 студзеня прааналізаваны ход падрыхтоўкі да выбараў у сельскіх Саветах. Адзначана станоўчая работа Эйсмантаўскага сельсавета, дзе адкрыты агітпункт, закончана састаўленне спісаў выбаршчыкаў. У той жа час востра крытыкуюцца работнікі і актывісты Алекшыцкага сельсавета і Бераставіцкага местачковага Савета за недахопы ў гэтай рабоце.
У пасляваенны час на плечы сельскіх жыхароў і іх мазолістыя рукі лягла яшчэ адна павіннасць: лесанарыхтоўкі. Краіне патрэбен быў лес для аднаўлення разбуранай народнай гаспадаркі. На кожную сельскую сям’ю быў даведзены план не толькі нарыхтоўкі, але і вывазу нарыхтаванай драўніны. Газета ў гэтай важнай кампаніі была і арганізатарам, і агітатарам, і своеасаблівым экранам спаборніціва, і нават “суддзёй”.
Так, 24 студзеня 1946 года газета назвала перадавікоў лесанарыхтовак мінулага года, сярод якіх былі Н.У. Жыгмант з вёскі Хмеліска, К.Л. Міхальчук з Карпаўцаў, Л.Я. Мешчаня і У.В. Нікан з Бераставічан. У нумарах за 6 і 20 лютага паведамляецца, што сяляне вёсак Рудаўляны і Калеснікі датэрмінова выканалі план нарыхтовак. Называюцца прозвішчы перадавікоў: А. Бака, І. Жыдок, І. Андрушэвіч і іншыя. Наперадзе ідуць сельсаветы: Хамантоўскі (99%), Ёдкаўскі (81%), Вялікабераставіцкі (77%), а замыкаюць зводку Малабераставіцкі, Эйсмантаўскі і Данілкаўскі сельсаветы. Такую своеасаблівую “Дошку гонару” газета публікавала рэгулярна да сярэдзіны 1950-х гадоў.
У той жа час у публікацыі за 8 лютага паведамляецца, што Бераставіцкі суд асудзіў жыхара вёскі Лапенеўцы В.К. Вярышку да трох гадоў пазбаўлення волі за невыкананне планаў па лесанарыхтоўках. У нумары за 20 сакавіка газета надрукавала артыкул “Барацьба за лес – сур’ёзны экзамен савецка-партыйнага актыву”. Аўтар, упаўнаважаны ЦК КПБ і Саўнаркама БССР па кантролю за лесанарыхтоўкамі (былі і такія чыноўнікі) піша: «… В лесу в настоящее время работает 877 возчиков и 204 лесоруба из Берестовицкого района. Это очень мало, чтобы выполнить району государственный план. Руководителям сельских Советов, правоохранительным органам надо строже спрашивать за невыполнение планов с жителей района».
А праз некалькі нумароў газета паведаміла чытачам: «… За невыполнение планов по лесозаготовкам Берестовицкий суд осудил А.Т. Матейко из деревни Старинцы и Б.А. Ходаровского из деревни Иодичи до 3 лет лишения свободы. А С.В. Польяновский из деревни Малые Эйсмонты осужден на 2,5 года, У.А. Жамойда из деревни Остапковщина – на полтора года».
У адным з красавіцкіх нумароў 1946 года газета паведаміла, што жыхар вёскі Пяскі Г.А. Верабей у сувязі са сваім сталым узростам не атрымаў плана па лесанарыхтоўках, але з’яўляючыся патрыётам па сваёй уласнай ініцыятыве вывез 17 кубаметраў лесу.
Канешне, гаварыць і пісаць аб першых гадах раённай газеты няпроста: за 1944 год ні аднаго нумара нашай раёнкі не захавалася ні ў беларускіх, ні ў Маскоўскіх архівах. За 1945 год асобныя нумары захаваліся ў Расійскім дзяржаўным архіве. Нашаму земляку Аляксандру Кандратовічу ўдалося раздабыць ксеракопіі некалькіх нумароў. Газета тады выдавалася памерам А-4 (ліст пісчай паперы, ці як два суцэльныя лісты вучнёўскага сшытка).
На здымку змешчана першая старонка аднаго з рэдкіх захаваўшыхся нумароў газеты “Знамя Советов”, які выйшаў 17 верасня 1945 года. Перадавы артыкул газеты быў прысвечаны важнай падзеі ў жыцці беларускага народа — 6-ай гадавіне ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР і СССР. Сёння на календары 2014 год, а 17 верасня споўнілася 75 гадоў з таго часу, калі Беларусь ўз’ядналася.

Мікалай Пацэнка,
Сяргей Хілюта



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *