Аб станаўленні сельскагаспадарчай вытворчасці на Бераставіччыне

105 лет БССР Лента новостей

8233569bkvУ верасні 1939 года Чырвоная Армія ўступіла ў Вялікую Бераставіцу. А 15 студзеня 1940 года быў утвораны Крынкаўскі раён ў складзе Беластоцкай вобласці. З чэрвеня 1941 года па ліпень 1944 года доўжылася акупацыя Бераставіччыны нямецка — фашысцкімі захопнікамі. А 16 ліпеня 1944 года Бераставіца ўжо вызвалена з — пад акупацыі. І вось 20 верасня 1944 года Крынкаўскі раён быў скасаваны, частка яго тэрыторыі перайшла Польшчы, а астатняя тэрыторыя стала Бераставіцкім раёнам з цэнтрам ў Вялікай Бераставіцы.
Калектывізацыя на Бера­ста­віччыне пачалася яшчэ ў даваенны час. Створаныя ў 1939 годзе сялянскія камітэты прыступілі да падзелу памешчыцкіх і асадніцкіх гаспадарак, надзялілі бяднейшых сялян і парабкаў зямлёй, дапамагалі жывёлай, насеннем і інвентаром. У 1940 годзе жорсткі след у гісторыі пакінулі масавыя рэпрэсіі “асобных катэгорый грамадзян”. “Чорным днём”, 21 лютага, першыя сем’і так званых “буржуазных элементаў” з Бераставіччыны прымусова без суда і следства былі адпраўлены ў Сібір. Гэта сем’і Клунейкаў, Караткевічаў, Сарокаў і іншых. Тады ж пачалі стварацца першыя калгасы ў вёсках Гольні, Масаляны, Ярмолічы, Кудрычы. Як і ў іншых месцах, аргументы аб’яднання сялян часта падмацоўваліся сілай, напрыклад, пагрозай выселіць. Нярэдка ў калгасах ўзнікалі спрэчкі з-за межаў, востра стаяла праблема насення, негатыўна ўплывала на арганізацыю вытворчасці недастатковае веданне людзьмі агранаміі. Таму ў Гродне арганізуюцца сельскагаспадарчыя курсы, каб рыхтаваць будучыя кадры.
Людзям не дазвалялася дабраахвотна пакідаць свае месцы. Вось такі факт. У студзені 1940 года першы сакратар Крынкаўскага райкама партыі П. Зыбель накіраваў пісьмо калгасніку калгаса “Іскра” А. Савіцкаму, што “перавод з калгаса ў іншую арганізацыю, згодна з указаннямі таварыша Сталіна, абмежаваны і ў кожным выпадку вырашаец­ца індывідуальна”.
У студзені былі падве­дзены вынікі за мінулы год у калгасе імя Сталіна. На працадзень калгаснікі атрымалі па 3 кілаграмы збожжа і 10 кілаграмаў бульбы.
У лютым 1940 года ў Ваўка­выску пачалі працаваць месячныя курсы трактарыстаў. З бераставіцкіх калгасаў туды прыехалі 10 чалавек.
Калгасы тады былі дробныя, і іх было мала. У маі 1940 года на пасяджэнні райкама абмяркоўваўся “факт мецяжу” у калгасе “Камсамолец” у вёсцы Леснявічы. Там самавольна разабралі 5 коней па сваіх дварах і пракуратура праводзіла разбіральніцтва самаўпраўнага захопу грамадскай маёмасці. Супраць аднаго калгасніка, які не паспеў да гэтага вярнуць свайго былога каня, узбуджаецца крымінальная справа.
На 1 студзеня 1941 года ў раёне налічвалася 23 калгасы (без уліку тэрыторый Кватарскага і Грыцавіцкага сельсаветаў, якія адносіліся тады да Свіслацкага раёна). Трымалі людзі і падсобную гаспадарку, апрацоўвалі свае надзелы. У 1941 годзе на пасяджэнні райвыканкама разглядаліся спісы бераставічан, якія маюць больш за 15 гектараў зямлі, і гэтыя лішкі “падлягаюць абрэзцы”. У лік кулакоў трапілі найбольш заможныя сяляне. Але варта мець на ўвазе, што амаль 100 сем’яў малазямельных сялян чакалі, што ім павялічаць іх надзелы. Не ведалі пакуль ні заможныя, ні малазямельныя, што праз некалькі гадоў – хто добраахвотна, а хто пад прымусам, аддадуць зямлю ў калгасы…
У цяжкія і гаротныя гады вайны кожны выжываў, як мог. Гэты час чорным следам і вялікімі пакутамі людзей назаўсёды застанецца ў гісторыі. У ліпені 1944 года быў вызвалены цэнтр Крынкаўскага раёна – горад Крынкі і там размясціліся раённыя ўлады. Але ў пачатку жніўня яны перамясціліся ў мястэчка Вялікая Бераставіца. І ўжо ў жніўні райвыканкам разгледзеў пытанне “Аб ходзе жніва і падрыхтоўцы да пасяўной кампаніі”. Праз некалькі дзён райкам партыі разгледзеў пытанне аб пуску малаказавода. А для сялян — аднаасобнікаў зацвердзілі план і нормы здачы збожжа – чым больш зямлі, тым больш трэба было здаць збожжа з гектара. Такі ж падыход быў і ў дачыненні да здачы мяса, малака, бульбы.
На сходзе ў вёсцы Жор­наўка было вырашана ад­на­віць калгас “Савецкая Беларусь”. Пажадалі ў яго запісацца 17 чалавек. “Арганізаваць садова — агародніцкую гаспадарку на базе маёнтка Масаляны”, — такое рашэнне было прынята райкамам партыі ў снежні.
Гадавы план па нарых­тоўках збожжа ў 1944 го­дзе быў выкананы паспяхова. Звыш плана дзяржаве пастаўлена 600 тон збожжа, 500 тон бульбы.
У адноўленым калгасе “1 Мая” у вёсцы Вайцехаў­шчына ў красавіку 1945 года прыступілі да арганізацыі птушкафермы на 60 галоў. А ў Малабераставіцкай МТС пачаў працаваць машынна — конны пракатны пункт для дапамогі сем’ям франтавікоў і тых, у каго няма коней.
Раённы сялянскі сход, у якім прынялі ўдзел як калгаснікі, так і аднаасобнікі, прай­шоў вясной 1945 года. На сходзе выступілі, у прыватнасці, старшыня калгаса вёскі Старынцы “Кастрычніцкая рэвалюцыя” Запалянскі, брыгадзір калгаса “1 Мая” Патапачкін і іншыя. У тым жа годзе аднавілі калгас “Перамога” ў вёсцы Стары Дворац. У полі зроку быў ход веснавой сяўбы.
Паспяваў ураджай 1945 года. Напрыклад, у калгасе “Перамога” трэба было ўбраць 50 гектараў жыта, 18 гектараў ячменю, 22 – аўсу. Падрыхтаваны да жніва былі 2 жняяркі, для адвозкі снапоў – некалькі вазоў.
У верасні 1945 года да жыхара вёскі Каменка М.І. Сяўка прадстаўнікі мясцовай і раённай улады ў прысутнасці пракурора А.І. Журыка прымянілі фізічную сілу, патрабуючы тэрміновага выканання збожжанарыхтовак. Гэты факт парушэння законнасці выклікаў варожую рэакцыю сярод насельніцтва. Замест арганізацыйна — палітычнай работы часам прымянялася фізічная сіла. Гэта дыскрэдытавала савецкую ўладу і яе органы ў вачах людзей. Партыйныя і савецкія органы імкнуліся даць прынцыповую ацэнку такім фактам. Па гэтаму выпадку супраць вінаватых была ўзбуджана крымінальная справа, усе былі вызвалены ад пасад.
У верасні на рынках раёна забаранілі прадаваць махорку, тытунь уласнай вытворчасці, пакуль раён не выканае план здачы дзяржаве.
Вясной 1946 года пачалася чарговая пасяўная кампанія. Пры МТС быў створаны пункт, дзе для ўсіх ачыстка насення праводзілася бясплатна. Стараліся свое­­­­часова падрыхтаваць тэхніку і інвентар. Выдатна зарэкамендавалі сябе механізатары МТС Іван Міскевіч, Іван Карпук, Іван Міцкевіч, якія перавыконвалі норму амаль удвая.
Працэс калектывізацыі ў раёне няўхільна пра­цягваўся. У 1947 годзе былі створаны калгасы ў Багдзюках, Кавалях, Вялікай Бераставіцы. А ў 1949 годзе была пастаўлена задача завяршыць калектывізацыю. Калі агітатары пераконваць не ўмелі і не хацелі, дык стараліся запалохваць. Аднаасобнікаў абкладвалі вялікімі падаткамі, а неў­за­баве пачаўся працэс высылкі “кулакоў і во­рагаў народа”. У 1950 годзе калектывізацыя была ў асноўным завершана. Тады зверху паставілі новую задачу – узбуйнення дробных гаспадарак. У маі 1953 года ў раёне налічвалася 34 калгасы, з іх 16 – узбуйненыя.
І тады ўжо пачалася іншая гісторыя – гісторыя развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці пры калектыўнай уласнасці і паступовым выкарыстанні здабыткаў прагрэсу, якая працягваецца і па сённяшні дзень.
Мікалай Пацэнка,
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *