Адметны куточак на бераставіцкай зямлі

Лента новостей

IMG_0037СВП “АграМір”– адна з нямногіх гаспадарак, якая мае свой уласны сад. Пладаводства – перспектыўная галіна ў аграрнай вытворчасці. У краіне прынята і дзейнічае дзяржаўная комплексная праграма развіцця бульбаводства, агароднінаводства і пладаводства на 2011 – 2015 гады. Праграма накіравана на вырашэнне шматлікіх праблем у забеспячэнні насельніцтва садавінай і агароднінай. Напрыклад, набалелае пытанне для беларусаў – гэта тое, што насельніцтва не забяспечваецца сваімі яблыкамі, а іх увозяць за валюту з іншых краін. Пры гаспадарчым падыходзе да справы ў нашым клімаце можна столькі вырошчваць такой запатрабаванай вітаміннай прадукцыі ў дастатковых аб’ёмах, нават частку яе самім экспартаваць. Каб сад пладаносіў, трэба займацца ім з любоўю. Нашым садаводам з СВП “АграМір” уласцівыя гэтыя добрыя якасці. Кожны год можна палюбавацца на плантацыі чорнай парэчкі, ароніі. Чорная парэчка размяшчаецца ў садзе СВП “АграМір” на 17 гектарах, гатункі дэсертныя. Аб тым, што ягады выдатнай якасці, сведчыць такі факт, што іх закупілі для вырабу дзіцячага харчавання, якое выпускаецца на перапрацоўчым прадпрыемстве ў Клецку. А частку каштоўнай вітаміннай прадукцыі закупілі філіялы мясцовых спажыўтаварыстваў. Са збытам праблем няма.
У садзе зараз паспявае добры ўраджай ароніі. Пад яе адве­дзена 10 гектараў. Гэта таксама каштоўная культура. Яна вельмі карысная для здароўя пры многіх захворваннях. Сакавітую смачную ягаду ахвотна прымаюць і на вінаробчыя заводы. Яна дае прыгожы натуральны колер і добры смак.
Ёсць у садзе і сапраўдная дэлікатэсная ягада – рэмантантная маліна. Гэта скарбонка вітамінаў і мінералаў. Каб зберагчы ўраджай, тут плануюць ставіць шпалеры для падтрымкі цяжкіх галінак.
Экалагічна чыстыя ў садзе і яблыкі. Яблынькі размешчаны на 80 гектарах. Догляд праводзіцца па сучасных тэхналогіях, з мінімумам апрацовак. Парэчкі і маліна наогул не апрацоўваюцца, таму што ідуць на дзіцячае харчаванне, а аронія добра адчувае сябе і так, без адзінай апрацоўкі.
Па словах агранома — садавода Сяргея Агнеўскага, сапраўднага фаната сваёй справы, ураджай мог быць і значна меншы, каб своечасова не паклапаціліся пра пчол. Дзякуючы гэтым маленькім руплівіцам, дадаецца 30-40 працэнтаў каштоўнай прадукцыі. Зараз тут 54 пчаліныя сям’і. Таму вялікая ўвага надаецца таксама меданосным травам. Фацэлія, доннік белы дапамогуць пчолам збіраць больш мёду.
Выдатна, што ў сад ідуць з ахво­тай працаваць маладыя. Вя­дома, каб застацца тут, не пабаяцца напружанай працы, трэба вялікае цярпенне. І не ва ўсіх яно ёсць. Але аграном-хімік Юлія Кадырава (на здымку) пасля адпрацоўкі ў Мінскай вобласці па размеркаванні захацела прыехаць менавіта сюды. Яна задаволена і адносінамі да яе старэйшых калег, і цікавай работай.
— Хочацца ўкласці ў сад душу, — гаворыць яна. – Будзем спа­дзявацца, што тут усё будзе яшчэ лепш.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *