Жніво – у аптымальны тэрмін

Лента новостей

IMG_0005Менавіта такая думка была лейтматывам на рэспубліканскім семінары, які прайшоў нядаўна на базе арганізацый Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці і быў прысвечаны актуальным пытанням падрыхтоўцы зернеўборачнай тэхнікі да жніва. Ад нашага раёна там пабываў загадчык сектара механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама Віктар Боська. Удзел у мерапрыемстве прынялі таксама начальнік абласной інспекцыі Дзяржтэхнагляду Міхаіл Карняйчук і намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гро­дзенскага аблвыканкама Віктар Леановіч.
Гатоўнасці машынна-трак­тар­нага парка сельгасарганізацый да ўборкі ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у краіне кожны год надаецца вялікая ўвага. Пытанне гэтае дастаткова “балючае”. Каб палепшыць узаемасувязі з вытворцамі на месцах, даць ім больш поўную інфармацыю, у рэспубліканскім семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства прамысловасці, заводаў і дылерскіх цэнтраў. Усе павінны працаваць у адзіным рэчышчы, зрабіць усё магчымае, каб масавая ўборачная кампанія прайшла ў аптымальны тэрмін і без страт.
Недахоп запчастак – адна з найбольш частых перашкод у рамонце тэхнікі. Не абмінула гэтая вострая праблема і наш раён. Напрыклад, у СВК “Цецяроўка” з 14 камбайнаў былі два няспраўных “Лексіёна – 580”. Адсутнасць імпартных запчастак да такой добрай тэхнікі ў неабходным аб’ёме не дала магчымасці своечасова яе адрамантаваць.
Праблема была ў тым, што сельгаскааператыў не змог заплаціць замежнаму прадпрыемству “Штотц Агра — сервіс”, адзінаму афіцыйнаму прадстаўніку сусветна вядомай нямецкай фірмы “CLAAS” у Беларусі, ці ў тым, што там не было запчастак? Вось як пракаменціраваў сітуацыю галоўны эканаміст гаспадаркі Генадзь Міхайлавіч Вайцешчык:
— Прычына ў не нас. Мы як раз заплацілі “Штотц Агра — сервіс” загадзя нават некалькі больш, чым патрабавалася авансу. Частку запчастак мы ўжо атрымалі, а астатнія абяцаюць прывезці на гэтым тыдні.
А пакуль што ў гаспадарцы выкарыстоўваюць тое, што маюць. Загадчык майстэрні “Грыцавічы” Барыс Хомчык (на здымку) разам з механізатарамі раней займаўся падрыхтоўкай тэхнікі, а з пачаткам напружанай гарачай пары сеў за штурвал айчыннага камбайна “Палессе” і прыступіў да ўборкі азімага рапсу, якога ў сельгаскааператыве 400 гек­тараў.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *