“Дом” для насення ў СПК «Алекшыцы»

Лента новостей

IMG_0026Насенне збожжавых далікатнае, патрабуе клопату, каб добра захавацца да наступнай сяўбы, калі ляжа ў старанна падрыхтаваную глебу, прарасце і зазелянее. Яно літаральна “адчувае” цяпло чалавечых рук, аддзячвае вяскоўцам шчодрым ураджаем. Мне давялося палюбавацца дагледжаным “домам” для насення – складам у СВК “Алекшыцы”.
Памяшканне падрых­тавалі загадзя. Здаецца, справа простая – навесці звычайны парадак. Аднак і тут ёсць свае строгія правілы. Галоўны аграном Бераставіцкай раённай інспекцыі Таццяна Жыўлюк расказала, наколькі важна іх прытрымлівацца, каб потым не было нечаканых сюрпрызаў. Напрыклад, у пыле разводзіцца мноства мікраарганізмаў, якія могуць стаць прычынай захворванняў зярнят і значна папсаваць ураджай. Таму пачынаецца падрыхтоўка склада з грунтоўнай ачысткі. Рэшткі мінулагодняга збожжа вымятаюцца, затым памяшканне мыецца, у ім праводзіцца дэзінфекцыя. Пасля гэтага дзверы склада наглуха зачыняюцца на некаторы час, каб эфект замацаваўся. А ўжо затым зноў праводзіцца ўборка і дадаецца апошні штрых – пабелка. Сапраўды, можна адзначыць, што сховішча набыло нават нейкі “медыцынскі” выгляд, а значыць, засекі гатовы прыняць залатое збожжа.
Яно павінна быць адборнае і адпавядаць стандартам. Ужо на зернесушыльным комплексе ад зярнят выдаляюцца рэшткі саломы, але гэтага недастаткова. Магутныя грузавікі прывозяць і выгружаюць зерне ў вялізную спецыяльную ёмістасць у падлозе. Адтуль па канвееры яно трапляе на сіта ачышчальнай ліні. Пабітыя, дробныя, нестандартныя зярняты выдаляюцца, застаюцца адборныя і прыгожыя. Менавіта яны захоўваюць тую жыццёвую сілу, якая раскрые іх патэнцыял. Насенне перавозіцца ў засекі і “кладзецца адпачываць”.
Цікава было пазнаёміцца і з гаспадыняй такога сховішча. Аказалася яна маладая и прыгожая. Гэта аграном-насеннявод СВК “Алекшыцы” Вольга Сідаровіч. Спецыяліст кантралюе ўвесь тэхналагічны працэс, справу сваю любіць. Прыемна, што ў сельскую гаспадарку ідуць дзяўчаты, маладая змена старэйшаму пакаленню.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *