Зімой самым вялікім святам у народзе лічацца Каляды, а летам – Купалле. Святкуюць яго яшчэ з часоў язычніцтва. Праўда, тады Купалле адзначалі ў перыяд летняга сонцастаяння, калі быў самы доўгі дзень, і прырода (жыватворныя сілы зямлі, расліны, збажына) дасягала найвышэйшага росквіту. Здавалася, і сонца найгарачэйшае, і вада пад яго ўздзеяннем становіцца самай цёплай і чыстай. Таму і святкаванне перш за ўсе пачыналася з купання. Гэта і дало назву святу – Купалле, Купала. Калі на Русі і ў іншых месцах прынялі хрысціянства, царква прымеркавала свята да 7 ліпеня – дня нараджэння Іаана Прадцечы (Іаана (Яна) Хрысціцеля). Назва яго набыла нават двайное імя – Івана (Яна) Купалы. Святкаваць пачыналі ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Удзень дзяўчаты збіралі розныя зёлкі, сушылі і захоўвалі іх, як моцныя цудадзейныя лекі. Плялі вянкі і з іх дапамогай варажылі на вадзе. Ноччу збіраліся каля кастра, вадзілі карагоды, танцавалі, скакалі праз агонь. З цягам часу фантазія людзей нарадзіла легенду, згодна з якой апоўначы з 6 на 7 ліпеня ў гушчары лесу зацвітае кветка папараці, якая можа даць чалавеку празорлівасць і неабмежаваную сілу, вечную маладосць, здольнасць разумець мову раслін і жывёл. Гэтая легенда нарадзілася вельмі даўно, калі людзі думалі, што ўсялякая расліна павінна ўтвараць кветку, а ад яе насенне, каб прадоўжыць свой род на зямлі. Бо на самай справе папараць ніколі не зацвітае.
Зараз народнае свята Івана Купалы ў нашай рэспубліцы перажывае адраджэнне. Пра гэта, напрыклад, сведчыць і купальскі фестываль «Александрыя збірае сяброў» у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці, які сёлета правялі ўжо ў пяты раз і які набывае статус міжнароднага. Святкуецца Купалле і на Бераставіччыне.
Чароўную параць-кветку шукалі ў Макараўцах
З пакон вякоў у народзе павялося святкаваць купальскую ночку і адпраўляцца на пошукі папараць-кветкі. У СВК “Макараўцы” гэта таксама стала ўжо добрай традыцыяй, таму жыхары аграгарадка і навакольных вёсак з нецярпеннем чакаюць свята Івана Купалы. Да сваіх родных прыязджаюць гаражане, каб разам адзначыць Купалле і адпачыць ад гарадской мітусні і шматлікіх клопатаў. Народу збіраецца заўсёды вельмі шмат.
Сёлета свята праводзілася 5 ліпеня ў маляўнічым куточку вёскі Лішкі, побач з прыгожым азярцом. Нават сама прырода паклапацілася, каб надвор’е ў гэты цудоўны вечар было цёплым і лагодным.
Пачалося мерапрыемства з тэатралізаванага прадстаўлення, падчас якога Купала з Купалінкай запрашалі ўсіх прысутных прыняць удзел у гульнявой і конкурснай праграмах. Дзяўчаты пускалі па вадзе вянкі з запаленымі свечкамі. Традыцыйна запалілі і купальскае вогнішча, вакол якога, як і ў даўнія часы, моладзь вадзіла карагоды і спявала вясёлыя песні. Галоўныя героі свята частавалі ўсіх прысутных “купальскімі стравамі”. Хто жадаў, мог адведаць смачную юшку. Частуючыся, людзі з задавальненнем слухалі выступленне мясцовых артыстаў: удзельніц народнага ансамбля польскай песні “Стокроткі” Макараўскага Дома нацыянальных культур (маст. кіраўнік Вікторыя Бажко), салістаў Таццяны Славецкай, Алега Зайцава, Сяргей Гужа, Антона Бажко, а таксама вучаніц Макараўскага ясляў-сада-сярэдняй школы Анастасіі Мартыш, Ганны Панасюк, Марты Канецкай, Марыны Праневіч.
І дарослыя, і дзеці актыўна ўключыліся ў весёлыя гульні і конкурсы, якія праводзіла бібліятэкар Лішкаўскай сельскай бібліятэкі Зоя Хлебнікава, з задавальненнем адгадвалі загадкі. Пераможцы атрымлівалі прызы. Самым маленькім гасцям свята дасталіся салодкія падарункі ад спонсара мерапрыемства – СВК “Макараўцы”. Дарэчы, мясцовая гаспадарка на чале з в.а. старшыні Алегам Макулікам, заўсёды аказвае фінансавую і арганізацыйную дапамогу ў правядзенні падобных масавых святаў. Адчувальны ў гэтым сэнсе і клопат намесніка старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК Алесі Капіца.
Купальскае свята ў Лішках завяршылася начной дыскатэкай.
***
“Са святам!”– так называлася гулянне ў аграгарадку Алекшыцы. Тэатралізаваную канцэртную праграму тут прымеркавалі адразу да трох падзей: Дня незалежнасці, Дня моладзі і Купалля. Свята праходзіла на адкрытым паветры, сцэну наладзілі на прыступках мясцовага Дома культуры, побач размясцілася гандлёвая палатка кафэ-бара “У вікінга” СВК “Алекшыцы”. Працавалі дзіцячыя атракцыёны і ларкі з цацкамі і салодкасцямі.
Ва ўрачыстай частцы свята была аддадзена даніна павагі ўсім загінуўшым падчас Вялікай Айчыннай вайны і выказана ўдзячнасць ветэранам. Затым адбылося ўшанаванне маладых працаўнікоў мясцовай гаспадаркі. Намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Алекшыцы” Ганна Міхаленка ўручыла ўсім, каму да 35 гадоў, каштоўныя падарункі ад сельгаскааператыва.
Гулянне прадоўжылася купальскім карагодам вакол кастра з удзелам святочных персанажаў – Вадзянога, Чарцей, Русалкі, Купалінкі. У выкананні фальклорнага калектыву Алекшыцкага ЦДК “Вясёлая бяседачка” гучалі абрадавыя песні. Праводзіліся і спартыўна-забаўляльныя гульні – падняцце гіры, дартс, бітва мяшкамі на бервяне і шэраг іншых. Уладальнікі першых трох месцаў у кожным конкурсе ўзнагароджваліся прызамі ад гаспадаркі. А дзеці атрымалі салодкія падарункі.
На канцэрце выступілі ўдзельнікі аматарскай творчасці Дзмітрый Пазняк і Анатоль Парманчук, юныя выканаўцы гуртка сольных спеваў, а таксама самадзейныя артысты народнага драматычнага тэатральнага калектыву “Вяскоўцы”. У выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля пад кіраўніцтвам дырэктара Алекшыцкага ЦДК Уладзіміра Макара гучалі папулярныя эстрадныя песні. “Жывая” музыка выконвалася і ў час начной дыскатэкі.
***
Пры фінансавай падтрымцы ДП “Бераставіцкая сельгастэхніка” і СВК “Малабераставіцкі элітгас” свята Купалля адзначылі таксама ў аграгарадку Малая Бераставіца. Выступілі ўдзельнікі ўзорнага маладзёжнага тэатральнага калектыву “Сонейка”, фальклорнага калектыву “Вясёлка”, дзіцячага вакальнага гуртка “Праменьчык” і асобныя выканаўцы.
Святлана Ганчарова