Традыцыйны выпускны баль для адзінаццацікласнікаў райцэнтра прайшоў 12 чэрвеня. Гэта мерапрыемства з нецярпеннем чакаюць многія жыхары Вялікай Бераставіцы, каб палюбавацца на прыгожых і ўзрушаных выпускнікоў і праводзіць іх у самастойнае дарослае жыццё. Сёлета сцены Вялікабераставіцкай сярэдняй школы пакінулі 37 адзінаццацікласнікаў. Адкрыла свята ўрачыстая лінейка на прыступках школы, падчас якой ужо былыя школьнікі на развітанне атрымалі словы наказу ад дырэктара Наталлі Пачобут, запусцілі сімвалічныя паветраныя шары і ганаровай калонай на чале з узорным духавым аркестрам “Тuttі” рушылі цэнтральнай вуліцай гарадскога пасёлка да раённага Дома культуры, дзе і адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння атэстатаў сталасці. Бацькі непрыкметна змахвалі слязінкі, настаўнікі з гонарам і шкадаваннем глядзелі на сваіх выхаванцаў, а выпадковыя сустрэчныя захапляліся прыгожымі ўборамі і мудрагелістымі прычоскамі выпускніц. У зале раённага Дома культуры атэстаты аб сярэдняй адукацыі ўручылі адзінаццацікласнікам дырэктар Вялікабераставіцкай сярэдняй школы Наталля Пачобут і яе намеснік па вучэбнай работе Ганна Кулакова. За асобыя поспехі ў вывучэнні некаторых прадметаў некалькі выпускнікоў атрымалі Пахвальныя лісты. Наталля Максімаўна пажадала маладым людзям, якія пачынаюць новы этап свайго жыцця, не баяцца цяжкасцяў і настойліва ісці за сваёй марай, падзякавала настаўнікам за самаадданую працу і прафесіяналізм, а бацькам параіла заўсёды ганарыцца сваімі дзецьмі. Святочная праграма выпускнога вечара была напоўнена канцэртнымі нумарамі, у якіх на развітанне адзінаццацікласнікі паказалі ўсе свае таленты і творчыя здольнасці, гучалі шчырыя пажаданні для выпускнікоў, якія перапляталіся з іх словамі ўдзячнасці любімым настаўнікам, класным кіраўнікам, бацькам і адміністрацыі школы. Завяршылася ўрачыстая частка мерапрыемства развітальным вальсам на плошчы гарадскога пасёлка. Гэта, бадай, самы прыгожы і хвалюючы момант выпускнога балю, паглядзець на які традыцыйна збіраецца шмат жыхароў Вялікай Бераставіцы. Выпускнікі кружыліся ў вальсе, пакідаючы ў сваім сэрцы толькі самыя светлыя ўспаміны пра школу і адгортваючы новую старонку свайго лёсу, якая павядзе іх у нязведанае дарослае жыццё.
Ірына Міклаш, фота аўтара