Апошняя жыхарка Жылічаў

Лента новостей

4У адзін з прыездаў у Макаравецкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў я пазнаёмілася з Нінай Іванаўнай Грышкевіч. Адразу было відаць, што жыве тут жанчына нядаўна – гэта выдавалі яе нерашучасць і маўклівасць, ды яшчэ лёгкая туга, затоеная ў глыбіні вачэй. Што і казаць: пакінуць родны куточак і ўласную хаціну зусім няпроста. Ніна Іванаўна нарадзілася і ўсё сваё жыццё пражыла ў маленькай вёсачцы Жылічы нашага раёна. Сталася так, што жанчына аказалася тут “апошняй з магікан”: калі памерла аднавяскоўка Маня Марчук, а захварэўшую Броню Данько забраў пляменнік да сябе ў Ваўкавыск, яна гады тры, мабыць, жыла ў вёсцы адна. Жыла і доўгімі зімовымі вечарамі перабірала ў памяці вобразы з той пары, калі ў хатах было поўна людзей, і калі жыццё віравала ўсюды – на цяпер пустой вясковай вуліцы, у апусцеўшых дварах і садах-агародах. Тут заўсёды быў свой, адметны маленькі сусвет – з уласнымі радавымі каранямі і традыцыямі, звычкамі, радасцямі, горасцямі. Колькі падзей адбывалася, як цікава, непаўторна складваліся лёсы! Падчас да Ніны Іванаўны падкрадваўся нейкі панічны жах… Не, не ад страху, тугі ды адзіноты, а ад таго пытання, якое не раз задавала сабе: “Чаму гэта менавіта ёй наканавана быць апошняй жыхаркай родных Жылічаў?”. Бабуля расказвае пра сваё жыццё, і расказ гэты нагадвае лёсы многіх простых вясковых жанчын. Бо мы ўсе, згадзіцеся, заложнікі і часу, у якім жывём, і тагачасаных абставін.

– У нашых Жылічах было ўсяго трынаццаць хат, столькі ж і сем’яў жыло. Людзі ведалі адзін пра другога, здаецца, ўсё: які ў каго характар, якія звычкі, у якую хату бяда прыйшла, а ў якую радасць і, як гаворыцца, нават тое, у каго што на вячэру згатавана. Мой татка, Іван Данілавіч, у Вялікую Айчынную ваяваў – расказваў, што на самай першай лініі фронту. Паранены быў, яго выратоўвалі ўрачы ваеннага шпіталю ў Польшчы, у горадзе Любліне. Пасля вайны доўга не пажыў, памёр. А праз некалькі год і мамы не стала. Мела я адзінага брата, які жыў у Ваўкавыску і працаваў на чыгунцы. Замуж выйшла ў 49-м годзе. Не за чужога хлопца, а за свайго, жыліцкага – мы жылі з Валодзем у розных канцах вёскі, хаця па нашых жыліцкіх мерках гэта, лічы, зусім побач. Ведалі адзін аднаго з маленства. У яго бацькоў была благая хата, і калі мой брат абаснаваўся ў Ваўкавыску, то сказаў мне: ”Пераходзьце ў нашу, бацькоўскую”. Ужо потым зразумела, які ж гэта ён мне неацэнны падарунак зрабіў. Бо праз шэсць гадоў мой мужык ад хваробы памёр, і я засталася з двума малымі сыночкамі на руках: аднаму пяць было, другому — тры. Здавалася, што не перажыву такога вялікага гора. Помню, як спачувалі мне нашы жанчыны, плакалі са мной на пахаванні. І сёння перад вачыма стаіць, як малодшы сынок, калі татка ўжо ляжаў на лаве, шукаў у кішэні яго пінжака гасцінчык – Валодзя працаваў на чыгунцы і ўсякі раз прыносіў малым ці па цукерцы якой, ці па кавалачку цукру.
А што ж тады ў калгасе зараблялі? Я на палявыя работы хадзіла. Не хачу і ўспамінаць, як “зводзіла канцы з канцамі”, сама і ткала, сама і шыла на дзяцей вопратку. Цяжкія тады часіны былі, у вясковай краме не купіш нічога, а каб і было, то за што купіш? Каб не бацькі, то адна мо і не абдолела б такой жыткі. Болей замуж не пайшла, хаця і маладая была, і жаніхі знаходзіліся. Не пра сябе, а пра дзяцей думала: ці будзе чужы мужчына ім бацькам? Гадавала іх, вучыла, абодва спецыяльнасці сабе прыдбалі, у горадзе абаснаваліся. І пра мяне не забывалі, прыязджалі.
З цягам часу лягчэй стала, пачала зарабляць больш, бо перайшла працаваць на ферму. У нас жа ў Жылічах ферма стаяла: і адкорм быў, і дойны статак. Маня Марчук быкоў карміла, а я кароў. Паедзеш возам, нагрузіш сіласу ці буракоў і раздаеш жывёле. Цяжка было, бо для такой работы “кармачом” дужыя мужчынскія рукі патрэбны. Але стараліся, я нават заслужанай калгасніцай стала, а прыйшоў час на пенсію ісці, то медаль “Ветеран труда” ўручылі. Помню, у клубе гэта было, на справаздачным калгасным сходзе. Брала прынародна той медаль, і як задрыжаць мае рукі, як зажалюся. “От якая яна, мая жытка”, – падумалася чамусьці. І раптам быццам збоку глянула на сваё жыццё. Што добрага ў ім бачыла? Акрамя дзяцей, хіба во толькі работу… Аднак і ўдзячна была за тое, што ацанілі мяне, ушанавалі.
Ды і грашу, кажучы, што нічога добрага не было. Бо многа добрых людзей у сваім жыцці сустракала, і з Богам у душы заўсёды жыла. Клапаціліся пра мяне не толькі сыны, прыязджаючы-наведваючы. Вяскоўцы ў нас былі вельмі харошыя, маглі і паспагадаць, і дапамагчы. Не забывалася і наша мясцовае начальства, і раённае. Як пачало ўжо падводзіць здароўе, то выдзелілі для мяне сацыяльнага работніка. Валянціна Іванаўна Лакатун харошая, клапатлівая жанчына, і я ёй вельмі ўдзячна за многае. Ведаеце, хоць і жыла ў вёсцы адна, але ніколі не было, каб не прыехала да мяне аўталаўка. Вадзіцель, калі сама раблю пакупкі і накупляю поўную торбу прадуктаў, яшчэ, бывала, і ў хату дапаможа яе занесці. Каб цяпер дзе бачыла таго вадзіцеля, то абавязкова падзякавала б яму яшчэ раз. А што да фельчара нашага ФАПа, то не падбяру і слоў, каб расказаць вам, які гэта сардэчны чалавек. Падчас, бывае, ужо саромеюся часта турбаваць яе сваімі хваробамі, то Валянціна Васільеўна Жданюк сама звоніць і пытае: ”Ну, як Вы сябе адчуваеце?”. І загадвае, каб тэлефанавала на ФАП, ды і сама часта прыязджала да мяне. Дай ёй Бог здароўя на доўгі век.
Усё сваё жыццё я хілілася да Бога, у яго прасіла і парады, і падтрымкі. Вы калі-небудзь былі ў нашай царкве ў Гарбачах? Не паверыце можа, але ёй ужо сто пяцьдзесят чатыры гады. Ад нашых Жылічаў да царквы мо і вярсты не будзе, у ёй усе нашы вяскоўцы хрысціліся, вянчаліся, тут іх адпявалі. Я і дзяцей сваіх у Гарбачах хрысціла. У царкве гэтак хораша, гэтак прыемна для душы, тут супакойваешся ад усякай жыццёвай мітусні і шчыра размаўляеш з Богам. Абразы старыя, намоленыя. Наша царква вельмі добра захавалася, нават падлога ў ёй ранейшая, адно толькі дзверы ўваходныя памянялі. Помню, як некалі хацелі зрабіць з нашай царквы склад для збожжа. Аднак ніхто не згадзіўся разгружаць мяхоў з машын, тады і махнулі рукою на такую задумку. Я гэта ведаю, бо вельмі часта бывала ў царкве, спявала з гарбачоўскімі жанчынамі ў царкоўным хоры.
Вось Вы пацікавіліся, наколькі цяжка было мне расставацца з усім, што так блізка і дорага. Вядома, цяжка, але што зробіш, старасць не радасць. Ды і не магла далей жыць, бы той воўк, адна ў пустой вёсцы, ды яшчэ без здароўя? Некалькі зімаў была ў дзяцей у горадзе. Але там свае клопаты, свае праблемы, да ўсяго старэйшы сын моцна хварэе. І калі ў тым годзе пад восень адчула сябе зусім блага, то згадзілася ехаць у Макараўцы. Прывыкла ой як не адразу, яшчэ і цяпер падчас маркочуся, як тое дзіця малое. Але ведаю, што не трэба, і нават грэх, гэтак блазнаваць. Бо догляд тут надта добры: сплю ў белай пасцелі, ем тое, чаго і ў хаце не ела, доктар пад бокам, ды і бацюшка на вялікія святы прыязджае. Ну што яшчэ старому чалавеку патрэбна? Я так удзячна ўсяму персаналу інтэрната за яго клопаты! А ўнукі-праўнукі ў госці няхай ужо сюды да мяне прыязджаюць…

Р.S. Нядаўна я патэлефанавала ў інтэрнат, каб пацікавіцца здароўем Ніны Іванаўны. Бабуля сама падышла да тэлефона, аднак голас яе быў вельмі сумны. Падзялілася са мной сваім вялікім горам: памёр яе старэйшы сын… Я шчыра паспачувала. Слоў жа, якія змаглі б суцішыць мацярынскі боль, не знайшла. Няма ў свеце такіх слоў.
Марыя Драпеза, фота аўтара



1 комментарий по теме “Апошняя жыхарка Жылічаў

  1. Деревни умирают на наших глазах. Думаю лет через 20 многие деревни исчезнут — дерево домов заберут возможно, а все остальное закопают с помощью техники.И будут поля ржи на месте деревень.
    Раньше земля была кормилицей для этих деревень. Сейчас никто особо не хочет жить с земли. Вспомните сколько огородов было вокруг Берестовицы и сколько их осталось? Лопата и тяпка конечно проиграют трактору и комбайну.
    Немножко жаль эти маленькие деревушки. Но жизнь не стоит на месте.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *