1 чэрвеня больш за дваццаць маленькіх вернікаў парафіі Перамянення Пана г.п.Вялікая Бераставіца ўпершыню ў сваім жыцці прынялі сакрамэнт Пакаяння і Эўхарыстыі.
Урачыстасць Першай Камуніі з’яўляецца радаснай падзеяй не толькі для дзяцей, іх бацькоў і родных, але і для ўсёй парафіяльнай супольнасці, якая, па сутнасці, з’яўляецца адной вялікай сям’ёй. Вядома, праз хрост кожнае дзіця далучана да супольнасці Касцёла, але толькі тады, калі яно прыступіць да споведзі і прыме Камунію, яно становіцца паўнапраўным членам гэтай сям’і і поўнасцю карыстаецца Божай Ласкай, якую даюць яму гэтыя сакрамэнты.
Пад кіраўніцтвам сястры Антаніны Вайцяшчук дзеці старанна рыхтаваліся да гэтай хвалюючай падзеі: вучылі малітвы, разважалі аб Слове Божым, стараліся ўсім сэрцам зразумець і палюбіць Хрыста. Папярэднічала нядзельнай Імшы шчырая першая споведзь дзяцей, падчас якой яны ачысцілі свае сэрцы ў сакрамэнце Пакаяння.
На пачатку Святой Імшы першакамунійныя дзеці атрымалі благаславенне бацькоў і ўрачыста ўвайшлі ў касцёл.
Пры запаленых свечках яны аднавілі абяцанні хросту, урачыста паабяцалі хадзіць на ўрокі рэлігіі, працягваць вывучэнне Божага Слова, быць годнымі людзьмі ва ўсіх сваіх учынках і рэгулярна ўдзельнічаць у Святых Імшах.
З асаблівым хваляваннем і нецярпеннем дзеці чакалі моманту, калі Езус у выглядзе белай Гостыі ўвойдзе ў іх сэрцы. Перад прыняццем сакрамэнту, у прысутнасці ўсіх сабраных, дзеці выказалі Пану Езусу моцнае жаданне прыняць Яго ў сваё сэрца. А затым настала доўгачаканая хвіліна, калі Езус з любоўю і ласкай прыйшоў да кожнага ў Эўхарыстыі.
Удзяліў дзецям сакрамэнт Першай Камуніі і павіншаваў іх з гэтай важнай падзеяй у жыцці ксёндз-дэкан Вальдэмар Слота. Айцец Вальдэмар заклікаў таксама бацькоў быць годнымі сведкамі веры для сваіх дзяцей, дапамагаць ім развіваць еднасць з Езусам Хрыстом, клапаціцца пра іх жывую веру і духоўнае развіццё.
Напрыканцы літургіі прагучалі словы шчырай падзякі бацькоў і дзяцей Богу за дар Першай Камуніі, а таксама ўсім тым, хто меў дачыненне да духоўнай і інтэлектуальнай падрыхтоўкі дзяцей да гэтага сакрамэнту, а асабліва — а.Вальдэмару і сястры Антаніне.
На працягу наступнага тыдня, які па традыцыі называюць “белым”, дзеці кожны дзень хадзілі ў сваім першакамунійным убранні на вячэрнюю Святую Імшу, каб дзякаваць Богу за сакрамэнт Пакаяння і Эўхарыстыі.
Гэты час даў ім магчымасць зразумець, што Святая Камунія — незвычайны Божы дар, які з’яўляецца пасілкам для чалавека ўжо ў зямным жыцці. Бо кожнаму з нас, каб жыць і быць здаровым, неабходна штодзённа спажываць ежу. А каб быць духоўна здаровымі, нам патрэбна і духоўная ежа, якой з’яўляецца Святая Камунія.
Ірына Міклаш, фота аўтара