У аграфірме “Стары Дворац” стаўка робіцца на колькасць, якасць і своечасовасць

Лента новостей

 

IMG_0032Моцныя частыя дажджы ствараюць праблемы пры нарыхтоўцы кармоў. Травы маюць свае перыяды росту і спеласці, у залежнасці ад якіх мяняецца іх харчовая для жывёлы каштоўнасць. Строгае захаванне тэхналогій, ранні пачатак і аптымальны сціслы тэрмін уборкі дазволіць мець нават тры ўкосы. Гэта раней сяляне браліся касіць сена нават у ліпені. Такі падыход даўно састарэў. Нарыхтоўка ў познія тэрміны прыводзіць да таго, што сцябло траў робіцца жорсткім і набліжаецца па якасці да звычайнай саломы. Яно проста “набівае страўнік” каровам і абарочваецца для вытворцаў страчанай выгадай. Лепшым індыкатарам пры раннім укосе траў з’яўляецца ўтрыманне клятчаткі ад 21 да 23 працэнтаў у сухім рэчыве. Менавіта гэты паказчык дакладна ўкажа на аптымальны момант уборкі траў.
Харчовая максімальная каштоўнасць і добрае засваенне кармоў буйной рагатай жывёлай залежыць ад стадыі росту, на якой знаходзіцца расліна. Пасля пачатку выхаду ў трубку ў злакавых або бутанізацыі ў бабовых кожны наступны дзень абарочваецца павелічэннем утрымання клятчаткі, пры гэтым ідзе страта энергіі.
У сённяшняй сельскай гаспадарцы нямала праблем, адной з галоўных з’яўляецца пастаяннае павышэнне цэн на энерганосьбіты. Каб знізіць выдаткі і быць эканомнымі гаспадарамі, трэба прыкладваць усе намаганні, выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі.
Першы ўкос у раёне пачалі 17 мая ў СВК імя Варанецкага, РУСП “Масаляны”, СВК “Пархімаўцы”.
У аграфірме “Стары Дворац” на “зялёным жніве” задзейнічаны 4 касілкі, 2 грабель і 2 кормаўборачных камбайны. Тэхніка была падрыхтавана своечасова. На касілках шчыруюць на сенажаці механізатары Аляксей Тапарыўскі, Іван Радзялоўскі і Мікалай Лазарчык. Механізатар Іван Кашлявік (на здымку) на нарыхтоўцы кармоў працуе на сваім новым камбайне КВК-800. У той дзень, калі мы з ім сустрэліся, пайшоў моцны лі­вень, але праз некалькі дзён на мінулым тыдні тэхніка рушыла на “зялёнае жніво”.

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *