Сёлетні фестываль паэзіі “Масалянскія салаўі”-2014 будзе прысвечаны 175-годдзю Адольфа Дыгасіньскага, якога называюць польскім Кіплінгам. Польскі педагог, пісьменнік, публіцыст, адзін з галоўных прадстаўнікоў натуралізму ў польскай літаратуры, Адольф Дыгасіньскі нарадзіўся 7 сакавіка 1839 г. у Негаслаўцах каля Пінчува, а памёр 3 чэрвеня 1902 г.
Выхадзец з небагатай сям’і, Адольф часта мусіў цярпець нястачу, зарабляючы сабе на жыццё.
З 1862 г. хлопец вучыцца ў Варшаўскім універсітэце, дзе вывучае мовы і мовазнаўства, прыроду і геаграфію. У 1863 г. студэнт прыняў актыўны ўдзел у паўстанні і двойчы быў зняволены. Пасля паўстання здольны юнак аднавіў вучобу ва ўніверсітэце, нават некаторы час займаўся ў Карлавым універсітэце ў Празе, аднак недахоп фінансаў не дазволіў завяршыць навучанне.
Дыгасіньскі пачынае працаваць гувернёрам і хатнім настаўнікам у багатых землеўладальнікаў.
З 1871 г. жыве ў Кракаве, дзе займаецца педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю. Даведзены да банкруцтва, пакідае Кракаў і пераязджае ў Варшаву, дзе працуе выкладчыкам адразу ў некалькіх школах. Актыўна друкуецца ў варшаўскай педагагічнай прэсе, а ва ўзросце 44 гадоў Дыгасіньскі дэбютуе ў якасці пісьменніка: яго навэлы надрукаваў “Штотыднёвы агляд”.
З 1884 па 1887 гг. Адольф працуе ў рэдакцыі часопіса “Вандроўнік”, пазней ён становіцца рэдактарам. Дыгасіньскі напісаў шэраг навэл і аповесцей, якія з 1884 г. выходзяць ужо асобнымі кніжкамі, што карыстаюцца вялізным поспехам і перакладзены на рускую і нямецкую мовы.
У 1891 г. г. Дыгасіньскі адпраўляецца ў Бразілію, адкуль піша цыкл лістоў пра трагічныя лёсы польскіх эмігрантаў. На наступны год вяртаецца на працу гувернёра і хатняга настаўніка. У канцы жыцця ён пасяліўся ў Варшаве, аднак ненадоўга: пісьменнік нечакана памёр ад інсульту. Пахаваны на варшаўскіх могілках Павонзкі.
Славуты польскі пісьменнік, педагог, аўтар шматлікіх навэл і аповесцей Адольф Дыгасіньскі пакінуў моцны след на Гродзенскай зямлі. Гэта знайшло адбітак у яго лістах да дачкі Сафіі. Пісаў ён іх з Масалян, куды трапіў “за хлебам” і адкуль слаў грошы ў Варшаву на ўтрыманне сям’і. У Масалянах Дыгасіньскі знаходзіўся ў 1897-1898 гг. як настаўнік Яна Біспінга, а часткова і Казіміра, дзяцей ардыната Масалянскага Юзафа Біспінга. Дыгасіньскі палюбіў Масаляны, яны сталі для яго крыніцай натхнення.
З пісем А. Дыгасіньскага:
“Мне тут так добра, наколькі ў цудоўным доме добра быць можа. Жыццё тут багатае і прыстойнае: гарбата, абед і гарбата, а калі б меў жаданне, то, апрача таго, мог бы і яшчэ падсілкавацца. Панства – людзі добрыя, мой вучань – хлопец добры і паслухмяны, хоць, я мяркую, ён не вызначаецца асаблівымі здольнасцямі і навыкамі. Зрэшты, пра тое так хутка меркаваць нельга. Гаспадар дома хворы і разам з жонкай праводзіць зіму на поўдні.У гэтым годзе на зіму я застаўся адзін са сваім вучнем у Масалянах, але, думаю, што не пазней за 1 кастрычніка адведаю вас у Варшаве”.
Упамянутае ў пісьме “панства” – гэта Юзаф Біспінг і яго жонка Алена з Галынскіх, бацькі Яна, Марыі, Тэрэзы, Альжбеты і Казіміра. Яны за год да смерці Юзафа Біспінга заангажавалі Дыгасіньскага на настаўніка да двух сыноў, дакладней Яна, які па стане здароўя не мог займацца ў школе.
Яшчэ ў адным са сваіх лістоў аб побыце ў Масалянах Дыгасіньскі піша:
“Жыву добра: каля васьмі раніцы п’ю гарбату (два кубкі), а дванаццатай з’ядаю талерку кіслага малака, потым другое сняданне: мяса печанае, суп, гародніна, каля сямі – абед, як звычайна, багаты, каля дзевяці гарбата.
Раніцай да гарбаты падаюць масла, хлеб, печыва, літоўскія вяндліны. Вечарам гарбата з печывам. Пры снеданні і абедзе п’ю кілішак віна, які сабе ўліваю ў ваду. Хатняя абстаноўка адзначаецца вышэйшым камфортам: ва ўсім адчуваецца галава і рукі гаспадыні дома. Да стала сядаюць абодва панове, дзве дачкі, што спасцігаюць навукі недзе ў Аўстрыі, сын старэйшы і мой вучань, Казімір, настаўніца панна Зейдліц, я і ўпраўляючы маёнтка, пан Клімашэўскі. Па абедзе ўцякаю ў свой пакой, бо пры стале не паляць цыгарэты, а пры гарбаце вечарам у салоне звычайна вядуцца размовы. Ёсць тут і тэнісны стол, але я не гуляю: няма ахвоты. Суседзяў пакуль не ведаю, але, наколькі я разумею, тыя, што жывуць навокал, князі Друцкія-Любецкія, Пудлоўцы (адны і другія сваякі маіх хлебадаўцаў), Нямцэвічы, Анджэйковічы, Стэфан Патоцкі з Росі.”
Тут, у Масалянах, Дыгасіньскі напісаў сваю лепшую аповесць пад назвай “Заяц”, змяніўшы назву маёнтка на Мажаляны: “Хораша летам у Мажалянах! Вялікі стаў чатырохбаковы, над ім – двор белы, вялікі, вызірае з-пад зараснікаў дрэваў і хмызнякоў, як палац зачараваны, а насупраць двара, на процілеглым баку става, – каплічка белая з дзвюма вежамі, са званіцай, белыя дамкі, крыж жалезны на белым падмурку і навокал – таполі надвіслянскія. Усё глядзіцца ў воды сажалкі, і ў пагодлівую ноч месяцовую відаць чарадзейная падводная краіна, якая выслана зоркамі…
…Выгляд адтуль прасторны – да гары магілянскай, якая ўпоперак стала на небакраі і ў золаце, у пурпуры стаіць на захадзе сонца. Воку і так ёсць дзе разгуляцца па зялёным моры лугоў, усеяных гаёчкамі, купкамі алешын, вербаў. Канечне, буслоў, кнігавак няма недахопу тут…”
Сумныя дні
ў Струбніцы
Часам разам з сям’ёй Біспінгаў пісьменнік з’язджаў у Струбніцу (цяпер Мастоўскі раён), другі маёнтак ардынацыі, адкуль таксама слаў лісты аб сваёй працы і жыцці магнацкай сям’і. Цытуем некаторыя фрагменты: “У сераду каля трох гадзін прыехалі мы да Струбніцы і тут застаёмся трэці дзень падрад. Пані паехала ў Вену па дзяцей, бо ад сына была тэлеграма. Я тут толькі па паўлекцыі адрабляю, прачытаў ужо другі раз “Трох мушкецёраў” і напісаў праект ХVI раздзелу “Зайца”. Сёння вельмі моцны мароз, нешта каля 9 градусаў. З раніцы сяджу і пішу, а ў доме страшэнная калатнеча, бо цэлая служба з Масалян прыехала і робіць у двары парадак незвычайны. Я злы, бо тут такі лямант пастаянны, што ані пісаць, ані лекцыі адрабіць добра не магу. Некаторыя з гасцей пахавальных сёння ўжо прыбылі, іншыя, відаць, у суседніх вёсках змясціліся. Напісаў толькі два раздзелы “Зайца”.
Патрэбна патлумачыць, што “лямант” быў выкліканы смерцю Юзафа Біспінга, бацькі вучня пісьменіка, які памёр у Варшаве і мусіў быць пахаваны ў Струбніцы, дзе пры касцёле знаходзіліся шматлікія пахаванні Біспінгаў.
Гвалт і лямант у Струбніцы звязаны не толькі з пахаваннем хлебадаўцы Дыгасіньскага, але і са спадчынай, якую належала падзяліць паміж двух сыноў: Яна і Казіміра — а таксама даць пасаг дочкам.
У адным са сваіх лістоў Дыгасіньскі піша, што апошняя сямейная рада пастанавіла прызнаць Масаляны з ваколіцамі да ардынацыі Яна Біспінга, а Струбніцу з дробнымі фальваркамі аддаць другому сыну, Казіміру.
Масалянскія прататыпы твораў Дыгасіньскага
Дыгасіньскі ўрэшце вярнуўся з нялюбай Струбніцы і ў пісьме да дачкі зазначыў: “Вучань мой вярнуўся неспадзявана са Струбніцы: бедны, прамок ад дажджу, бо шэсць міль ехаў пад дажджом верхам.Сёння стралялі мы ныркоў. Я даў два стрэлы, ён дзесяць – і нічога.
Пані Антаніна мае парадную служку, дзесяцігадовую Маргельку, якая з’яўляецца ідэальнай гераіняй наступнай аповесці. Не любіць яе, бо тая падоўгу спіць і вашывае. Я стаў на яе абарону і прадаставіў ёй доказы шчырай сімпатыі. Такая разумная, нібы ёй было трыццаць гадоў – пышная Маргелька. Пытаю яе, чаму называюць яе Маргелька. Яна жартам пасля доўгага роздуму адказвае:
Як жа мяне іначай можна назваць, калі маці мая Маргеля”.
Патрэбна дадаць, што яшчэ адзін сюжэт з багатага жыцця Масалян – аповесць “Маргеля і Маргелька” – была напісана за год да смерці пісьменніка, у 1901 годзе. Так Масаляны падарылі польскай літаратуры тыповыя вобразы насельнікаў фальваркаў, засценкаў, ваколіц, панскіх кухань, падгледжаныя і так праўдзіва выпісаныя пісьменнікам-дэмакратам, заступнікам усіх пакрыўджаных, слабых і прыніжаных Адольфам Дыгасіньскім у яго аповесцях “Заяц”, “Маргеля і Маргелька” і ў добрым дзясятку навэл. Усяго пісьменнік напісаў 21 аповесць і звыш 130 навэл.
Галіна Румак, аг. Масаляны