КАЛІ ЎЗНІКЛА БЕРАСТАВІЦА?

Из истории земли Берестовицкой Культура

1Год 2006 з’яўляецца адметным у гісторыі Вялікай Бераставіцы – у гэтым годзе пасёлак урачыста адзначыў 500-годдзе свайго існавання. Што ж адбылося на самой справе больш пяці стагоддзяў таму?

Тады, у 1506 годзе, населены пункт упершыню быў узгаданы ў афіцыйных каралеўскіх дакументах. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр Ягелончык за вялікія заслугі перад Айчынай і асабіста перад манархам, спецыяльным прывілеем перадаў частку каронных земляў у вечнае карыстанне свайму надворнаму маршалку, вядомаму дзяржаўнаму дзеячу Аляксандру Хадкевічу (1457-1549). У грамаце сярод пералічаных мясцовасцяў, адыходзячых літоўскаму магнату, значылася таксама і Бераставіца. Менавіта гэты гістарычны момант і быў прыняты сучаснымі даследчыкамі за дату ўзнікнення мястэчка. Рашэнне, на мой погляд, слушнае, паколькі да сённяшняга дня дакладная дата з’яўлення ў гэтай мясцовасці першых пасяленцаў застаецца невысветленай і, малаверагодна, што калі-небудзь гэта ўвогуле ўдасца зрабіць. Не буду кранацца стаянак людзей, якія існавалі ў ІІІ тысячагоддзі да н.э., а таксама дробных паганскіх паселішчаў (капішчаў), што сустракаліся на гэтых землях у 10-13 стагоддзях.
Зразумела адно – Бераставіца ўзнікла раней за 1506 год. У даравальнай грамаце яна ўзгадваецца ўжо як сфарміраваны населены пункт, а асобныя гістарычныя крыніцы сведчаць аб існаванні тут у 1495 годдзе драўлянага касцёла. Гэта дае падставы меркаваць, што напрыканцы 15 стагоддзя Бераставіца ўжо мела характэрныя для мястэчка рысы.
А цяпер аб усім па парадку. Пасля падпісання ў 1385 годзе Крэўскай уніі дзве раней самастойныя краіны Польшча і Літва, якія да гэтага ўвесь час паміж сабой ваявалі, аб’ядналіся ў адзіны ваенна-палітычны (дынастычны) саюз, а яшчэ пазней утварылі адну вялікую дзяржаву пад назвай Рэч Паспалітая Абодвух Народаў. Наступіў доўгачаканы мір. З гэтага моманту і пачалося актыўнае перамяшчэнне (міграцыя) насельніцтва гэтых краінаў з захаду на ўсход і наадварот. Перыяд часу з канца 14-га да сярэдзіны 16-га стагоддзя лічыцца часам каланізацыі і асваення вялізных тэрыторый, якія знаходзіліся на памежжы Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай, а таксама ў заходняй частцы Літвы. На гэтых землях, пакрытых густымі лясамі, малазаселеных і незагаспадараных, паўсюдна пачалі ўзнікаць так званыя гаспадарчыя асады (фальваркі). Спачатку яны будаваліся па берагах вялікіх рэк, такіх, напрыклад, як Буг, Нёман, іх прытоках, а таксама на ўскрайках лясных масіваў. Вядома, што ў першай палове 15 стагоддзя ўжо існавалі такія паселішчы, як Новы Двор, Адэльск, Воўпа, Індура, Мсцібава, Крынкі, Гарадок, Свіслачаны і іншыя. Асабліва хутка працэс каланізацыі пайшоў пасля таго, як кароль Казімір IV Ягелончык (1427-1492) распачаў ўпарадкаванне лясной гаспадаркі, падзяліўшы ўсе лясы ў гэтым краі на пушчы. Так узніклі Гродзенская, Бельская, Белавежская, Крынская, Кнышынская, Ваўпянская, Кузніцкая, Сакольская пушчы.
У глыбіні 15 стагоддзя недалёка ад стратэгічнага тракта, які пралягаў з Кракава праз Берасце і Гродна ў Вільню, была заснавана невялікія асада Бераставіца. Узнікла яна на “каралеўшчыне” – землях, якія належалі на той час каралю. Асада з’явілася на беразе ракі, якая злучалася з адным з прытокаў Нёмана. Заўважу, што ў тыя далёкія часы рэкі былі куды больш паўнаводнымі, а іх рэчышчы некалькі адрозніваліся ад сучасных.
Чаму згаданае паселішча стала звацца Бераставіцай? Што сабой уяўляла тагачасная асада? Адносна назвы ёсць цэлы шэраг меркаванняў. Прывяду толькі найбольш распаўсюджаныя з іх.
Так, некаторыя даследчыкі лічаць, што назва Бераставіца паходзіць ад слова “бяроста”, што азначае верхні слой кары бярозы. На бяросце ў старажытнасці пісалі і выраблялі з яе розныя бытавыя прадметы, такія, як пляцёныя корабы, кошыкі, лапці, аплётку для глінянага посуду і, нават, лёгкія вёрткія лодкі. Вырабамі з гэтага матэрыялу часта карысталася мясцовае насельніцтва. Адсюль і пайшла назва паселішча.
Не менш цікавай падаецца легенда пра Бераста і Тавіцу – закаханых хлопца і дзяўчыны, што жылі некалі ў адной паганскай мясцовасці. Бацькі катэгарычна забаранялі ім сустракацца. Аднаго часу закаханыя ўцяклі з дому і выправіліся ў пошуках шчасця ў далёкае падарожжа. Спыніўшыся падчас доўгай дарогі на незнаёмым месцы, яны, нібыта, заснавалі там паселішча, якое стала называцца Бераставіцай. У сучасным пасёлку Вялікая Бераставіца гэтыя міфалагічныя асобы ўвекавечаны нават у выглядзе драўляных фігур-помнікаў.
Аднак больш верагоднай, на мой погляд, з’яўляецца версія аб тым, што назва населенага пункту пайшла ад слова “бераст”. Бераст (вяз, ільм, польск. brzost) – від дрэва, часта сустракаемага ў нашых лясах. Такое ж паходжанне, праўдападобна, маюць назвы рэчкі Бераставічанкі, што працякае праз населены пункт, і яе правага прытока – ручая Берастоўка. У далёкім мінулым каланізатары, асеўшы ў гэтай мясцовасці, вымушаны былі выразаць і выкарчоўваць навакольныя лясы пад забудову, палі і дарогі. Вось тут яны і сутыкнуліся з гэтым дрэвам. Трэба адзначыць, што бераст па сваіх уласцівасцях – цяжкая і цвёрдая драўніна. Акрамя гэтага ён гнуткі і даволі адпорны на знешнія атмасферныя фактары – у вадзе не гніе, а на сонцы не рассыхаецца. У гэтым плане ён нічым не саступае дубу, таму некалі шырока выкарыстоўваўся ў сталярнай справе, пры вырабе конскіх дуг, аглобляў, разнастайных абадоў, драўляных абручоў для бочак, кухонных лыжак і г.д. З тоўстых ствалоў выдоўбвалі глыбокія пасудзіны для захоўвання квашанай капусты, часалі падпорныя стойкі для мастоў і пераправаў. Ужывалі бераст пры пабудове плацін, шлюзаў і, нават, жылых дамоў. Выкарыстоўвалася драўніна і ў ваеннай справе. Майстры гнулі з яе лукі, выраблялі коп’і і дзіды. Лічылася, што зброя, зробленая менавіта з гэтага дрэва, прыносіць воіну ўдачу. Бераст таксама ўжываўся пры дубленні скураў. З яго кары ўмельцы плялі цыноўкі, рагожкі, мешкавіну, а лісцем і маладымі парасткамі кармілі коней і рагатую жывёлу.
Драўніна бераста стала незаменным матэрыялам у гаспадарцы асеўшых тут каланізатараў, якія потым і далі свайму паселішчу прыгожую назву Бераставіца. Першапачаткова асада Бераставіца ўяўляла сабой невялікі фальварак (гаспадарку), які складаўся з аднаго-двух жылых дамоў і прылягаючых гаспадарчых пабудоваў – стайні, хлява, аборы, свірана, гумна. Кіраўнікамі тагачасных асадаў прызначаліся заможныя войты, якія з’яўляліся падданымі караля і абавязаны былі плаціць на карысць Яго Мосці грашовы падатак. Ад усялякіх падаткаў на нейкі час вызваляліся толькі тыя фальваркі, якія знаходзіліся яшчэ ў стадыі фарміравання (пабудовы).
Кожная такая гаспадарка пэўны час мела вузкую спецыялізацыю. Існавалі, напрыклад, асады рыбалоўныя, бортніцкія (гандаль славутым літоўскім мёдам), смалярскія і дзягцярныя (выраб з драўніны смалы і дзёгцю), асочнікавыя, паляўнічыя. Да прыкладу, у абавязкі асочнікаў уваходзіў догляд і рамонт дарог у каралеўскай пушчы, падкормліванне дзікай жывёлы, аблавы падчас лову. Жыхары паляўнічых асадаў павінны былі ахоўваць лясы і пастаўляць каралеўскаму і вялікасвецкім дварам дзічыну і скуры. Цікава, што драўніна са знакамітых літоўскіх пушчаў сплаўлялася па рэках у Еўропу, дзе выкарыстоўвалася ў будаўніцтве караблёў. Асабліва ў гэтай справе карысталася попытам мясцовая сасна, з якой рабілі высокія карабельныя мачты.
Аднак з цягам часу гаспадаркі дробных паселішчаў, завязаныя пераважна на лясным промысле, пераходзілі на замляробства. Колькасць двароў і аседлага насельніцтва там паступова павялічвалася. Пашыраліся, зразумела, і плошчы абрабляемых земляў. Калоніі ператвараліся ў шчыльна забудаваныя вёскі і мястэчкі, якія ўжо мелі адну альбо некалькі вуліц з невялікай плошчай у цэнтры.
Адначасова з разбудовай асадаў паўсюдна наладжвалася і касцёльная структура. Не выключана, што першымі пасяленцамі Бераставіцы былі мазаўшане-католікі. Гістарычныя крыніцы сведчаць, што ў 15 стагоддзі памежныя тэрыторыі паміж Польшчай і Літвой асвойвалі пераважна выхадцы з Кароннай Польшчы. Перасяленцы-заходнікі, масава асядаючы на каралеўскіх землях, стваралі тут цэлую сетку парафіяльных касцёлаў, забяспечваючы іх належным інвентаром. Пераважна гэта былі драўляныя касцёлы, якія ўяўлялі сабой няхітрыя крытыя гонтам аднавежавыя будынкі. Канструкцыя іх складалася з грубых цыліндрычных бярвенняў, замацаваных паміж сабой з дапамогай глыбокіх засечак (зрубаў). Таму такога кшталту пабудовы ў народзе называлі “зрубамі”. Часамі на супрацьлеглым канцы даху ўзводзілася яшчэ дадатковая маленькая вежа “сігнатурка”.
Сціплая ўзгадка аб драўляным бераставіцкім касцёле канца 15 стагоддзя ёсць у працы польскага даследчыка Станіслава Зыгмунта Гіршэля “Przyczynki do monografji Powiatu Grodzienskiego”. Аўтар, праводзячы на яе старонках краязнаўчую вандроўку па ваколіцах Гродна, гаворыць: “Вялікая Бераставіца – мястэчка, якое мае хіба-што найбольш гістарычных помнікаў, належала некалі гетману Хадкевічу. Драўляны касцёл, які быў фундаваны ў 1495 годзе, згарэў”. Нагадаю, кніга выдадзена ў 1923 годзе ў Гродне за кошт Гродзенскага аддзелу польскага краязнаўчага таварыства.
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што Бераставіца была заснавана ў глыбіні 15 стагоддзя. На маю думку, гэта адбылося не пазней сярэдзіны стагоддзя. Спачатку гэта быў невялікі гаспадарчы падворак (асада), які паступова разбудоўваўся, а напрыканцы стагоддзя пераўтварыўся ў паўнавартаснае мястэчка з адпаведнай інфраструктурай, каталіцкай парафіяй і касцёлам. Даследаванні паказваюць, што ў старажытнасці кацёлы і цэрквы паўставалі толькі ў добра разбудаваных паселішчах, падобных па сваёй структуры на мястэчкі альбо вялікія вёскі, дзе прысутнічала дастатковая колькасць двароў і насельніцтва (прыхаджан).
А вось афіцыйны статус мястэчка Бераставіца атрымала куды пазней. Адбылося гэта з ласкі караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста II Моцнага Саса толькі ў 1725 годзе.

Сяргей Лушчык, г. Гродна



2 комментария по теме “КАЛІ ЎЗНІКЛА БЕРАСТАВІЦА?

  1. Дзякую Вам. Прыемна ўсведамляць тое, што ёсць шмат людзей, якія цікавяцца гісторыяй нашага краю. Цешыць, што сайт Бераставіцкай газеты становіцца ўсё больш папулярным нават па-за межамі раёна. Ведаю, што гісторыяй Бераставіччыны цікавяцца людзі не толькі ў Гродна і на Гродзеншчыне, але і ў Мінску. Прыкладваю ўсе намаганні, каб папулярызаваць нашае краязнаўства. Многія людзі з розных рэгіёнаў Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі дапамагаюць мне матэрыяламі.

  2. Большое спасибо автору за представленный материал. Всегда с удовольствием и интересом читаю Ваши статьи, посвященные истории берестовицкой земли.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *