Работа бібліятэк Бераставіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы па патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення праводзіцца паслядоўна і мэтанакіравана. Яна спалучае выхаванне ў моладзі любові і павагі да роднай зямлі, знаёмства з мінулым нашага народа і яго культурай, фарміраванне гонару за сваю Айчыну. Важнае значэнне надаецца шырокаму бібліяграфічнаму інфармаванню падлеткаў і моладзі аб гераічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны, подзвігу салдат і партызан, мужнасці, праяўленай беларускім народам у гады акупацыі. Асабліва плённа гэта работа праводзіцца падчас святкавання юбілейных дат, звязаных з ваеннымі падзеямі. Сёлета ўвага нададзена 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да гэтай даты Бераставіцкай РЦБС распрацаваны разнастайныя тэматычныя мерапрыемствы, наладжаны шэраг кніжных выстаў.
Так, з пачатку года ў абанементнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В.Кавалеўскага дзейнічае кніжна-ілюстрацыйная кампазіцыя “Праз полымя вайны” з падраздзеламі “Подзвіг і страты 1941-га”, “На акупіраванай зямлі”, “Беларусь партызанская”, “Вызваленне зямлі беларускай”. Сярод экспазіцыйных твораў цікавасць як для маладых людзей, так і для чытачоў больш старэйшага ўзросту ўяўляюць эсэ, нарысы і ўспаміны аб вайне Таццяны Падаляк “Нашчадкі вогненных вёсак”, ілюстраваная храналогія “Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне”, даведнік “Партызанскімі тропамі Беларусі”, кнігі Ганны Грабёнкінай “Жывая боль” з занатаванымі ўспамінамі жанчын і дзяцей Брэсцкага гарнізона, Аляксандра Пыльцына “Старонкі гісторыі 8-га штрафнога батальёна I Беларускага фронта”, Уладзіслава Ганчарова “Аперацыя “Баграціён” і іншыя. Бібліятэкары аддзела абслугоўвання і інфармацыі прапануюць таксама творы зарубежных аўтараў і іх погляды на ваенныя падзеі, успаміны гітлераўскіх салдат і афіцэраў. Акрамя гэтага, для школьнікаў і навучэнцаў ліцэя ў райбібліятэцы адбыліся літаратурная галерэя пісьменнікаў-франтавікоў пад назвай “Пра наша пакаленне салдат…”, гадзіна роздуму над старонкамі кнігі Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночы твар”, гістарычная гадзіна “Палкаводцы Перамогі”. Запланаваны таксама вечар успамінаў і франтавой песні для ўдзельніц клуба “Паклічу сяброў” і экскурс у гісторыю мастацтва “Вялікі подзвіг народа ў творах беларускіх мастакоў” для вучняў Вялікабераставцкай СШ.
Ва ўсіх бібліятэках раёна дзейнічаюць выставы твораў, у якіх знайшлі адлюстраванне асноўныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, невядомыя і малавядомыя старонкі гісторыі ваенных гадоў. Сярод праведзеных мерапрыемстваў – хвіліна гісторыі “Апаленае дзяцінства” ў Канюхоўскай СБ аб цяжкіх і трагічных лёсах дзяцей вайны, літаратурная гадзіна “Вялікая Айчынная вайна ў творах В.Быкава, І.Навуменкі, І.Чыгрынава” ў Пархімаўскай СБ, гутарка з юнымі чытачамі Алекшыцкай СБ, прымеркаваная да юбілею легендарнага камбрыга Канстанціна Заслонава. У рамках патрыятычнай акцыі “Прачытай кнігу аб вайне” ў Пагранічнай СБ адбыўся бібліяграфічны агляд твораў беларускіх пісьменнікаў на ваенную тэматыку.
Аддзелам бібліятэчнага маркетынгу райбібліятэкі да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў распрацаваны і выдадзены рэкамендацыйныя спісы літаратуры пад назвай “Дзеці-героі Вялікай Айчыннай вайны”, “У сэрцах і кнігах – память аб вайне”, зборнік сцэнарных матэрыялаў “Вялікай Перамозе прысвячаецца …”.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара
На здымку: бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі райбібліятэкі Святлана Гладкая праводзіць для старшакласнікаў адкрыты прагляд літаратуры, прадстаўленай на кніжна-ілюстрацыйнай кампазіцыі “Праз полымя вайны”.