Праз тыдзень і праваслаўныя, і каталікі адзначаць Вялікдзень, а заўтра да цэркваў і касцёлаў прыйдуць людзі з галінкамі вярбы ў руках.
Вербніца – свята вясны, свята прадчування чагосьці вельмі добрага і светлага. Разам з асвечанымі галінкамі мы нясём у свае дамы любоў, надзею, веру. Спадзяемся, што Усявышні адвядзе ад нас і нашых блізкіх хваробы, гора і нястачы, што дасць Ён нам сілы змяніць да лепшага тое, што мы можам змяніць, годна перажыць і пераадолець тое, чаго змяніць, на жаль, ужо не можам.
Вербная Нядзеля святкуецца ў памяць уваходу Ісуса Хрыста ў Іерусалім. Ісус здзейсніў цуд уваскрэшання Лазара. Вестка пра гэта разнеслася шырока, і народ вітаў яго, як цара, пальмавымі галінкамі. У нас менавіта вербныя галінкі сімвалізуюць тыя пальмавыя, якімі сустракалі Хрыста пры ўваходзе ў Іерусалім. Свежазрэзаныя вербачкі ўпрыгожваюць стужкамі і кветкамі. Напрыклад, дырэктар Бераставіцкага Дома рамёстваў, майстар саломапляцення Тамара Касьян аздобіла галінкі вярбы засушанымі кветкамі і дэкаратыўнымі саламянымі элементамі. Вербныя галінкі атрымаліся прыгожыя і адметныя. Асвечаныя ў храме, яны не толькі стануць абярэгам у доме, але і ўпрыгожаць любы хатні інтэр’ер.
Святлана Ганчарова, фота аўтара
На здымку: дырэктар Бераставіцкага Дома рамёстваў Тамара Касьян разам з наведвальніцай гуртка “Саламяныя цуды”, пяцікласніцай Вольгай Затаўка.