Па словах галоўнага агранома Бераставіцкай раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Таццяны Жыўлюк, у гаспадарках раёна нарыхтавана пад поўную патрэбу да веснавой сяўбы 964 тоны кандыцыйнага насення яравых збожжавых. Усё яно праверана. Ёсць яшчэ і важкі рэзерв “на ўсякі выпадак”. Падрыхтавана і 19 тон насення траў.
У сакавіку быў правераны стан азімых. Дзякуючы ранняй вясне, якая сёлета не спазнілася на доўгі час, як у мінулым годзе, расліны ўжо пайшлі ў вегетацыю. Па ўзятых узорах глебы з азімымі было вызначана, што перазімавалі яны добра. Асобныя ўчасткі, дзе пасевы пашкоджаныя, перасеюць. А падкормку іх азотнымі ўгнаеннямі пачнуць тады, калі сярэднясутачная тэмпература будзе не ніжэй за 5 градусаў па Цэльсію.
Сярод культур азімых збожжавых найбольшую плошчу ў раёне займае трыцікале – 5988 гектараў, а сярод гаспадарак найбольш гэтай запатрабаванай культуры адвялі ў СВК “Цецяроўка” – 1655 гектараў. Азімай пшаніцай на Бераставіччыне засеялі 3932 гектары, найбольш у СВК “Макараўцы” – 650. Азімы ячмень сеюць толькі ў гэтым сельгаскааператыве, яго тут 150 гектараў. Асаблівая ўвага надаецца рапсу, пад яго адвялі ў раёне 2205 гектараў, найбольш у СВК “Цецяроўка” – 400.
Гатункі былі выбраны прыдатныя да нашых кліматычных умоў і высокаўраджайныя. Амаль палова ад усяго трыцікале пасеяна выдатным гатункам Вальтарыа, ёсць Вітон і Мадэрата. Пшаніцу выбралі Люцыус, Крэда і Фігуру, ячмень – Цігіну, рапс – Прагрэс.
Самы адчувальны да “капрызаў надвор’я” і маразоў – азімы ячмень. Але ў гэтым годзе ўсе культуры перазімавалі добра і ёсць спадзяванні атрымаць новы шчодры ўраджай.
Ніна Наддэ