“Дзе нарадзілася, там і прыгадзілася” – гэтае трапнае народнае сцвярджэнне як нельга лепш падыходзіць да Святланы Баран, загадчыка Пагранічнага філіяла Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў (на здымку). Вось ужо пятнаццаць гадоў яна працуе ў родным мястэчку ў школе, якую сама некалі скончыла, а сёння – узначальвае і разам з калектывам аднадумцаў імкнецца прывіць любоў да мастацтва як мага большай колькасці мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак.
Расказваючы пра сваё першае знаёмства з музыкай, Святлана Аляксандраўна з удзячнасцю ўспамінае настаўніцу па класу акардэона Аксану Міхайлаўну Кудзель, якая змагла разгле-дзець і развіць у сваёй вучаніцы музычныя здольнасці, навучыла ігры на такім папулярным меладычным інструменце, параіла выбраць прафесію, звязаную з мастацтвам. Многае дала і далейшая вучоба ў Гродзенскім музычным вучылішчы, а потым і работа ў Пагранічнай дзіцячай музычнай школе пад чулым кіраўніцтвам дырэктара Васіля Міхайлавіча Макарчука, чалавека творчага, апантанага, улюбёнага ў сваю справу.
Вярнуўшыся на працу ў родны Пагранічны ў 1998 годзе, Святлана Аляксандраўна так і засталася тут. Выкладала па класу акардэона, іграла на сваім любімым інструменце ў школьным ансамблі народных інструментаў “Славяначка”. Калектыў актыўна канцэрціраваў, удзельнічаў у раённых і абласных конкурсах. Праз нейкі час вырашыла атрымаць вышэйшую адуацыю і ў 2008 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Масіма Танка.
Так за штодзённай, адказнай і карпатлівай працай з дзецьмі, шматлікімі ўрокамі, тэхнічныміі акадэмічнымі залікамі, экзаменамі, школьнымі і пазашкольнымі мерапрыемствамі непрыкментна прабеглі пятнаццаць гадоў. За гэты час Святлана Аляксандраўна выпусціла дваццаць вучняў. Хоць лічба гэтая здаецца на першы погляд невялікай, для сельскай мясцовасці гэта нямала. І, безумоўна, авалодаўшы інструментам, пазнаёміўшыся з захапляючым светам музыкі, былыя вучні ніколі ўжо не стануць абыякавымі да яго і заўсёды з удзячнасцю будуць успамінаць сваю настаўніцу, якая стала іх правадніком на шляху пазнання таямніц мастацтва.
Жыццё не стаіць на месцы. Са жніўня мінулага года Святлана Аляксандраўна з’яўляецца загадчыкам Пагранічнага філіяла Бераставіцкай ДШМ. І працягвае выкладаць па класу акардэона. Сёння філіял – гэта два аддзяленні – музычнае і мастацкае, восем настаўнікаў і пяцьдзесят чатыры вучні. Творчае жыццё тут насычанае і вірлівае. Дзеці паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах, не толькі раённых, але і абласных. Праводзіцца шмат канцэртаў да розных дат і падзей, у тым ліку і платных. Выступаюць і вучні, і настаўнікі, якія па ініцыятыве Святланы Аляксандраўны некалькі гадоў таму стварылі інструментальны ансамбль “Вереск”. Спалучэнне традыцыйных і сучасных электраінструментаў аказалася паспяховым.
Сёлетні год для Пагранічнга філіяла – асаблівы. Спаўняецца 25 гадоў з часу стварэння музычнай школы ў аграгарадку і 10 – з дня пераўтварэння ўстановы ў школу мастацтваў. Наперадзе – абарона інструментальнага ансамбля “Верас” перад камісіяй на званне “народны”. Святлана Аляксандраўна лічыць, што гэта хоць і адказныя для калектыву філіяла падзеі, але прыемныя. Адзначыць іх як след дапамогуць новыя творчыя праекты. І, безумоўна, музыка, з якою крочаць па жыцці педагогі філіяла.
Святлана Ганчарова, фота аўтара