Сёння і праваслаўныя, і каталікі адзначаюць Вербную нядзелю. У царкоўным календары гэты дзень называецца Уваходам Гасподнім у Іерусалім.






Карані ўрачыстасці бяруць свой пачатак у старажытным Іерусаліме. Незадоўга да іудзейскай Пасхі Ісус заехаў у гэты горад верхам на маладым асле. А напярэдадні гэтай падзеі адбыўся цуд уваскрашэння Лазара. Вестка аб гэтым разнеслася імгненна, і тысячы людзей выйшлі насустрач Ісусу. Яны высцілалі Яго шлях пальмавымі галінамі. Паводле Евангелля ад Матфея, народ усклікаў: «Гасанна Сыну Давідаву! Благаславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе! Гасанна ў вышынях!» Слова «Гасанна» са старажытнаяўрэйскага літаральна перакладаецца як «выратуй, мы молім» або «даруй выратаванне». Першапачаткова гэта быў малітоўны вокліч, зварот да Бога. Паступова яно набыло значэнне ўрачыстага прывітання месіі. У гэтай гісторыі крыецца глыбокі сімвалізм. Бо праз некалькі дзён пасля ўрачыстай сустрэчы гэты ж натоўп будзе патрабаваць: «На крыж Яго!» Кантраст паміж захапленнем і здрадай стаў важнай часткай евангельскага апавядання.

Хрысцiянская царква надала гэтай падзеi статус вялiкага свята, якое адзначаецца ў апошнюю перадвелiкодную нядзелю. Толькi замест пальмавых галiнак славяне, у тым лiку i беларусы, выкарыстоўваюць у сваiх абрадах вярбу.У гэты дзень святар чытае асаблівыя малітвы і акрапляе галінкі вярбы святой вадой, адбываецца ўрачыстае шэсце з упрыгожанымі вербнымі галінкамі. Такім чынам удзельнікі працэсіі сімвалізуюць жыхароў Іерусаліма, якія сустракалі Хрыста.






Са святам звязана таксама шмат самабытных народных традыцый. Галоўны звычай — асвячэнне вярбы. Людзі прыносяць у храм галінкі, упрыгожаныя стужкамі ці кветкамі. Пасля асвячэння іх захоўваюць дома ўвесь год для абароны ад усялякіх бед і няшчасцяў. У гэты дзень людзі стараліся не працаваць фізічна. Цікавым з’яўляецца таксама звычай «сцябання» вярбой. Раніцай бацькі злёгку ўдаралі дзяцей галінкамі, прыгаворваючы розныя прыказкі. Людзі верылі, што гэты рытуал прыносіць здароўе і шчасце. Існаваў яшчэ і звычай мыцца вадой з вярбой. Дзяўчыны верылі, што гэта дорыць прыгажосць і прыцягвае нарачонага. Сяляне выкарыстоўвалі асвечаныя галінкі ў гаспадарцы. Іх клалі пад першую вясновую разору для добрага ўраджаю. Утыкалі ў дах дома для абароны ад маланак. Захоўвалі ля печы, верачы ў ачышчальную сілу.



Вербная нядзеля на працягу многіх стагоддзяў спалучае багаслоўскую глыбіню і народную мудрасць. Магчыма, менавіта ў гэтым спалучэнні і крыецца непераходзячае захапленне вернікаў гэтай урачыстасцю.
Ірына МІКЛАШ
Фота аўтара і Валерыя Казімірчыка з касцёла Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы, а таксама з архіва храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы г. п. Вялікая Бераставіца
Больш фота ТУТ