Да 145-годдзя з часу асвячэння царквы Святога Мікалая
Пісьмовых крыніц, якія праліваюць святло на будаўніцтва першай праваслаўнай царквы ў Вялікай Бераставіцы, захавалася няшмат. Таму каштоўнымі, на мой погляд, з’яўляюцца матэрыялы з Гродзенскага гістарычнага архіва, якія даюць магчымасць аднавіць гісторыю будаўніцтва царквы Святога Мікалая ў Вялікай Бераставіцы. Царква ў гэтым годзе адзначыла 145 гадоў з часу асвячэння (1868). Што мы ведаем пра яе гісторыю? З інвентароў Вялікабераставіцкай царквы ад 10 мая 1843 г. вынікае, што першая царква ў Бераставіцы была пабудавана з дрэва ў 1818 годзе. Службу праводзіў святар Мікалай Вашчановіч (да 1847 г.). Да пачатку 1850-х гадоў царква прыйшла ў заняпад, і ў 1854 годзе Літоўская духоўная кансісторыя ўзняла пытанне па будаўніцтву новай мураванай царквы ў Бераставіцы. З рапарту Гродзенскага Губернскага Праўлення да Гродзенскай Будаўнічай камісіі ад 28 жніўня 1858 г. можна даведацца, што фінансаванне будаўнічых работ прыняў на сябе тагачасны ўладальнік Бераставіцы граф Станіслаў Шчэнсны Касакоўскі (1795-1872), польскі дыпламат на расійскай службе, сенатар і тайны саветнік. Аб гэтым у сваім прашэнні да гродзенскага губернатара І.М.Скварцова ад 21 мая 1862 г. граф Касакоўскі С.Ш. сведчыць: “Желая вполне споспешествовать благотворительной цели, где бы могла воздаваться честь и хвала Всевышнему, я готов во всяком случае приложить всевозможныя старания к постройке новой церкви, жертвуя необходимым для этого лесом и денежными средствами”.
Граф абяцае скончыць будаўніцтва новай царквы на працягу трох гадоў і на тым жа месцы, дзе стаіць старая драўляная царква. 23 снежня 1854 года ў Гродзенскай будаўнічай камісіі быў складзены праект і яго смета архітэктарам Якавам Фардонам. У сваім рапарце да Будаўнічай камісіі ад 24 ліпеня 1858 г. архітэктар піша: “…уже заготовлены Дворовым управлением имения Бржостовицы все материалы и по окончании полевых работ будет приступлено к постройке под моим наблюдением».
У 1858-1859 гг. старую драўляную царкву разабралі. А з матэрыялу, які застаўся пасля разборкі, была ўзведзена на праваслаўных могілках капліца, дзе часова вяліся службы. І, нарэшце, у 1860 годзе на месцы драўлянай царквы пачалося будаўніцтва новай мураванай. Узвядзенне гэтай царквы расцягнулася на восем гадоў. Недахоп матэрыялаў і перапынкі ў фінансаванні прывялі да змены архітэктараў. Замест Якава Фардона ў верасні 1864 г. быў прызначаны Восіп Міхаэліс. Неўзабаве гэты гродзенскі архітэктар 2 кастрычніка 1865 года прыняў ад Гродзенскай канцылярыі распараджэнне за №196 “Аб выкананні праекта на перабудову былога Вялікабераставіцкага касцёла пад праваслаўную царкву”. У архітэктара В. Міхаэліса выбару не было. І новай праваслаўнай царквой у Вялікай Бераставіцы з 23 красавіка 1867 года стаў спачатку былы старажытны касцёл. А восенню, наступнага 1868 года, святар Ануфрый Шэмяціла асвяціў у Вялікай Бераставіцы царкву Святога Мікалая. Гэты помнік архітэктуры рэтраспектыўнага рускага стылю і зараз маляўніча ўзвышаецца на вуліцы Камсамольскай. Цэнтрычны і крыжовы ў плане кубічны аб’ем паступова завершаны перамідальным дахам з невялікім цыбулепадобным купалам на барабане. Выразную кампазіцыю будынка з класічных аб’ёмаў дапаўняе званніца, якая была ўзведзена каля царквы ў 1882 годзе.
Яшчэ раней, у 1865 годзе, насупраць царквы ахвяраваў граф Касакоўскі С.Ш. вялізны дом для народнага вучылішча, у якім выкладалі мясцовыя святары (А. Шэмяціла, А. Будзіловіч і інш.)
З 1938 по 1962 гады службу ў царкве праводзіў протаіерэй Генадзь Гаховіч. Пасля Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. савецкая ўлада рашуча павяла антырэлігійную барацьбу супраць духавенства. У выніку царква Святога Мікалая аказалася зачыненай у 1962 годзе, а царкоўная маёмасць была вывезена ў Масалянскую царкву.
Час адраджэння прыйшоў 24 лютага 1990 года, калі над Вялікай Бераставіцай зноў загучалі званы храма Святога Мікалая. Першую службу ў адноўленай царкве правёў айцец Васілій з Ваўкавыска. Аднаўленню бераставіцкага прыхода спрыяла таксама падзея 25 ліпеня 1995 года, калі гарадскі пасёлак наведаў Патрыярх Маскоўскі і Усея Русі Алексій ІІ, які асвяціў праваслаўныя межы Бераставіччыны.
Андрэй Втарушын, настаўнік
Бераставіцкай ДШМ