Падзяку за добрасумленную працу і садзейнічанне Беларускаму прафесійнаму саюзу работнікаў адукацыі і навукі ў ажыццяўленні праграм яго дзейнасці атрымала ад Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі старшыня прафкама Алекшыцкай сярэдняй школы Наталля Пекар.
Узначальваючы прафсаюзную арганізацыю школы з 2001 года, Наталля Леанідаўна зарэкамендавала сябе вопытным і адказным работнікам, які ўмее знайсці падыход да кожнага чалавека, стварыць спрыяльны мікраклімат у калектыве, з’яўляецца своеасаблівым “мосцікам” паміж адміністрацыяй школы і работнікамі ўстановы.
У Алекшыцкай СШ налічваецца 40 чалавек (педагогаў і работнікаў). Усе з’яўляюцца членамі пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі. І задача старшыні прафкама — улічыць законныя правы і інтарэсы кожнага члена прафсаюзнай арганізацыі ва ўмовах цеснага супрацоўніцтва і сацыяльнага партнёрства з адміністрацыяй школы.
— На кантролі прафкама пастаянна знаходзяцца пытанні аховы працы, цяпер займаемся падрыхтоўкай дакументаў па атэстацыі працоўных месцаў, — расказвае Наталля Леанідаўна. – Вялікую ўвагу ўдзяляем замацаванню маладых спецыялістаў, таму ў нядаўна прынятым новым калектыўным дагаворы прадугледжаны шэраг дадатковых гарантый для іх. Гэта і штомесячныя надбаўкі да заработнай платы, квартальная матэрыяльная дапамога, прадастаўленне жылля ў інтэрнаце, матэрыяльная дапамога пры працаўладкаванні, настаўніцтва вопытных педагогаў. Дарэчы, матэрыяльная дапамога членам прафсаюза выдзяляецца з улікам канкрэтнай жыццёвай сітуацыі: аказваецца яна тым, хто знаходзіцца ў складаным матэрыяльным становішчы, няпоўным сем’ям, настаўнікам, якія завочна вучацца — у час сесіі, маці, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку (першы год), атрымоўваюць матэрыяльную дапамогу ў роўных долях з іншымі, да юбілейных дат і знамянальных падзей таксама выплачваюцца грашовыя сродкі. Не застаюцца без увагі ветэраны педагагічнай працы.
У калектыве стала добрай традыцыяй адзначаць прафесійныя і іншыя святы.
Дарэчы, калектыўны дагавор Алекшыцкай СШ удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе рэалізуемых калектыўных дагавораў, які праводзілі Міністэрства адукацыі і галіновы прафсаюз у 2011-2012 гг., і за прызавое месца ўзнагароджаны Ганаровай граматай абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Вядома, у гэтым немалая заслуга і старшыні прафкама, бо нягледзячы на вялікую педагагічную нагрузку (Наталля Леанідаўна працуе настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі), яна заўсёды знаходзіць час, каб вырашыць праблемы і пытанні, якія хвалююць членаў прафсаюзнай арганізацыі, дабіцца дадатковых мераў стымулявання іх працы, разнастаіць арганізацыю вольнага часу, што, бясспрэчна, спрыяе з’яднанню членаў працоўнага калектыву.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара