Малая радзіма выдатнага земляка

Из истории земли Берестовицкой Культура Лента новостей Общество Это интересно

Матывацыя

У сераду і суботу на аўтобусным прыпынку каля аднаго з дамоў у вёсцы Казлы заўсёды шматлюдна. Людзі чакаюць тут прыезду гандлёвай «лаўкі». Праўда, і вяскоўцы, і дачнікі прыходзяць сюды заранёў, каб расказаць, што ўжо ўзышло ды вырасла на агародзе, падзяліцца навінамі.

Кожны дзень нехта пра­ходзіць ці праязджае каля прыпынку і не звяртае ўвагі на невялікі дом у некалькіх кроках ад яго, у якім некалі нарадзіўся самабытны паэт Пётр Міхайлавіч Купа. Мена­віта тут, у цэнтры вёскі, побач з шумнай дарогаю, дзе часта машыны заглушаюць шчабятанне птушак, адчуваеш сапраўдную повязь з часам, у які жыў і пісаў свае творы наш вясковы лірык.

Дом, дзе нарадзіўся П. Купа

Ну, скажыце, каго не зацікавіць гісторыя простага вясковага хлопца, які стаў паэтам? Яго ўжо няма побач з намі, але засталіся ў спадчыну яго вершы, яго слова. Малая радзіма – гэта часцінка яго сэрца, яго жаданні і памкненні.

Вёска дзяцінства

Нарадзіўся Пётр Купа 1 мая 1941 года ў простай сялянскай сям’і. Тут з вуснаў маці ён пачуў роднае беларускае слова, якому заставаўся верным да апошніх дзён свайго жыцця. Тут ён вучыўся ў Казлоўскай сямігодцы разам з сялянскімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Затым сярэднюю адукацыю атрымаў у Сарасецкай школе, у якую прыходзілася хадзіць за кіламетраў з шэсць. Бедна, але весела жылі пасляваенныя хлапчукі. Гулялі ў вайну, лапту, штандар. Разам з імі бегаў за сяло на луг, узбіраўся на Бельскую гару, якая была любімым месцам зімовых забаў дзятвы. З гары адкрывалася хлопцу прыгажосць роднага краю. У такі момант сэрца яго захлыналася ад любові да родных мясцін. Летам купаўся і вудзіў рыбу ў Свіслачы, хадзіў у лес па грыбы. Дзіва, але ў простай вясковай школцы, нягледзячы на цяжкасці пасляваеннага жыцця, ён знаходзіў магчымасці для развіцця сваіх мастацкіх здольнасцей. Тут бярэ пачатак яго паэтычная сцяжына. Ён убіраў сэрцам прыгажосць роднага куточка зямлі, каб потым шчодра дзяліцца ёй з усімі, пераконваючы тых, хто сумняваецца: карані нашы – у зямлі роднай, сіла наша – ў чысціні яе, душа наша – у яе прыгажосці.

Сцяжынкамі памяці

Гады дзяцінства і юнацтва даюць запас уражанняў на ўсё жыццё. Малая радзіма – сама зямная прыгажосць, дарагі куточак, думка пра які вярэдзіць сэрца пачуццём любові і тугі. У вёсцы яшчэ адчуваецца дух Купаў, захаваліся месцы і памяць, звязаныя з іх жыццём. Кожным учынкам, радком праслаўляў мясцовы паэт край, ганарыўся роднымі мясцінамі i людзьмі, якія тут жывуць.

Злева направа: Анатоль Пятрэвіч, Міхаіл Казакевіч, Петр Купа

Сям’я Купаў аказала ўплыў на станаўленне малога Пятра. Паэтычны талент дастаўся Пятру ад бацькі, які час ад часу занатоўваў рыфмаваныя радкі ў шэры сшытак. Пазней Міхаіл Купа перадаў свайму сыну «простую общую тетрадку» з надзеяй, што сын калі-небудзь стане паэтам: «Где б ни был я: в походе, дома,// Затмят ли душу облака,// В часы успеха и подъема// К тетрадке тянется рука» (зборнік вершаў “Купава”). У запаветным сшытку ён пісаў пра ўсё, што адбывалася і здавалася значным. Уражанні дзяцінства і юнацтва потым адгукнуцца ў лірыцы, калі ён пасталее і пачне грунтоўна спрабаваць свае сілы ў творчасці.

Гэта сюды, да сваіх вытокаў і крыніц, вяртаўся назіральны юнак з далёкіх і блізкіх вандровак. Асабліва любіў ён вясну. Вясна абуджала ўсю прыроду. Самым урачыстым веснавым святам лічыўся Вялікдзень. Да гэтага свята рыхтаваліся ўсе аднавяскоўцы: і старыя, і малыя. Перад святам, на Благавешчанне, кожны раз прылятаў бусел, садзіўся на сваё гняздо на воданапорнай вежы ў пачатку вёскі і працяглым клёкатам абвяшчаў вяскоўцам, што наступае Вялікдзень.

Кожную вясну, на Вялікдзень, прыязджаў Пётр Міхайлавіч у родныя мясціны, каб у чарговы раз сустрэцца з сям’ёй стрыечнага брата Анатоля і аднавяскоўцамі, схадзіць на могілкі да бацькі.

– А, прыляцелі, родненькія, – вітаўся з буслінай сям’ёй паэт, гледзячы на іх са свайго “Жыгулёнка”, – значыць, жыве вёска.

Знакі памяці

Людзі і навакольны свет сталі важнымі для пачынаючага паэта-пачаткоўца. У рыфмаваным радку ён занатоўваў усё, што бачыў і чуў, што турбавала і натх­няла. Слухаючы яго вершы пра працавітага стрыечнага брата ці таленавітую суседку, здаецца, што даўно ведаеш гэтых людзей, здзіўляешся іх майстэрству і радуешся іх поспехам.

”Дзень добры, брат мой стрэчны Толя!
Гляджу, ты вельмі паблажаў.
Ты шмат гадоў ля вёсак поле
Магутным трактарам араў.

Сюды, на казлоўскую зямлю, якая давала сілы і натх­ненне, аўтар “ляцеў”, як толькі выпадаў вольны час. Улюбёны ў свой родны край, Пётр Купа балюча рэагаваў на тое, як разбураецца сучасная вёска – патрыярхальная аснова беларускай мовы і культуры. Кожны раз, калі ён наведваў родныя мясціны, першым чынам ішоў да сваёй хаты, каб моўчкі пастаяць, услухацца ў мройныя гукі, уявіць жыццё, якое цякло тут у дзяцінстве. Вось яна, хай сабе і былая, бацькоўская хата. Яшчэ жывыя дрэвы. Як часта ў сэрцы ён адчуваў весні шум іх маладой лістоты. Усё ў родных мясцінах адчувалася найбольш востра. Вокнамі-вачыма хата па-ранейшаму ўглядалася на суседнія дамы, быццам бы і не было тых далёкіх часоў. Але ж, на жаль, некаторыя хаты зусім пустыя, быццам знямелі.

Роднай вёскай ціха крочу.
Хатаў стала меней.
Можа, д’ябал цёмнай ноччу
Сыпнуў пусташ жменей.

Зямля, якой ты часцінка

Сцежкі маленства выводзяць у шырокі свет тых, хто настойліва шукае свой шлях і сваю справу ў жыцці, тую, пра якую марыў, лежачы сярод лугавых кветак і назіраючы за воблакамі, якія чарадой плылі па небе.

Пётр Купа

Марыў аб сваёй дарозе і юнак з вёскі Казлы. Перш як стаць паэтам, яму прыйшлося многае пераадолець у сваім лёсе. Самы першы крок, які Купа адважыўся зрабіць, быў звязаны з ад’ездам з вёскі, з роднага дома. На пэўным этапе лірычны герой яго вершаў, які нарадзіўся і вырас у маленькай вёсачцы, на ўлонні прыроды, адрываецца ад сваёй малой радзімы і едзе ў сталіцу “вучыцца на журналіста” на факультэт журналістыкі БДУ, які паспяхова заканчвае. Потым будзе працаваць у рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда”, дзе і друкуе свае вершы.

Многа будзе ў яго потым дарог, але гэта, як выток у гарах, які дае пачатак вялікай плыні, упершыню вызначыла яго характар. Здавалася б, цяпер павінны былі адлюстроўвацца новыя ўражанні, спадзяванні, навеяныя жыццём горада. Горад здзіўляе, але не ўражвае паэта. А вось пасля чарговага наведвання малой радзімы ў паэта абавязкова з’яўлялася нізка вершаў.

Памяць

Ёсць людзі, якія запамінаюцца на ўсё жыццё ад першай з імі сустрэчы, з першага слова яны прывабліваюць да сябе, нібы заварожваюць ветлівасцю, цеплынёй, шчырасцю, прастатой душы, чулым стаўленнем да звычайнага, нічым непрыкметнага чалавека. Да такіх людзей і адносіўся наш вясковы лірык Пётр Міхайлавіч Купа. Усё сваё жыццё, куды б яго лёс ні кідаў, імкнуўся ў свае родныя Казлы, да мясцін, дзе прайшло яго дзяцінства, дзе жылі бацькі, родныя, блізкія, знаёмыя. Чуйны да жывога матчынага слова, паэт-самародак, ён не мог не пісаць. Яго вершы напоўнены пяшчотай, светлым сумам і шчырым прызнаннем ў любові да бацькоўскай зямлі. І таму мы часта услед за паэтам паўтараем кранальныя для сэрца, мілагучныя словы:

”Мясціна дзяцінства – малая радзіма.
Мы хочам заўсёды папасці туды.
Яшчэ раз убачыць сваімі вачыма,
Што з ёю зрабілі дажджы і гады.

Зборнік вершаў Пятра Купы пад назвай “Купава” быў выдадзены ў Гродна ў 2001 годзе. Гэта танюсенькая кніга ў белым пераплёце складаецца з 8-мі раздзелаў.

Чытаеш яго творы – і такі прастор узнікае для думак і пачуццяў! Сапраўдныя крынічкі гаючай вады, з якіх колькі ні чэрпаеш, а яны застаюцца бяздоннымі, як і сама творчасць сціплага вясковага паэта.

Марыя КОЎШЫК, настаўніца рускай мовы і літаратуры Канюхоўскай сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *