V абласны конкурс даследчых работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Крыштальная Альфа” праходзіў у Гродне 29 кастрычніка і 1 лістапада. Сярод юных навукоўцаў Гродзеншчыны былі і прадстаўнікі нашага раёна, якія прыехалі прадэманстраваць свае веды і даследчыя навыкі па розных школьных прадметах. У секцыі “Гісторыя” ўдзел прынялі вучні Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы і Масалянскага ясляў-сада-базавай школы, у секцыі “Беларуская літаратура” выступалі школьнікі Кватарскага і Масалянскага ясляў-садоў-базавых школ, у секцыі “Біялогія” працавалі прадстаўнікі гімназіі аг.Пагранічны, Вялікабераставіцкай сярэдняй школы, Пархімаўскай базавай школы і Масалянскага ясляў-сада-базавай школы, у секцыі “Фізіка” – прадстаўнікі Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы, а ў секцыі “Геаграфія” – Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы.
Як паведаміла галоўны спецыяліст сектара сацыяльнай і арганізацыйна-педагагічнай работы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Апунік, бераставіцкія школьнікі выступілі на “Крыштальнай Альфе” годна і вярнуліся з заслужанымі ўзнагародамі.
У секцыі “Біялогія” даследчыя работы прадстаўнікоў Бераставіччыны заваявалі два дыпломы: дыпломам II ступені ўзнагароджана даследчая работа “Уплыў стымулятараў росту і спосабаў вегетатыўнага размнажэння на працягласць укаранення ліставых чаранкоў узамбарскай фіялкі”, якую выканала Кацярына Сідаровіч, вучаніца 8 класа гімназіі аг.Пагранічны (кіраўнік – Т.А.Паланейчык), а дыплом III ступені атрымала Алена Максімік, вучаніца 8 класа Масалянскага ясляў-сада- базавай школы за даследчую работу “Інвазіўныя віды раслін аграгарадка Масаляны і яго ваколіц”, якую яна выканала пад кіраўніцтвам А.У.Курчыцкай.
Яшчэ дзве работы былі адзначаны і ў секцыі “Беларуская літаратура”. Граматы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама атрымалі Кацярына Буча, вучаніца 9 класа Масалянскага ясляў-сада-базавай школы (кіраўнік – Г.У.Румак), і Юрый Грышкевіч, вучань 8 класа Кватарскага ясляў-сада-базавай школы (кіраўнік – Т.М.Марчык).
Конкурс чытальнікаў
29 кастрычніка ў чытальнай зале дзіцячай раённай бібліятэкі прайшоў раённы конкурс чытальнікаў твораў беларускіх паэтаў. Па словах загадчыцы раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяны Ганчарык, праводзіўся ён з мэтай папулярызацыі беларускай літаратуры сярод дзяцей і моладзі, далучэння школьнікаў да багацця мастацкай культуры, эстэтычнага спасціжэння імі свету багацця чалавечых характараў праз вобразы мастацкага слова, фарміравання маральных перакананняў, эстэтычных поглядаў і густаў, актыўнай жыццёвай пазіцыі вучняў.
Удзел у конкурсе прынялі 25 вучняў 4-9 класаў з усіх устаноў адукацыі раёна. Выразнасць чытання твораў, эмацыянальнасць чытальнікаў і адпаведнасць рэпертуару ўзросту выканаўцаў ацэньвала журы ў складзе загадчыцы раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Т.І.Ганчарык, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Вялікаэйсмантаўскай СШ І.І.Швек і загадчыцы дзіцячай раённай бібліятэкі А.П.Кумпель.На конкурсе была прадстаўлена шырокая жанравая панарама твораў: байкі, вершы-жарты, балады, глыбокія філасофскія творы такіх аўтараў, як Э.Агняцвет, П.Місько, Я.Янішчыц, А.Вярцінскі, Д.Бічэль-Загнетава, С.Законнікаў і др. Журы адзначыла добрую падрыхтаванасць усіх чытальнікаў. Тым не менш, пераможцамі ў сярэдняй узроставай групе сталі Арсеній Сідаркевіч, вучань 6”В” класа Вялікабераставіцкай СШ, Вікторыя Пракоп’ева, вучаніца 4 класа Макараўскага ясляў-сада- СШ і Кацярына Каваленя, вучаніца 4 “Б” класа Вялікабераставіцкай СШ. У старэйшай узроставай групе лепшымі сталі Павел Буры, вучань 7 класа Канюхоўскага ясляў-сада – СШ, Алена Максімік, вучаніца 8 класа Масалянскага ясляў-сада – БШ і Ягор Арцюхевіч, вучань 9 класа Пархімаўскай БШ.
Пераможцы конкурсу атрымалі граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і памятныя падарункі.
“Сцяжынкамі Бацькаўшчыны”
У рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” прайшоў абласны этап рэспубліканскай экалагічнай экспедыцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны”. Ён даў магчымасць навучэнцам устаноў сярэдняй і дадатковай адукацыі далучыцца да работы па вывучэнні праблем экалагічнага стану навакольнага асяроддзя і прыняць практычны ўдзел у вырашэнні прыродаахоўных мерапрыемстваў. Конкурс экалагічнай экспедыцыі праводзіўся па намінацыях ”Багацце расліннага свету“, ”Багацце жывёльнага свету“, ”Глебазнаўства“, ”Водны свет“.
Сярод пераможцаў абласнога этапу аказалася і прадстаўніца Бераставіцкага раёна: работа Дар’і Пячко з Масалянскага ясляў-сада-БШ (кіраўнік – А.У.Курчыцкая) заняла 2-е месца ў намінацыі “Багацце расліннага свету”.
Ірына МІКЛАШ