У РУСП “Масаляны” набылі нямецкі пагрузчык з дыстанцыйным кіраваннем

Лента новостей

Шчыра кажучы, жаночая цікаў­насць прымусіла мяне на мінулым тыдні папрасіць вадзіцеля спыніцца каля бураковага поля РУСП “Масаляны”, дзе назіралася незвычайнае ажыўленне.
Здалёк было відаць, як адразу некалькі мужчын завіхаліся каля нейкага адмысловага яркага механізма з паднятай стралой над магутным грузавіком. Пераадолеўшы круты спуск з асфальтаванай дарогі ўніз на поле, мне прыйшлося адшыбаваць ладны яго кавалак, пакуль я не наблізілася да гэтых людзей.
— Добры дзень! Прабачце, а хто ў вас тут галоўны? Да каго мне звярнуцца? – запыталася я.
— Ён у нас тут сёння галоўны, — паказалі мне.
— Добры дзень! Я з раённай газеты, калі ласка, скажыце, як Вас завуць?
— Добры дзень! Ёзэф Брэтмайстар.
Чалавек стаяў каля кампактнага і прыгожага, як цацка, пагрузчыка, і вока маё прама над ім выхапіла надпіс “Brettmeister”.
— О — о! – вельмі здзівілася я. – Вы і ёсць гэты самы Брэтмайстар?
Чалавек кіўнуў, шчыра ўсміхнуўся і моцна паціснуў мне руку.
Скажу, што ўражанне ў мяне было не меншае, чым калі б каля звычайнага для нас ужо камбайна “Джон Дзір” з’явіўся сам Джон Дзір. Далейшай нашай гутарцы вельмі перашкодзіла няведанне моваў. Я нават не стала ўспамінаць тыя некаторыя словы са школьнага курса нямецкай мовы, ды і саромелася за вымаўленне, а немец меў не нашмат багацейшы запас рускіх слоў. Спрабаваў тлумачыць мне дылер фірмы “ІмэксБел” Станіслаў Халяво, але і сам не нашмат больш разумеў, чым я. Аднак абодва яны разам утал­кавалі мне, пацвярджаючы словы энергічнай жэстыкуляцыяй, што Ёзэф Брэт­майстар – інжы­нер-кан­ст­руктар з Гер­маніі, а яго ма­дэль буракапагрузчыка называецца “Mini-Maus”, таму што малая і больш увішная, чым ра­ней­шыя вялікія. Ён працаваў над гэтым тры гады, пакуль не ўвасобіў сваю мару ў жыццё. Гэты пагрузчык, па яго словах, танны і практычны, а вя­лікі каштуе паў­мільёна еўра і далёка не ўсім сельгасвытворцам па кішэні. І ён не толькі вынаходца, а яшчэ і ўладальнік уласнай вы­твор­часці і кампаніі, а так­сама некалькі гадоў плённа супрацоўнічае ў такім перспек­тыўным кірунку з вядомай кам­паніяй “Franz Kleine Vertriebs – und Enginering GmbH” – сусвет­ным лідарам у выпуску сель­гастэхнікі для ўборкі, пагрузкі і ачысткі цукровых буракоў.
Удакладніла я ўсё гэта потым у Інтэрнэце. А тады, падзякаваўшы за цікавую гутарку і палюбаваўшыся, як беражліва “маленькая мыш” падбірае з вялізнай кучы буракі і падае на грузавую машыну, на развітанне я запыталася, як яму спадабалася ў Беларусі.
– О, мне очень нравится Бе­ларусь! – быў эмацыянальны і шчыры адказ з моцным акцэнтам.
Задаволены сваёй выдатнай пакупкай і ў РУСП “Масаляны”. Раней грузілі тут цукровыя буракі навясным старым пагрузчыкам СПС, які не ачышчаў салодкія карані, а таксама “Амкадорам” са звычайным каўшом.
Галоўны інжынер Аляксандр Масько расказаў мне, што нямецкі пагрузчык з дыстанцыйным кіра­ваннем, вельмі эфектыўны. У захапленні ад новай тэхнікі быў і механізатар Войцех Пляўга, які яго апрабоўваў.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *