Прафесійная арыентацыя вучняў у Старадварэцкім яслях-садзе-базавай школе

Лента новостей

Прафарыентацыя – вельмі аб’ёмнае паняцце, якое прадугледжвае шырокі комплекс мер па аказанні дапамогі ў выбары прафесіі. У Старадварэцкім яслях-садзе-базавай школе прыкладаецца шмат намаганняў, каб як мага лепш задаволіць запыты дзяцей, каб кожны выпускнік знайшоў сябе ў пэўнай прафесійнай дзейнасці, быў добра падрыхтаваны да самастойнага жыцця.
Педагагічны калектыў нашай установы разумее, што прафесійная арыентацыя вучняў – адна з важнейшых функцый шко¬лы. Як бы дзіця ні вучылася, якім бы значным аб’ёмам прадметных ведаў ні валодала, яму не адысці ад праблемы выбару прафесіі. I тут вялікая роля адводзіцца настаўніку, класнаму кіраўніку, бацькам, якія не толькі абавязаны дапамагчы, але і павінны быць прыкладам адкрытасці, творчасці, адданасці любімай справе.
У нашай школе працуюць 24 педагогі. I хіба яны выбіралі сваю прафесію, кіруючыся яе прэстыжнасцю ці матэрыяльнымі інтарэсамі? Безумоўна, не. Для іх школа – гэта лёс, справа па душы. Многія з настаўнікаў не толькі змаглі прывіць дзецям любоў да свайго прадмета, але і прадвызначыць выбар вучнямі будучай прафесіі.
Стварыць неабходныя ўмовы для атрымання нашымі вучнямі якасных ведаў, для прафесійнага і жыццёвага самавызначэння выпускнікоў дазваляюць пашырэнне дапрофільнай адукацыі, дыферэнцыяцыя адукацыйнага працэсу і актыўная прафарыентацыя, якая вядзецца ў нашай школе.
Вучні 9 класа наведваюць факультатыў “Маё прафесійнае будучае”. Яны склалі буклет “Прафесіі XXI стагоддзя”, удзельнічалі ў конкурсе даследчых работ “Праз мастацтва ў прафесію будучага” у намінацыі “Мой шлях да прафесіі жыцця”.
Настаўнікі-мовазнаўцы пастаянна праводзяць конкурсы сачыненняў па тэмах «Мая будучая прафесія», «Якой я бачу сваю будучую прафесію».
Для вучняў 7-9 класаў арганізоўваюцца экскурсіі на аб’екты, размешчаныя на тэрыторыі аграфірмы “Стары Дворац”, каб пазнаёміць школьнікаў са спецыфікай іх работы, асаблівасцямі пэўных прафесій. На гэты навучальны год для навучэнцаў таксама запланаваны экскурсіі ў рэдакцыю “Бераставіцкай газеты”, Бераставіцкі камбінат бытавога абслугоўвання, раённы вузел электрасувязі, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.
Значную работу праводзяць настаўнікі пачатковых класаў і класныя кіраўнікі 5-9 класаў па афармленні альбомаў «Прафесіі маіх бацькоў» з фотаздымкамі на рабочых месцах, у школе аформлены куток па прафесійнай арыентацыі.
Вялікую падтрымку ў прафарыентацыйнай рабоце аказваюць і бацькі. На бацькоўскіх сходах пастаянна вядзецца адкрыты дыялог па дадзенай праблеме.
Вучням старэйшых класаў своечасова падаецца інфармацыя аб прафесіях, запатрабаваных на рынку працы, аб навучальных установах нашага раёна і Рэспублікі Беларусь, прапануюцца канкрэтныя рэкамендацыі.
Многія з маладых спецыялістаў і рабочых аграфірмы “Стары Дворац” – нашы выпускнікі, якія пасля атрымання сельскагаспадарчай адукацыі вярнуліся працаваць у родную вёску і не пашкадавалі аб сваім выбары. Сярод іх — С.А.Кавальчук, які працуе галоўным заатэхнікам гаспадаркі, В.С.Фурманчук — бухгалтар-касір, М.М.Носава – загадчыца цэнтральнага склада, Т.У.Затаўка – вагаўшчыца, А.В.Каверка – шафёр, І.І.Шуміла, П.П.Мазан, І.Г.Раздзялоўскі – трактарысты.
Есць нашы выпускнікі і сярод медыцынскага персаналу раённай бальніцы, работнікаў РЭС, супрацоўнікаў МНС, ДПС – усе яны пастаянныя і жаданыя госці на вечарах сустрэчы з цяперашнімі вучнямі, якія мы арганізоўваем рэгулярна.
40% выпускнікоў 2013 года атрымоўваюць у навучальных установах Гродзенскай вобласці рабочыя спецыяльнасці, і мы спадзяёмся, што яны таксама вернуцца ў родную гаспадарку.
Такім чынам, нашы выпускнікі і іх бацькі, адміністрацыя і настаўнікі школы падыходзяць да выбару будучай прафесіі нашых навучэнцаў вельмі прадумана. Бо выхаванне сапраўднага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь магчыма толькі сумеснымі намаганнямі педагагічнага калектыву, вучняў, бацькоў і соцыуму, і адбываецца яно не толькі праз грамадзянска-патрыятычнае і ідэйна-маральнае выхаванне школьнікаў, але і праз прафарыентацыю.
Марына Высоцкая, Старадварэцкі яслі-сад – базавая школа



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *