85 год уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Жыхары Бераставіччыны не шкадавалі жыцця дзеля вызвалення

Актуально День народного единства Лента новостей Общество

17 верасня адзначаецца Дзень народнага адзінства і 85-годдзе ўз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай ССР. Гэта дата – выдатная нагода задумацца пра значэнне памяці і ўласнай гісторыі, пра тое, што трэба ведаць праўду і цаніць дасягненні продкаў. Гэта даніна памяці нашым землякам, якія не змірыліся з несправядлівасцю Рыжскай мірнай дамовы і якія змагаліся за ўз’яднанне беларускага народа ў адзінай нацыянальнай дзяржаве.

На Бераставіччыне  на працягу дваццаці гадоў ішла няспынная барацьба за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.  Жыхары многіх вёсак раёна прайшлі крутымі сцежкамі падполля, вынеслі ўсе жахі пекла польскай дэфензівы.

“Бальшавіцкая” вёска

“Бальшавіцкай” называлі вёску Бераставічаны. Нямала мясцовых жыхароў вызначаліся рэвалюцыйным настроем і нераўнадушнай грамадзянскай пазіцыяй. Актывістамі былі Іван Дзешка, Піліп Жлабовіч, Мікалай Акуліч, Фёдар Мацяш, Павел Жалудок, Фёдар Дзешка. Камсамолец Фёдар Дзешка, дарэчы, узначальваў гурток дапрызыўнікоў у вёсцы. На падобных гуртках будучых салдат заклікалі ствараць камсамольскія ячэйкі ў арміі, патрабаваць ад камандавання добрага абмундзіравання і харчавання, давалі наказ ніколі не страляць у рабочых і сялян – у сваіх братоў на ўсходзе.

Адной з першых жанчын на Бераставіччыне, якая ўступіла на шлях барацьбы за вызваленне краю ад польскай акупацыі, была Вера Валейка з Бераставічан. Ужо ў пачатку 1920-х гадоў яна была членам падпольных камсамольскай і камуністычнай арганізацый, адным  з арганізатараў гуртка Беларускай сялянска-работніцкай грамады, якая цесна супрацоўнічала з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі. Разам з Надзеяй Зданчук яна стварыла гурток Таварыства беларускай школы. Дзяўчаты арганізавалі сваю бібліятэку, развучвалі з мясцовай моладдзю беларускія п’есы, народные песні. У 1929 годзе Вера Валейка ўваходзіла ў беларускі камітэт па падрыхтоўцы сялянскага кангрэса Заходняй Еўропы ў Берліне. Былі арышты, была вялікая падпольная дзейнасць, якая ўрэшце рэшт вылілася ў перамогу – у верасні Заходняя Беларусь, а разам з ёй і Бераставіччына, далучыліся да БССР.

Жыццё ў ахвяру

Немала землякоў загінулі падчас народнай барацьбы. Жыхар вёскі Бераставічаны Іван Толкач – адзін з іх. Яго нашчадак Аляксандр Аўдзяевіч, які цікавіцца краязнаўствам і гісторыяй свайго роду, па крупіцах збірае інфармацыю аб лёсе стрыечнага дзеда.

Са слоў майго роднага дзеда Мікалая, яго брат быў арыштаваны за падпольную дзейнасць, – дзеліцца Аляксандр Міхайлавіч. – Іван Кірылавіч знаходзіўся ў турме ў Крынках (цяпер Польшча) і там ён загінуў. Як менавіта, невядома. Магчыма, яго там забілі ці ён сам памёр. Толькі адтуль жывым ён так  і не выйшаў.

Іван Толкач быў актывістам нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў вёсцы Бераставічаны. Яго прозвішча як аднаго з арганізатараў масавай дэманстрацыі знагоды 7 лістапада 1931 года ўпамінаецца ва ўспамінах Веры Валейкі, апублікаваных у раённай кнізе “Памяць”. А ў Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці захавалася данясенне Гродзенскай павятовай камендатуры паліцыі ад 9 снежня 1937 года  “Аб зборы камсамольцамі в. Бераставічаны прадуктаў у дапамогу рэспубліканскай Іспаніі”. У данясенні адзначаецца, што “… Ян Толкач, сын Кірыла, жыхар в. Бераставічаны, член РК КСМЗБ у Вялікай Бераставіцы, які знаходзіўся ў апошні час у кантакце з інструктарамі Гродзенскага КСМЗБ  і які, згодна атрыманых ад іх дырэктыў аб правядзенні збораў у дапамогу інспанскім камуністам, назначыў жыхароў в. Бераставічаны Дзешку Мікалая, сына Яна, Валейку Аляксандра, сына Тамаша, і Лазарчыка Яна, сына Данілы, для правядзення збору бульбы з мэтай яе продажу і перадачы атрыманых грошай партыйным інструктарам…”. Як аказалася, было сабрана 150 кг бульбы, на якую камендант паліцэйскага ўчастка наклаў арышт.

У раённай газеце “За камунізм” ад 28 снежня 1968 года, у нумары, прысвечаным 50-годдзю стварэння БССР, былі апублікаваны два здымкі фатографа-аматара Уладзіміра Седзюка. На першым – дэманстрацыя, якая адбылася 7 лістапада 1939 года ў Вялікай Бераставіцы, на другім – актывісты-падпольшчыкі Бераставіччыны. Большасць прозвішчаў, на жаль, за даўнасцю часу сцёртыя з памяці. Аднак намаганні і ахвяры землякоў мы помнім і ўдзячныя ім за дзень сённяшні ў адзінай мірнай Беларусі.

Меркаванне

“Унёсак нашых землякоў у справу вызвалення ад іншаземнага засілля важкі і неацэнны”

Алена СІЛКОВА, старшыня Бераставіцкага раённага савета ветэранаў:

– Мірны дагавор, які завяршыў савецка-польскую вайну і быў падпісаны 18 сакавіка 1921 года ў Рызе без удзелу беларускага боку, прывёў да таго, што этнічныя беларускія землі, беларускі народ амаль на два дзесяцігоддзі былі штучна падзелены на часткі. Заходнія вобласці ўвайшлі ў склад польскай дзяржавы.  Падзел нанёс сур’ёзны ўдар па працэсах нацыянальна-культурнага і палітычнага будаўніцтва Беларусі. На гэтых тэрыторыях не было рэалізавана права беларусаў на самавызначэнне і ім прыйшлося зведаць розныя формы дыскрымінацыі – сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную, эканамічную. На землях Заходняй Беларусі, якія палякі называлі “крэсамі ўсходнімі” – “усходняй ускраінай”, ажыццяўлялася мэтанакіраваная жорсткая палітыка эксплуатацыі мясцовага насельніцтва, разрабаванне прыродных рэсурсаў, вывазу і знішчэння культурных і матэрыяльных каштоўнасцяў. Але людзі супраціўляліся прыгнёту. Рэвалюцыйны рух за вызваленне ад сацыяльнага і нацыянальнага ціску нарастаў з кожным годам. У тым ліку гэты працэс адбываўся і на Бераставіччыне. Узначальвалі яго камуністы і прадстаўнікі іншых прагрэсіўных рухаў. У Вялікабераставіцкай гміне ў снежні 1923 года налічвалася 59 членаў КПЗБ і 28 членаў КСМЗБ. У гэты час яна займала першае месца па колькасці членаў КПЗБ у Беластоцкай акрузе. Унёсак нашых землякоў у справу вызваленне ад польскага прыгнёту важкі і неацэнны. Мы павінны памятаць пра гэта і быць удзячныя продкам  за нястомную барацьбу дзеля шчаслівага свабоднага жыцця.

Святлана ГАНЧАРОВА

Фота з газетных архіваў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *