Прывядзіце дзяцей да Бога

Лента новостей

Распачаўся новы навучальны год. Якім ён будзе? У першую чаргу гэта залежыць ад моладзі і дзяцей, але таксама ў значнай ступені і ад іх бацькоў. Бо ўсім вядома, што дзецям або маладым людзям школьнага ўзросту лягчэй і прыемней глядзець тэлевізар, гуляць у камп’ютарныя гульні ці сядзець у Інтэрнэце (як змяняецца час – ужо нават сябры не на першым месцы!). І менавіта тут патрэбна свядомасць бацькоў у правільным выхаванні дзяцей, якія, на жаль, часта забываюць аб гэтым. Гаворачы пра абавязак бацькоў займацца выхаваннем сваіх дзяцей, мы не можам ігнараваць і абавязак па рэлігійнаму выхаванню дзяцей.
Другі Ватыканскі Сабор Каталіцкага Касцёла ў многіх сваіх дакументах асаб­ліва пад­крэслівае місію баць­коў як першых і галоўных выха­вальнікаў, якіх нялёгка замяніць: “Бацькі, якія далі жыццё сваім дзецям, у вышэйшай ступені абавязаны выхоўваць сваё патомства, і таму павінны разглядац­ца як першыя і галоўныя педагогі». Іх выхаваўчая мі­сія заключаецца не толькі ва ўвя­дзен­ні дзяцей у сферу чалавечых каш­­тоў­­насцей, але і да­­­лучэнні іх да ду­хоўных каштоў­насцей. Баць­кі ады­г­рываюць клю­­чавую ролю ў пер­шай перадачы веры і ў па­чатку хрысціянскага жыцця сваіх дзяцей.
Бацькі, дзейнічаючы на службе перадачы веры, з’яўляюцца — як іх апісаў благаслаўлёны Ян Павел II — першымі катэхетамі сваіх дзяцей. Ажыўлёныя верай, якая была ім перададзена, яны павінны абуджаць у сваіх дзецях адчувальнасць да евангельскай весткі і ўсведамляць ім ролю кожнага чалавека ў захаванні справядлівасці і пакою.
Праз ласкі сакрамэнту шлюбу бацькі атрымліваюць заданне і прывілей евангелізацыі сваіх дзяцей. Як мага раней яны павінны далучаць сваіх дзяцей да таямніц веры, бо менавіта бацькі з’яўляюцца першымі яе веснікамі. Як гэта зрабіць? Маліцца з дзецьмі, чытаць ім слова Божае, хадзіць разам на святую Імшу, далучаць іх да жыцця Хрыста і Яго Касцёла. Праз гэта бацькі становяцца бацькамі ў поўным сэнсе слова, а не толькі тымі, хто даў дзецям фізічнае жыццё.
Вось чаму хрысціянскія бацькі павінны пастаянна прыкладаць намаганні і не траціць стараннасць, каб падрыхтавацца да катэхізацыі сваіх дзяцей. Першым і неабходным элементам з’яўляеца канкрэтны прыклад і жывое сведчанне веры імі самімі. Толькі молячыся разам са сваімі дзецьмі, бацька і маці пранікаюць у глыбіню іх сэрцаў, пакідаючы там сляды, якіх не змогуць сцерці ніякія жыццёвыя абставіны.
Наступным крокам з’яўляецца адпраўленне сваіх дзяцей на ўрокі рэлігіі і катэхізацыю. Гэта вельмі важны крок! Вартыя шкадавання тыя бацькі, якія кажуць, што дзіця стамілася, што яму не хочацца і г.д. Благаслаўлёны Ян Павел II казаў: «Патрабуйце ад сябе, нават калі ніхто ад вас гэтага не патрабуе». Дзеці, у большасці выпадкаў, яшчэ не ўмеюць ад сябе нічога патрабаваць, для гэтага, між іншым, у іх ёсць бацькі. Дзеці, якія выхоўваюцца ў веры і любові сваіх бацькоў, маюць выдатны старт дарослага жыцця. Тата, мама! Дапамажыце сваім дзецям вырасці добрымі людзьмі! Будзьце адказнымі і свядомымі гэтага, таму што некалі Бог спытае вас, як вы выхоўвалі сваіх дзяцей.

а.Анджэй Іадкоўскі, місіянер, вікарый касцёла Перамянення Пана г.п.В.Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *