Жыхарка аграгарадка Стары Дворац, наведвальніца аматарскага аб’яднання “Вяскоўцы” мясцовай сельскай бібліятэкі Людміла Кавалёва – шматгранная таленавітая асоба, якая дорыць блізкім сваю любоў, клопат і часцінку душы.
Людзей, якія не маюць аніякіх талентаў проста не існуе. Гэта пацвяржаюць і мае пошукі гераіні для артыкула: нехта пячэ торты, да якіх магазінным як пешшу да Берліна, нехта складае карціны з алмазнай мазаікі, другія ўвесь свет засадзілі б кветкамі і, пажадана, – экзатычнымі. А ў многіх жанчын – проста суквецце здольнасцей, якія не адразу і заўважыш. Мо пуд солі і не спатрэбіцца разам з’есці, каб разглядзець шматграннасць асобы, а пагутарыць больш цесна не пашкодзіць.
Дарэчы, у маім выпадку для гэтага нават існуюць спрыяльныя ўмовы – аматарскае аб’яднанне “Вяскоўцы” ў Старадварэцкай сельскай бібліятэцы. На пасяджэнні, прысвечаным творчым захапленням, жанчыны нанеслі столькі шэдэўраў, што раскласці на адным стале іх было проста немагчыма.
Душа аб’яднання
Жыхарка аграгарадка Стары Дворац Людміла Кавалёва – удзельніца “Вяскоўцаў” і актыўная чытачка бібліятэкі. Без перабольшвання магу сказаць, што яна – душа аб’яднання. “Лёгкая да смеху”, жартаўніца, не прапускае ніводнага мерапрыемства. Вось тут, у бібліятэцы, я і пазнаёмілася з вырабамі Людмілы Эдуардаўны. І напрасілася ў госці.
У пярэднім пакоі мяне сустрэлі гаспадары і кот Рыжы. Гаспадар далікатна выдаліўся, а Людміла паказала мне кватэру. Утульная, прыбраная, з прыгожымі шпалерамі.
– Людміла, а хто вам так прафесіянальна паклеіў сцены? – запытала я.
Майму пытанню жанчына здзівілася:
–Ды я сама!
–Адна, без дапамогі?
–А як жа? Ніхто мне не дапаможа як трэба, толькі перашкаджаць будуць.
Вось табе і на! А паспрабуй паскачы на табурэтку і з яе сто разоў: адмерай, адрэж, намаж, прыклей цяжкія шчыльныя шпалеры. Але гаспадыня толькі ўсміхаецца. Падцягнутая, з фігурай гімнасткі, хуткая ў рухах, Людміла, здаецца, без цяжкасцей робіць усю працу.
Дзе нарадзілася, там і прыгадзілася
Нарадзілася жанчына ў Старым Дворцы. Бацькі працавалі ў калгасе. Пасля васьмігодкі скончыла Брэсцкі чыгуначны тэхнікум і па размеркаванню трапіла ў ардэнаносную Оршу на пасаду дыспетчара цягнікоў. Тут жа, у Оршы, мініяцюрная бландзінка выйшла замуж. У дэкрэт паехала да бацькоў, ды тут і засталася, “перацягнуўшы” сюды і мужа. Працавала ў калгасе і чакала сваё жыллё. Тут нарадзіліся дзеці.
Захапленне жыцця
–Вязаць я пачала з 17 гадоў, – успамінае Людміла Эдуардаўна. – Мама навучыла. Яна вельмі хораша вязала. Я паспрабавала і мне спадабалася.
Вось так, аднойчы ўзяўшы ў рукі спіцы і кручок, жанчына атрымала захапленне на ўсё жыццё. Вязала касцюмчыкі дзецям, шапачкі, швэдры… У часопісах знаходзіла малюнкі – такія смешныя і прыгожыя. Хацелася сваіх дзетак прыгожа апрануць.
–Цяпер ужо і не ўпомню, што навязала за гады, – Людміла вядзе мяне ў другі пакой і паказвае мне вязаныя… кеды, красоўкі, тапачкі з мордачкамі панды, шкарпэткі з “косамі”.
Канешне, кардыган ажурнай вязкі вышэй за ўсіх пахвал – ніводнай памылкі! Пра такія вырабы кажуць: машынная вязка. Але, кеды, красоўкі! Такога я, прызнацца, не сустракала!
–Гэта ўсё, што засталося, што не разабралі, – выкладае пары вязальшчыца, і яны займаюць усю канапу…
–А каму вы найбольш вяжаце, дзецям, унукам?
–Ой, каму толькі не вяжу! І родным, і знаёмым, і знаёмым знаёмых. Убачаць мае тапачкі і просяць звязаць. Унукі (а іх у жанчыны чацвёра) маюць па некалькі параў. Дык прыдумваюць – якую жывёлу хацелі б і звоняць:
–Бабуля, мне з мішкамі звяжы, а мне з лісою…
І яна вяжа. Шукае ў інтэрнэце схемы, малюнкі. І зараз абноўкі ўжо радуюць малых.
–Звязала свату кеды, дык жонка ў яго забрала, – расказвае Людміла Кавалёва. – Прыйшлося і ёй звязаць. А потым яны знасіліся – дык сват зашываў і насіў. Ну, яшчэ звязала. Сваячка сватоў папрасіла… Ды раптам прыехала сама, з ніткамі. Ёй проста жыццёва неабходна было апрануць да зімы …ката.
“Ды не вязала я на катоў”, – спрабавала “адбрыкацца” Людміла. Ды тая ледзь не плакала. Што ж, звязала і кату.
–Шчаслівая “каціная мама” даслала фота любімца ў абноўках, – Людміла дэманструе мне картачку кабеты з пітомцам. На ёй апрануты кот, які выглядаў не вельмі шчаслівым, затое ў яго гаспадыні – “рот да вушэй”.
–Мае пінетачкі нават у Польшчу паехалі – дачка там працуе, падарыла немаўляці начальніка.
Да слова, у Люсі не толькі якасць вырабаў не саступае машыннай, але і скорасць амаль такая ж. Аднойчы ёй тэрмінова заказалі камплект на хрышчэнне – пінеткі, кофтачка і камбінезон. Дый яшчэ без мерак, нават прыкладных. Справілася! Усё падышло і спадабалася.
Пінеткі і чурсікі
Колькі па часу займае выраб, напрыклад, тых жа красовак? Калі зімою, то за вечар вяжа. Тапачкі “з мордачкамі” – крыху даўжэй, бо малюнак вяжацца кручком, а астатняе спіцамі. Ды і рознакаляровыя ніці блытаюцца, але Людміла цярпліва разбірае іх і вяжа далей. Справа не для слабанервовых. Люся ж, наадварот, супакойвае нервы. Калі рукі доўга не трымаюць спіцы, жанчыне чагосьці не хапае. Няма заказаў – вяжа проста так, а збыць куды – знойдзе. Няма нітак – вяжа з рэшткаў тапцікі немаўляткам. Дарэчы, ці ведаеце вы, чым адрозніваюцца пінеткі ад чурсікаў?
–У пінетак другая форма і шнурок, а чурсікі – з аб’ёмнымі “гузікамі”, накшталт чаравічак.
“Гузікі” – таксама вязаныя, рознакаляровыя. А вось мексіканскі кручок, які спатрэбіўся вязальшчыцы, паставіў у тупік нават гападыню крамы тавараў для рукадзелля. А ён вельмі зручны для вязання дзіцячых чаравічкаў – не спаўзаюць “вочкі” і руку не драпае. А яшчэ Людміла паказала мне з радасцю апошні набытак – лічыльнік шэрагаў. Па выглядзе – як пярсцёнак, з электронным табло. Правязаў радок – націснуў на яго і высвецілася лічба – 1. Зручна.
–Люда, а дзе ж вы ніткі бераце, у вясковай краме іх жа няма?
–Дзе толькі бываю – у першую чаргу шукаю іх – у Гродне, у Валкавыску. Калі не выязджаю – дзеці купляюць, знаёмыя. Усе ведаюць, што ніткі – маё натхненне.
Яшчэ Людміла Эдуардаўна вяжа цацкі! Так, сапраўдныя цацкі. Герояў мультфільмаў, жывёл, казачных істот. Але гэта ўжо – калі папросяць.
Бярэ кручок, вяжа фігурку, напаўняе сінцепонам – і вось вам незвычайны падарунак для дзіцяці. Дарэчы, цяпер такія цацкі вельмі запатрабаныя ў сучасных дзяцей. А здзівіць іх маларэальна!
Майстрыха на ўсе рукі
Пакуль мы п’ём каву на кухні – выйшаў пазнаёміцца і другі кот Людмілы – пухнаты белы Ваня. Гэта яшчэ адна прыхільнасць гаспадыні, і каты плацяць ёй узаемнасцю. Ваня нават адмовіўся жыць у былой гаспадыні – Люсінай дачкі ў Гродне. Аб’явіў байкот і схаваўся пад паддон душавой кабіны. Пошукі далі вынік толькі калі кот пачуў голас Людмілы, якая знарок прыехала ў горад.
А якія стравы гатуе гаспадыня са сваёй любімай ягады – трускаўкі! Масла з трускавак, трускаўкі ў трускаўках на зіму, марожанае з трускавак і банана. Яе ўнукі, прыязджаючы з горада з асалодай ядуць гэткую смакату.
Пад вокнамі кватэры – кветкі і градкі з агароднінай. Дарэчы, кветкі – таксама любоў Люсі. Яны растуць усюды: на вокнах – пакаёвыя, на вуліцы – розы, цюльпаны, гладыёлусы. Наводдаль, каля хлевушка – цэлыя клумбы з раслінамі, выкладзеныя каменнямі. Кветкі і кусты размешчаны ў адмысловым парадку і ствараюць сапраўдны ландшафтны дызайн. Побач – шэраг грыбочкаў з пафарбаваных камянёў. Для гэтай кампазіцыі жанчына на полі адшукала прыдатныя па форме каменьчыкі, набыла чырвоную і белую фарбы – і вось ужо “мухаморы” і “чырвонагаловікі” ўпрыгожылі клумбы і кавалачак асабітай “дачнай” тэрыторыі.
Клопат пра блізкіх – звычайная справа
Адпачываць Людміле Эдуардаўне зусім не прыходзіцца – наведвае сястру, якая часта хварэе, дапамагае даглядаць ляжачых і сталых хворых па просьбе знаёмых. Яна бабулю і памые, і пакорміць, і пагаворыць са старым чалавекам – дачка можа не хвалявацца на працы. Дапаможа і бульбу капаць, дагледзіць унукаў. Звычайнае жыццё простай жанчыны, скажаце вы? Напэўна так. І, дзякуй Богу, што клопат пра блізкіх – гэта звычайная справа для нашых жанчын, якія прывыклі аддаваць – сваю любоў, клопат і часцінку душы.
Людміла БАГДАНОВІЧ, бібліятэкар Старадварэцкай сельскай бібліятэкі
Фота Святланы ГАНЧАРОВАЙ