Гаспадаркі Бераставіччыны рыхтуюцца да жніва

Лента новостей

У канцы чэрвеня камісія ўпраў­лення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама аб’ехала гаспадаркі Бераставіччыны, каб правесці традыцыйную папярэднюю праверку гатоўнасці збожжаўборачных камбайнаў і зернесушыльных комплексаў да жніва. Па словах загадчыка сектара механізацыі Віктара Боські, пахваліць за старанне можна калектывы СВК імя Варанецкага, “Малабераставіцкі элітгас”, РУСП “Масаляны”.
Напрыклад, у СВК “Малабе­раставіцкі элітгас” — добрая забяспечанасць тэхнікай. Тут 13 збожжаўборачных камбайнаў – два “Лексіён – 580”, тры “Джон Дзір”, СF – 80, два “Ліда – 1600”, два КЗС — 10 і тры самыя новыя КЗС — 12 — 18. Іх стараюцца своечасова адрамантаваць, каб не падводзілі ў той напружаны час, калі кожная хвіліна дарагая.
Адлік стажу механізатара Уладзіміра Мароза пачаўся з 1978 года, а закончыў ён нашу мясцовую “кузню кадраў” – былое прафтэхвучылішча. Успамінае сваіх майстроў вытворчага навучання добрым словам. Яны далі яму пуцёўку ў самастойнае жыццё. Шмат сезонаў з той пары адпрацаваў ён на ўборцы. І зараз свой камбайн СF — 80 адрамантаваў загадзя. Расказвае, што рамонт не заўсёды бывае просты, усё магчымае робіцца на месцы, а калі нешта не ўдаецца, супрацоўнічаюць з заводамі. Я паглядзела, як даглядае свайго “жалезнага каня” гэты механізатар. У той дзень, калі я прыехала, увіхаўся Уладзімір Станіслававіч каля камбайна з інструментамі, яму хацелася яшчэ нешта палепшыць, умацаваць. Пра адпрацаваныя сезоны расказвае, што спачатку быў памочнікам камбайнера, затым старшым. Малаціў і адзін, але кажа, што гэта значна цяжэй, чым удваіх. Усё трэба трымаць у полі зроку – і палегласць, і каб не трапіўся камень, і сачыць за якасцю ўборкі.
Зусім мала часу засталося ўжо да ўборкі. Пажадаем нашым земляробам добрага надвор’я, багатага новага ўраджаю.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *