У нядзелю, 24 сакавіка, Каталіцкі Касцёл адзначае Пальмовую, ці Вербную нядзелю — Урачыстасць Уваходу Пана ў Іерусалім. Яна распачынае апошнюю нядзелю перад Вялікаднем, у час якой мы перажываем цэнтральную таямніцу хрысціянскай веры — смерць і ўваскрасення Езуса Хрыста.
У Евангеллi ад Мацвея, дзе апiсваецца жыццёвы шлях Сына Божага, паведамляецца пра найвялiкшае з Яго цудаў – уваскрэсенне памерлага чатыры днi таму Лазара. Назаўтра Хрыстос прыйшоў у Iерусалiм, жыхары якога сустракалi Яго як самага дарагога госця, усцiлаючы дарогу пальмавымi галiнкамi. Хрысцiянская царква надала гэтай падзеi статус найвялiкшага свята, якое адзначаецца ў апошнюю перадвелiкодную нядзелю.
На пачатку літургіі Пальмовай нядзелі чытаецца Евангелле пра трыумфальны ўваход Езуса Хрыста ў Іерусалім, пасля чаго святар асвячае галінкі вербаў і пальмаў, прынесеныя вернікамі, а потым адбываецца ўрачыстая працэсія. Пазней асвячоныя галінкі спаляць, а попелам, які ад іх застанецца, будуць пасыпаны галовы вернікаў у Папяльцовую сераду наступнага года.
Асноўнай абрадавай падзеяй гэтага святочнага дня лічыцца наведванне касцёла, каб асвяціць галінкі вярбы. Іх рыхтуюць загадзя, звязваюць у пучкі і ўпрыгожваюць кветачкамі з каляровай паперы або спецыяльна нарыхтаванымі і засушанымі з лета, а таксама рознакаляровымі стужкамі. Пасля асвячэння прынята было сцябаць вербачкамі адзін аднаго з прыгаворкамі і пажаданнямі: «Не я б’ю — вярба б’е. За тыдзень — Вялікдзень», «Хвароба ў лес, здароўе ў косці». Нашы продкі верылі, што, б’ючы галінкамі, можна перадаць чалавеку здароўе, жыццёвую моц, хараство гэтага дрэва, якое першым абуджаецца ад зімовага сну.
Частку асвячоных галiнак хавалi за бажнiцу – у чырвоны кут, частку ўтыкалi ў сцены цi пад страху ўсiх пабудоў. Там яны захоўваліся на працягу года – да наступнай Вербнiцы. Галiнкi вярбы лiчылi адным з самых надзейных сродкаў, каб зберагчы хату ад пажару, удару маланкi, паводкi, а яе насельнiкаў – ад лiхiх людзей i «дурных» вачэй.
Ірына МІКЛАШ
Фота аўтара
На фота: урачыстасць Уваходу Пана ў Іерусалім адзначылі ў касцёле Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы.