Макет сядзібы Касакоўскіх для музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы зрабіла мінская школьніца

Лента новостей

Адзін з аб’ектаў страчанай архітэктурнай спадчыны Бераставіччыны – сядзіба Касакоўскіх – неўзабаве вернецца да нас… у выглядзе макета. Такі падарунак Музею Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы зрабіла нядаўна гімназія №75 г.Мінска. Справа ў тым, што гімназія гэтая мае архітэктурна-мастацкі ўхіл. На працягу апошніх гадоў з лёгкай рукі выкладчыцы выяўленчага мастацтва айчыннай і су-светнай мастацкай культуры Таццяны Вайтэнка ў якасці выпускных дыпломных работ юныя таленты выбіраюць макет-рэканструкцыю якога-небудзь помніка беларускай архітэктуры. Гэта могуць быць цікавыя ў архітэктурным плане палацы, маёнткі, замкі, манастыры, знакамітыя і не вельмі, якія захаваліся да нашых дзён ці ўжо не існуюць. Сядзіба Касакоўскіх зацікавіла выпускніцу гімназіі №75 Любоў Сеніну, якая добра знаёма з бераставіцкай зямлёй і яе гісторыяй, таму што тут жывуць яе сваякі. Палац нам вядомы толькі па старых здымках. Аднак цяпер, дзякуючы старанням школьніцы, ён “ажыве” ў паперы і кардоне. Кіраўнік школьніцы, Таццяна Васільеўна, звязалася з адміністрацыяй нашага музея. І ў мінулую пятніцу ў гімназіі адбылася сустрэча навуковага супрацоўніка Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы Яўгена Волкава з аўтарам работы Любоўю Сенінай і адміністрацыяй гімназіі, падчас якой адбылася ўрачыстая перадача макета. Ад музея гімназіі ўручылі Падзячнае пісьмо, фотаальбом “Вялікая Бераставіца і ваколіцы” і кнігу С.А.Габрусевіча і С.В.Марозавай “Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё. Спадчына”, а дзяўчынцы – мяккую цацку Вавёрку, сімвала нашага мястэчка. Дарэчы, у Музеі Вавёркі, макет сядзібы Касакоўскіх – не адзіны. Настаўніца мастацкага аддзялення Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў Кацярына Арабей выканала макет касцёла Візітацыі Дзевы Марыі, а мясцовы мастак Аляксандр Ваўчок працуе над макетам будынка ратушы. Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *