У гонар Героя Савецкага Саюза Мікалая Гастэлы названа вуліца ў Вялікай Бераставіцы.
Імя Гастэлы ўшанавана дзякуючы подзвігу, які ён здзейсніў на чацвёрты дзень Вялікай Айчыннай вайны. Герой пайшоў на “вогненны таран” на падбітым нямецкай зеніткай самалёце і знішчыў варожую механізаваную калону.
Першыя крокі
Мікалай Гастэла нарадзіўся 6 мая 1907 года ў Маскве ў сям’і выхадца з беларускай вёскі Плужыны (цяпер – Карэліцкі раён Гродзенскай воблаці). Працаваць пачаў у 1923 годзе, стаўшы вучнем сталяра, быў слесарам на паравозабудаўнічым заводзе, на механізаваным заводзе будаўнічых машын. У 1928 годзе ўступіў у рады Камуністычнай партыі.
У маі 1932 года па спецыяльнаму набору юнак быў прызваны ў Чырвоную Армію і накіраваны на вучобу ў ваенную авіяцыйную школу пілотаў у горад Луганск.
Вучоба працягвалася каля палутара гадоў. Рэальная ж служба пачалася ў 82-й цяжкай эскадрыллі 21-й цяжкабамбардзіровачнай авіяцыйнай брыгады, якая базавалася ў Растове-на-Доне. Мікалай Гастэла асвоіў цяжкі бамбардзіроўшчык ТБ-3 і стаў спачатку лётаць у якасці другога лётчыка. З лістапада 1934 года самастойна пілатаваў самалёт, стаўшы камандзірам карабля.
Служба ў Чырвонай Арміі
Гастэла дэманстраваў выдатны талент пілота і лідэрскія здольнасці: ужо ў 1938 годзе ён камандаваў звяном, а праз год стаў намеснікам камандзіра эскадрыллі. Падчас канфлікту з японцамі на Халхін-Голе ён прымаў актыўны ўдзел у баявых дзеяннях, а таксама ваяваў на франтах Савецка-фінскай вайны 1939-1940 гадоў і ўдзельнічаў у аперацыі па далучэнні Бесарабіі і Паўночнай Букавіны да Савецкага Саюза ў чэрвені-ліпені 1940 года.
Апошняя мірная вясна прайшла ў напружанай вучобе – у складзе 42-й авіядывізіі фарміраваўся новы 207-ы бамбардзіровачны полк, а асабовы склад, уключаючы Мікалая Гастэлу, асвойваў сучасны ў той час далёкі бамбардзіроўшчык ДБ-3Ф.
Такім чынам, на пачатак Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Гастэла быў загартаваны ў баях і вядомы ў Чырвонай Арміі як адзін з лепшых пілотаў і камандзіраў бамбардзіроўшчыкаў.
Вялікая Айчынная вайна
З пачаткам вайны падчас раптоўных налётаў праціўніка на аэрадромы, якія базіраваліся ўдалечыні ад мяжы, савецкія бамбардзіровачныя авіяпалкі не панеслі цяжкіх страт на зямлі, але пазбавіліся дзясяткаў самалётаў і экіпажаў ад агню варожых знішчальнікаў і зенітак у паветры. Асноўная задача далёкіх бамбардзіроўшчыкаў – выкананне стратэгічных задач у тылу праціўніка. Аднак у сітуацыі, якая склалася ўлетку 1941 года, большасць вылетаў далёкіх бамбардзіроўшчыкаў накіроўвалася для знішчэння намецкіх танкаў і мотапяхоты, якія хутка перасоўваліся па савецкай зямлі. Напрыклад, 207-ы полк, дзе камандзірам эскадрыллі служыў Мікалай Гастэла, з вышыні 600-800 метраў і з інтэрвалам у 15 мінут звёнамі атакаваў надыходзячыя матарызаваныя калоны ворага на захад ад Пружан і Кобрына. На некаторы час танкі атрымалася спыніць, але гэты поспех быў дасягнуты вельмі дарагім коштам.
Удар на сябе
На чацвёрты дзень ад пачатку вайны Мікалай Гастэла адправіўся на баявое заданне, якое стала фатальным у яго лёсе. Экіпаж пад камандаваннем Гастэлы ў складзе лейтэнантаў Бурдзянюка і Скарабагатага, а таксама старшага сяржанта Калініна, вылецеў для правядзення бамбардзіроўкі нямецкай механізаванай калоны на дарозе Маладзечна – Радашковічы. У ходзе выканання задання нямецкія зенітчыкі падбілі ДБ-3Ф – снарады патрапілі ў бензабак. Агонь разгараўся хутка і не пакідаў ніякіх шанцаў экіпажу. Тады Мікалай Гастэла прыняў складанае рашэнне і накіраваў палаючы самалёт проста ў вялікую колькасць бензацыстэрнаў і машын праціўніка, здзейснеўшы “вогненны таран” нямецка-фашысцкай тэхнікі.
Уплыў подзвіга
Гастэла разам са сваім экіпажам коштам уласных жыццяў нанеслі захопніку сур’ёзныя страты. А самога Мікалая Францавіча ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР пасмяротна ўзнагародзілі званнем Героя Савецкага Саюза. Подзвіг Гастэлы атрымаў шырокае асвятленне ў савецкіх сродках масавай інфармацыі. Ён настолькі натхніў савецкіх воінаў, што многія, аказваючыся ў безвыходнай сітуацыі, ішлі на ворага таранам. Мікалай Гастэла ў цяжкі пачатковы перыяд вайны і ў пасляваенныя гады стаў сімвалам мужнасці і гераізму. Яго імя носяць шматлікія вуліцы, населеныя пункты, геаграфічныя аб’екты. Устаноўлены дзясяткі помнікаў у гонар героя-лётчыка.
ЦІКАВЫ ФАКТ «Вогненны таран» – гэта не адзіны подзвіг, які паспеў здзейсніць Гастэла. За два дні да аперацыі па знішчэнні варожай калоны бронетэхнікі ён гучна заявіў аб сабе як аб знішчальніку хваленых нямецкіх самалётаў Люфтвафэ. Гастэла з зямлі асабіста расстраляў з турэлі самалёта варожы Юнкерс-88, які складаў касцяк авіяцыі Германіі. Гэты подзвіг гаворыць пра Мікалая Гастэлу не толькі як пра героя-лётчыка, але і як пра выдатнага стралка.
Падрыхтавала Святлана ГАНЧАРОВА
Фота з архіва БГ і з адкрытых крыніц
#УЛИЦЫ_ГЕРОЕВ_ГРОДНЕНЩИНЫ