Апошні школьны званок прагучаў 30 мая для больш як 1770 школьнікаў нашага раёна.
На ўрачыстых лінейках, прысвечаных заканчэнню навучальнага года, былі адзначаны лепшыя вучні, якія дасягнулі найбольшых поспехаў у вучобе, спорце, пераможцы і ўдзельнікі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, прадметных алімпіяд. На развітальны школьны званок у навучальныя ўстановы прыехалі прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскасці, шматлікія шэфы.
Стыпендыі раённага выканаўчага камітэта атрымалі 21 выдатнік вучобы 8-11 класаў і 6 пераможцаў абласных і рэспубліканскіх аглядаў, выставаў, алімпіяд. Па выніках паспяховай здачы экзаменаў атрымаюць такую стыпендыю яшчэ 8 прэтэндэнтаў на пасведчанне аб заканчэнні базавай школы з адзнакай і чатыры патэнцыяльных залатых медалісты.
Самыя шчырыя пажаданні і віншаванні ў гэты дзень гучалі для выпускнікоў сярэдняй і базавай школы. Дарэчы, у гэтым навучальным годзе сцены школ пакінуць 75 адзіннаццацікласнікаў раёна, базавую школу заканчваюць 203 выпускнікі дзявятых класаў.
На ўрачыстых лінейках у школах прысутнічалі ў гэты дзень і прадстаўнікі аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у г.п.Бераставіца. “Белаграпрамбанк” працягвае добрую традыцыю і ў апошні школьны дзень праводзіць сваю акцыю “Падары дзіцяці мяч”. Напярэдадні летніх канікулаў футбольныя мячы атрымалі і 184 першакласнікі з Бераставіччыны. З такімі падарункамі доўгачаканае лета пройдзе для самых малодшых школьнікаў весялей і з карысцю.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара