Актуальныя задачы ветэрынарнай службы

Лента новостей

Тэмай апошняга раённага семінара-нарады па ветэрынарыі, які адбыўся на базе СВК “Макараўцы”, стала работа ў вясенне-летні перыяд, а таксама меры па зніжэнні невытворчага выбыцця сельскагаспадарчай жывёлы, па скарачэнні бясплоднасці і ялавасці і іншыя актуальныя праблемы. Гутарка вялася пра метады і стыль работы ветурачоў, пра новае ў ветэрынарыі.
Практычная частка ўключала ў сябе аб’езд жывёлагадоўчых аб’ектаў. На малочнатаварным комплексе “Казлы” прысутныя паглядзелі, як захоўваецца санітарны стан на тэрыторыі і ў вытворчых памяшканнях. Тэрыторыя тут агароджана, пры ўваходзе ў будынак ёсць дэзбар’ер. Тэхналогія вырошчвання цялят захоўваецца. Кантралюецца мікраклімат у памяшканнях – тэмпература паветра і вільготнасць. Вядзецца кантроль за санітарным станам малочнага посуду, ёсць растворы для дэзінфекцыі. Стан малочнага блока і абсталявання задавальняючы. У даільнай зале выкарыстоўваюцца кубкі для здойвання першых струменьчыкаў малака, ёсць аднаразовыя сурвэткі, шклянкі з ёдагліцэрынавым растворам для апрацоўкі пасля даення. Праводзіцца дэзінфекцыя даільных шклянак пасля кароў з клінічнай формай мастыту. Санітарны стан у памяшканнях для ўтрымання рагуль добры. Рацыёны кармлення збалансаваныя.
Удзельнікі семінара паглядзелі прыфермскі ветэрынарны пункт, дзе вядзецца графік даследавання дойнага статку на субклінічныя мастыты, ёсць адпаведны журнал. Увага надаецца прафілактыцы. У полі зроку таксама гінекалагічная дыспансерызацыя. Медыкаменты захоўваюцца па правілах, ёсць кантэйнер для тары ад выкарыстаных лекаў. Малодзіва для нованароджаных цялят захоўваецца ў маразільніку.
Затым адбыўся пераезд на малочнатаварную ферму “Глебавічы”. Тут таксама належны санітарны стан тэрыторыі і вытворчых памяшканняў. Удзельнікі семінара паглядзелі, як функцыянуюць секцыйны зменны прафілакторый для цялят і сістэма “пуста — занята”. Ёсць карткі ўліку прафілактычных апрацовак і проціваэпізаатычных мерапрыемстваў, пашпарты гатоўнасці секцыі. Гутарка вялася і пра асаблівасці кармлення цялят прафілакторнага перыяду. Апошнім аб’ектам была ферма “Спецгас”. Тут таксама належная ўвага надаецца навядзенню парадку, ветэрынарна — санітарным мерапрыемствам, вядзенню дакументацыі.
Пасля практычнай часткі адбылося падвядзенне вынікаў. Вопытам падзяліўся галоўны ветурач СВК “Макараўцы” Іван Сарока. Гутарка вялася і пра задачы на будучае. На прафілактыцы афрыканскай чумы завастрыў увагу намеснік галоўнага ветурача раёна Аляксандр Баброў.
Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *