Саматканыя вырабы нашай зямлячкі Марыянны Кажанеўскай не раз упрыгожвалі выставы рознага ўзроўню, а яе імя занесена ў маштабны зборнік “Народныя майстры Беларусі”. Пра жыццёвы шлях гэтай неардынарнай і таленавітай жанчыны, якая выхавала пяцярых дзяцей, а таксама пра захаванне традыцый і сакрэтаў ткацтва, чытайце ў нашым праекце “Мір ствараецца працай”.
Захавальніца традыцый
Кожны з нас пакідае свой след на гэтай зямлі. Хтосьці робіць навуковыя адкрыцці, нехта скарае спартыўныя вяршыні, іншыя пішуць цудоўныя вершы і маляўнічыя карціны. Цяжка пералічыць усе сферы, дзе можа рэалізавацца чалавек. Для кагосці важна штодзённай адказнай працай паляпшаць дабрабыт сваёй малой радзімы, а нехта бачыць сваё прызначэнне ў сям’і, у прадаўжэнні роду і выхаванні дзяцей. Калі гаварыць пра апошняе, то жыхарка вёскі Плябанаўцы Марыянна Кажанеўская сваё мацярынскае пакліканне выканала спаўна, нарадзіўшы і выхаваўшы пяцярых дзяцей. Але за працай і штодзённымі клопатамі жанчына заўсёды знаходзіла час для творчасці і нездарма яна сёння носіць ганаровае званне “народны майстар по ткацтве”.
1 кастрычніка Марыянна Уладзіславаўна адзначыла свой 85-гадовы юбілей. З гэтай нагоды яе дом не раз напаўняўся звонкімі галасамі гасцей, якія прыязджалі выказаць жанчыне самыя шчырыя пажаданні здароўя і даўгалецця. Павіншаваць яе з гэтай адметнай датай адправіліся і работнікі Бераставіцкага дома рамёстваў, з якімі народная майстрыха цесна супрацоўнічала на працягу многіх гадоў. Разам з імі еду і я.
Марыянну Кажанеўскую застаем за вязаннем: як і належыць народнаму майстру, яна не можа сядзець без справы, а пакуль зрок дазваляе, стараецца навязаць дзецям перад зімой цёплых шкарпэтак. Жанчына шчыра радуецца гасцям і запрашае ў хату, заходзячы ў якую нібы трапляеш у музей ткацкага мастацтва. Адразу кідаюцца ў вочы самаробныя дываны, посцілкі, ходнікі і сурвэткі з цікавым геаметрычным малюнкам, створаныя сапраўды залатымі рукамі гаспадыні. Сціплая вясковая жанчына не лічыць чымсці незвычайным сваё ўменне ткаць на кроснах, бо раней практычна кожная жанчына на сяле валодала гэтым майстэрствам. Але цяпер у рэдкай хаце сустрэнеш такое багацце, у якім захоўваецца душа беларускага народа!
Сем “Я”
Жанчына нарадзілася ў 1938 годзе ў вёсцы Одла Бераставіцкага раёна. Яе дзяцінства прыйшлося на суровую пару ваеннага ліхалецця і нялёгкі пасляваенны перыяд.
– Расла я сіратой, бо тата не вярнуўся яшчэ з польскай вайны, – успамінае Марыянна Уладзіславаўна. – Маме дапамагалі мяне гадаваць дзядзька і бабуля, бо да маіх чатырнаццаці гадоў мы жылі разам з імі. У школу хадзіла ў Сарасекі, закончыла там чатыры класы, і бабуля сказала: “Ткаць і прасці ўмее, даволі ёй ужо і гэтай навукі”. Так мая вучоба і скончылася. З 14 гадоў я пайшла працаваць у калгас. Працавала шмат, на розных работах: і на сеялцы была, і на саджалцы, і снапы рэзала, і малаціла – цяпер усё бокам выходзіць: і спіна, і рукі-ногі вельмі баляць.
У 17 гадоў Марыянна сустрэла будучага мужа – Юзафа Кажанеўскага.
– Тры гады ён прыязджаў да мяне, а ў 1958 годзе мы ажаніліся, – расказавае жанчына. – Бацькі яго ў Плябанаўцах купілі маленькую хатку, дзе цяпер у нас гараж стаіць, а потым мы пабудавалі сабе гэты дом. Дзесяць гадоў я жыла са свякрухаю, але яна была нядрэнная для мяне, я жыла пры ёй, як пры маці. Тым больш, што дэкрэтнага адпачынку тады ніякага не было: нарадзіла дзіця, тры месяцы пабыла дома і трэба было ісці на працу. Толькі гэта і ратавала, што бацькі мужа дапамагалі з дзецьмі.
Сям’я Марыянны і Юзэфа Кажанеўскіх была немалая: у ёй нарадзіліся і выраслі пяцёра дзяцей. Цяпер яны ўжо ўсе дарослыя, маюць сваіх дзяцей і ўнукаў.
– У 1959 годзе на свет з’явілася старэйшая дачка Тэрэза, – пералічвае Марыянна Уладзіславаўна. – Яна і цяпер жыве недалёка ад мяне ў Плябанаўцах, засталася на малой радзіме, выйшла тут замуж і працавала ўсё жыццё ў калгасе, цяпер на пенсіі ўжо. Затым нарадзіўся сын Станіслаў, Станіслаў Юзэфавіч, як называюць яго вучні. Ён шмат гадоў працуе настаўнікам фізічнай культуры ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе. Наступнай у нашай сем’і з’явілася дачка Генрыка, яна жыве ў Гродна, працуе касцюмеркай. Пасля яе – сын Міхаіл, ён жыве ў Аульсе, працуе шафёрам – як прыйшоў з арміі, так і “круціць баранку” ўсё жыццё. Ну а малодшая дачка Марыся ў Гродне на хлебазаводзе працуе. Унукаў у мяне таксама пяцёра, падрастаюць тры праўнукі і яшчэ адзін “у дарозе”. На выхадныя дзеці прыехалі на мой юбілей, дык поўная хата гасцей была. Я вельмі шчаслівая, што яны ў мяне ёсць. Шкада толькі, што гаспадара ўжо дзесяць гадоў як няма на гэтым свеце.
Скарбы куфару
Старэйшая дачка майстрыхі Тэрэза жыве ў адной вёсцы з маці, Марыянна Уладзіславаўна жартам называе яе намесніцай ткачыхі – Тэрэза Юзэфаўна таксама ўмее ткаць, ведае, як заправіць кросны, бо не раз дапамагала маці ў гэтай справе.
Падчас нашага візіту яна таксама была ў бацькоўскім доме і разам з маці стала паказваць саматканыя скарбы, якія захоўвае куфар народнага майстра.
– Гэты куфар – яшчэ мой пасаг, – гаворыць Марыянна Уладзіславаўна, праводзячы нас у пакой, дзе стаіць вялізная драўляная скрыня, якую нашы продкі выкарыстоўвалі як шафу. – У куфары сабрана ўсё маё багацце, якое прыдбала за сваё жыццё.
Гаспадыня расчыняе куфар і пачынае па чарзе даставаць з яго свае скарбы: вязаныя рукамі хусткі, дэкаратыўныя дываны і посцілкі з прыгожымі ўзорамі, ручнікі, кавалкі кужалю.
Госці не ўтрымліваюцца, каб не разгарнуть дыван і падзівіцца на яго ўзор.
– Гэты ўзор вытканы “на драты”, як яго называюць, выкананы ў чатырохнітовай тэхніцы, на другім баку ён адлюстроўваецца наадварот, – тлумачыць Марыяна Юзэфаўна. – Ткаць мяне навучыла мама, калі я яшчэ ў школу хадзіла. Адзенне мы ў той час ўсё насілі тканае, бо не было дзе чаго купіць. Ткалі тканіну з тонкіх нітак, прыдатную на бялізну, абрусы і ручнікі, а таксама і больш грубую, якая ішла на мяшкі і палавікі. Ніткі, дарэчы, фарбавалі морквай і буракамі – церлі іх, выціскалі сок і ў гэтым соку вымочвалі. Потым з каляровых нітак ткалі тканіну на сукенкі. Хусткі таксама вязала сама, каб было чым галаву прыкрыць, бо і іх не было дзе купіць. Свэтры мела вязаныя, ды, наогул, усё раней сваімі рукамі рабілі. Я і цяпер шкарпэты дзецям вяжу, каб у ногі холадна не было.
– Колькі я сябе помню, мама ўсё жыццё ткала, – усміхаецца Тэрэза Юзэфаўна. – Тата-нябошчык казаў нават часам жартам: “Кросны ў труну хіба ёй паложым”.
Залатыя рукі
З захапленнем разглядаем дыва-ны народнага майстра, усе яны адрозніваюцца адзін ад аднаго ўзорамі: на адных – раслінна-кветкавыя кампазіцыі, на другіх – геаметрычныя выявы жывёл і экзатычных птушак. Самабытная калекцыя вырабаў Марыянны Кажа-неўскай неаднаразова выстаўлялася на выставах рознага ўзроўню, у тым ліку ў Гродне і Мінску. З 1997 года яна з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, а ў
2020 годзе атрымала ганаровае пажыццёвае званне “народны майстар”.
– Калі Вы апошні раз сядалі за кросны? – цікаўлюся ў Марыянны Уладзіславаўны.
– Ужо і не помню дакладна, – адказвае жанчына.
– Яшчэ калі працавала кіраўніцай гуртка ў Доме рамёстваў, тады дома ў сябе праводзіла майстар-класы і вучыла жадаючых ткаць на кроснах. Цяпер ужо здароўе не дазваляе, ды і сілы не тыя. Я хацела нават аддаць свае кросны ў Адэльскі клуб, але дзеці не дазволілі, сказалі: “Няхай будзе бабуліна памяць”. Так яны і цяпер стаяць: адны – у гаражы, а другія – у шопцы. Нічальніцы, чаўнакі, ручкі – усё там у парадку, хоць цяпер сядай і тчы.
Нялёгкім было жыццё Марыянны Кажанеўскай, але яно не ачарсцвіла яе душу і не прыбрала жадання ствараць прыгажосць. Не палічыць, колькі метраў тканіны яна выткала за гэты час на сваіх кроснах, колькі цудоўных узораў з’явілася на яе дыванах і посцілках, якія і сёння захоўваюць цеплыню і шчырасць яе рук і сэрца. Ды і само жыццё народнай майстрыхі захапляе сваім непаўторным узорам, які знаходзіць свой працяг у яе дзецях і ўнуках.
Ірына МІКЛАШ
Фота аўтара