Нарада з начальнікамі дзіцячых аздараўленчых лагераў і намеснікамі дырэктараў па вучэбна-выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі раёна па пытаннях арганізацыі аздараўлення дзяцей і падлеткаў у летні канікулярны перыяд прайшла 7 мая на базе Бераставіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Адкрываючы нараду, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама Інеса Сайко пазнаёміла прысутных з планам аздараўлення школьнікаў у нашым раёне, з коштам пуцёвак у розных тыпаў лагеры, з дакументацыяй, якая рэгламентуе арганізацыю летняга аздараўлення. Дарэчы, на Бераставіччыне 386 хлопчыкаў і дзяўчынак пройдуць аздараўленне ў лагерах з дзённым прабываннем, 280 – у профільных 9-дзённых, стацыянарны дзіцячы аздараўленчы лагер “Бераставіцкі” прыме за тры змены 285 чалавек. Таму актуальная задача дарослых – зрабіць іх адпачынак карысным і максімальна бяспечным.
Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Алена Буткевіч адзначыла, што падрыхтоўка да аздараўленчага сезону пачалася ў раёне своечасова, ужо пачынаюць паступаць заяўкі на адпачынак у лагерах. Алена Рыгораўна агучыла асноўныя патрабаванні да арганізацыі лагераў, звярнула ўвагу на тое новае, што чакаецца ў перыяд сёлетняй аздараўленчай кампаніі, пажадала ўсім яркіх і цікавых зменаў.
Аб тым, што асаблівую ўвагу трэба надаць адпачынку і аздараўленню дзяцей, якія знаходзяцца на рознага роду ўліках, гаварыла ў сваім выступленні намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Валянціна Майсюк. Менавіта на гэта накіраваны праект “Лета – 2013”, які рэалізуецца камісіяй па справах непаўналетніх і аддзелам адукацыі райвыканкама. Па стану на 1 мая на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх знаходзіцца 25 падлеткаў, 24 – у сацыяльна небяспечным становішчы. Гэтых дзяцей неабходна максімальна ахапіць аздараўленнем і прафілактычнай работай, каб не дапусціць у іх асяроддзі злачыннасці і правапарушэнняў.
Санітарна-гігіенічныя патрабаванні да адкрыцця лагераў рознага тыпу, арганізацыі ў іх харчавання і захавання тэхналогіі прыгатавання страў напомніла ўдзельнікам нарады ўрач-гігіеніст Бераставіцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Суета.
Інспектар Бераставіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Скапец спыніўся на асноўных патрабаваннях пажарнай бяспекі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах і на практыцы паказаў парадак карыстання вогнетушыцелем.
Аб тым, як павінна быць арганізавана работа па ахове працы ў аздараўленчых лагерах, расказала прысутным Анжэла Грыка, інжынер па ахове працы аддзела адукацыі райвыканкама. Асаблівую ўвагу яна звярнула на захаванне мер бяспекі на фізкультурна-спартыўных пляцоўках, на вадзе, пры арганізацыі турыстычных паходаў і экскурсій.
Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Валянціна Апунік азнаёміла ўдзельнікаў нарады з тым, як павінен быць арганізаваны кантроль за якасцю харчавання ў аздараўленчых лагерах. Валянціна Анатольеўна прывяла прыклады найбольш распаўсюджаных парушэнняў пры арганізацыі харчавання, якія выяўляліся ў мінулым годзе, каб не дапусціь іх паўтарэння.
Аб інавацыйных падыходах у праектаванні і арганізацыі выхаваўчай работы ў дзіцячых аздараўленчых лагерах расказала метадыст Бераставіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Таберка. Таццяна Мікалаеўна адзначыла, што поспех лагера у першую чаргу залежыць ад падрыхтаванасці педагогаў, якія будуць працаваць з дзецьмі, і ад новых, цікавых формаў работы пры арганізацыі летняга адпачынку. Каб дапамагчы педагогам, якія будуць працаваць у лагерах, арганізаваць работу па ўсіх напрамках выхаваўчай дзейнасці, на базе ЦТДМ адкрыецца кансультацыйны цэнтр.
Закончылася нарада прэзентацыяй вопыта работы турыстычна-краязнаўчага лагера “Мерыдыян”, якую падрыхтаваў яго кіраўнік, настаўнік Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Леанід Калеснік.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара