Прыём у піянеры ў Вялікабераставіцкай школе правялі на пагранічнай заставе

Лента новостей

Май – традыцыйны месяц для прыёму ў піянеры. 19 мая Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя будзе адзначаць Дзень піянерскай дружбы – адно з галоўных піянерскіх святаў. І да гэтай даты піянерскія дружыны імкнуцца папоўніць свае рады малодшымі школьнікамі, якія з радасцю і хваляваннем чакаюць гэтага ўрачыстага моманту.
Сёлетні прыём у піянеры ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе прайшоў не зусім звычайна. Справа ў тым, што месцам, дзе чацвёртакласнікам урачыста павязалі гальштукі, стала пагранічная застава “Галынка”, з якой у школы наладжана цеснае і плённае супрацоўніцтва.
Сам па сабе выезд на па­гранічную заставу для малодшых школьнікаў ужо падзея, а тут яшчэ такая ўрачыстасць! Хлопчыкі і дзяўчынкі з нецярпеннем чакалі гэтага моманту, каб пабываць на самым рубяжы нашай краіны, сваімі вачыма паглядзець, як ажыццяўляецца ахова Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, і ў гэтым памятным месцы атрымаць піянерскія гальштукі.
Піянерскі збор адбыўся ў пры­сутнасці ваннаслужачых заставы. З хваляваннем чацвёртакласнікі далі ўрачыстае абяцанне любіць сваю Радзіму, быць добрымі, сумленнымі і справядлівымі, заўсёды трымацца Статута і традыцый Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.
Паколькі прыём у піянеры праходзіў на заставе, права павязаць піянерскія гальштукі было дадзена салдатам-пагра­нічнікам.
3 наказам да юных піянераў звярнулася старшыня раённага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Таццяна Таберка. Яна пажадала хлопчыкам і дзяўчынкам з гонарам насіць піянерскі гальштук, быць прыкладам ва ўсім для тых, хто яшчэ збіраецца ўступіць у рады піянерскай арганізацыі, заўсёды быць першымі ў вучобе і працы, сваімі карыснымі справамі і дасягненнямі праслаўляць родную школу.
Свае пажаданні юным піянерам выказаў і начальнік пагранічнай заставы Аляксандр Кот, які яшчэ раз звярнуў увагу на тое, што граніца – гэта святое месца для любой дзяржавы, а людзі, якія тут служаць, надзейна яе ахоўваюць, каб ва ўсіх беларускіх дзяцей была магчымасць жыць і вучыцца пад мірным небам. І бераставіцкія школьнікі павінны ганарыцца тым, што ім выпала магчымасць стаць піянерамі ў гэтым памятным месцы.
Сапраўдным падарункам для малодшых школьнікаў стала экскурсія па пагранічнай заставе, падчас якой хлопчыкі і дзяўчынкі азнаёміліся з умовамі службы і быту пагранічнікаў, наведалі сапраўдную салдацкую баню, спартыўную пляцоўку, паглядзелі тэхніку і зброю, з якой ваеннаслужачыя выходзяць на ахову граніцы. Ну а асаблівае захапленне ў іх выклікалі службовыя сабакі, якія таксама нясуць службу на пагранічнай заставе.
Думаю, што юныя піянеры Вялікабераставіцкай школы запомняць свой урачысты прыём у рады піянерскай арганізацыі, а іх стаўленне да вучобы, паводзіны, удзел у добрых і карысных справах будуць служыць доказам таго, што яны годна выканаюць дадзенае на пагранічнай заставе ўрачыстае абяцанне піянераў.
Ірына Міклаш,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *