Урачыстае адкрыццё свята “Бераст-Фэст. Сон у ліпеньскую ноч, або Чароўная магія кахання” адбылося 8 ліпеня ў летнім амфітэатры гарадскога пасёлка, дзе сабраліся шматлікія жыхары і госці Вялікай Бераставіцы.
Прывітаў прысутных старшыня Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык, які ад імя раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта павіншаваў бераставічан з гэтым доўгачаканым святам і пажадаў усім добра адпачыць і павесяліцца.
Пачынаючы з 2018 года “Бераст-Фэст” аб’ядноўвае бераставічан вялікай сілай беларускай культуры і побыту. Сёлета ён , як звычайна,быў прымеркаваны да Купалля, але арганізатары свята не пакінулі па-за ўвагай і Дзень памяці святых цудатворцаў князя Пятра і яго жонкі княгіні Фяўронні, які адзначаецца 8 ліпеня, і аб’ядналі народнае свята з вясельнымі традыцыямі.
Святыя Пётр і Фяўроння пры жыцці былі ўзорам хрысціянскага шлюбу, самаахвярнага кахання і адданасці, а зараз з’яўляюцца ахоўнікамі сям’і і шлюбу.
Менавіта аб гэтым гасцям свята напомніла начальнік аддзела загс Бераставіцкага райвыканкама Святлана Сцепанчук.
- Кожны чалавек марыць кахаць і быць каханым, кожная сямейная пара імкнецца быць шчаслівай, але з самага пачатку трэба ахоўваць сямейнае шчасце,- адзначыла Святлана Раманаўна. — Вельмі прыемна, што на нашай бераставіцкай зямлі нараджаюцца новыя сем’і, а таксама ёсць сем’і, якія з’яўляюцца прыкладам для маладога пакалення, як трэба жыць і кахаць, як на працягу многіх гадоў захоўваць цеплыню сямейнага ачагу.
На сцэну былі запрошаны сямейныя пары, якія ў 2023 годзе адзначылі 50-годдзе сямейнага жыцця. Сярод іх — Іван Пятровіч і Раіса Васільеўна Пятручык, Віктар Іванавіч і Марыя Баляславаўна Мікуцкія, Аляксандр Міхайлавіч і Ганна Мікалаеўна Барадаўка.
Віншавальныя адрасы залатым юбілярам і падарункі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” уручыў старшыня Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык.
На мерапрыемстве прысутнічалі і маладажоны гэтага года – Павел і Дар’я Эйсмант, а таксама Раман і Карына Дуда. Іх павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Ала Заміроўская, якая пажадала маладым пранесці свае пачуцці праз доўгія гады, каб у іх семьях заўсёды панавалі каханне і вернасць, паразуменне, згода і шчасце.
Вядома, ніводнае вяселле не абыходзіцца без пачастункаў і песень. На “Бераст-Фэсце” артысты таксама парадавалі гледачоў цудоўнымі песнямі, якія, як каханне, бываюць рознымі: пяштоннымі і гарачымі, лірычнымі і імклівымі, з невялікім гумарам і задуменнымі.
А гаспадыні падрыхтавалі для ўсіх прысутных спецыяльны пачастунак з пажаданнямі, каб бераставічанам смачна было кожны дзень, а не толькі ў святы.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара
Больш фота тут https://disk.yandex.ru/d/F2GZuUmPWuTgog