Абласная выстава “Нам засталася спадчына” дзейнічае ў Гродзенскімабласным метадычным цэнтры народнай творчасці. У ліку іншых раёнаў Гродзеншчыны сваю этнаграфічную калекцыю на ёй прадставіла і Бераставіччына.
Экспазіцыя сабрала яркія ўзоры народнай творчасці пачатку і сярэдзіны ХХ стагоддзя: тканыя ручнікі, дываны, паясы, калекцыі прадметаў побыту і элементы народнага адзення Панямоння, якія прызваны даць уяўленне пра багацце і нацыянальны каларыт традыцый як рэгіянальнай, так і ў цэлым беларускай культуры, яе арнаментальную сімволіку.
– Бераставіцкая зямля багатая на рамесныя традыцыямі і гісторыка-культурную спадчыну, – расказвае загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Тамара Касьян. – З пакалення ў пакаленне тут перадаецца навык рамеснай справы, традыцыі вырабу ўзораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У этнакутках філіялаў па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадкоў захоўваюцца зборы старадаўніх побытавых рэчаў, якія збіраліся паступова, не адзін год пры ўдзеле работнікаў культуры, якія плённа супрацоўнічалі з мясцовым насельніцтвам. На абласной выставе “Нам засталася спадчына” прадстаўлена калекцыя вырабаў і этнапрадметаў Дома рамёстваў, а таксама экспанаты з фонду музейнага пакоя філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадка Алекшыцы.
Бераставіччына славіцца майстрамі па ткацтву і вышыўцы, а таму большасць прадметаў калекцыі складаюць тканыя і вышываныя вырабы – посцілкі, ходнікі, абрусы, ручнікі, фіранкі, дарожкі на стол, накідкі на падушкі, падузорнікі, створаныя ў свой час мясцовымі ўмеліцамі Марыяй Кажанеўскай і Аленай Барцэвіч з вёскі Плябанаўцы, якія з’яўляюцца народнымі майстрамі Рэспублікі Беларусь, а таксама Антанінай Русэлік з вёскі Куркежы, Верай Нікіцік з вёскі Грыцавічы, Аленай Кучынскай з Вялікай Бераставіцы.
Самыя старадаўнія рэчы – гэта саматканы ручнік, вышыты і аздоблены карункамі прыблізна ў 1916 годзе Ганнай Заміроўскай з вёскі Багдзюкі, і ільняная сарочка з саматканага палатна, сатканая прыблізна ў 1927 годзе Лідзіяй Маер з вёскі Сыраежкі і перададзеная Дому рамёстваў яе дачкой Надзеяй Тоўкач з аг. Стары Дворац.
Прадстаўлены і такія прадметы побыту 50-60 гадоў мінулага стагоддзя, як маслабойка, драўляныя лыжкі, збан, гляк, гаршчок, сукала для намотвання нітак, валак і качалка для прасавання тканіны, вілкі для печы і іншыя рэчы, якімі карысталіся ў паўсядзённым жыцці нашы продкі.
Тым, хто цікавіцца гісторыяй і этнаграфіяй роднага краю, паведамляем, што выстава “Нам засталася спадчына” будзе працаваць у Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці да 9 чэрвеня.
Святлана ГАНЧАРОВА, фота прадастаўлена аддзелам рамёстваў і традыцыйнай культуры