Мама, тата, класны кіраўнік і я  – спартыўная сям’я

Лента новостей Образование

Узаемадзеянне  з бацькамі – адзін з самых важных накірункаў у рабоце класнага кіраўніка. Калі ў вас цесны кантакт з бацькамі, то, хутчэй за ўсё, у вас будзе цесны  кантакт і з вучнямі.

Як жа наладзіць такі кантакт? У мяне ёсць некалькі лайфхакаў. Па-першае, спачатку неабходна правесці анкетаванне з бацькамі на першай сустрэчы. Пытанні вы складаеце такія, якія вам неабходны, але адным з пытанняў павінна быць: ваша хобі або чым любіце займацца ў вольны час, або які адпачынак вам бліжэй – актыўны ці пасіўны? Такое ж пытанне задайце і дзецям на першай класнай гадзіне. Найчасцей не бывае такога, каб усе бацькі прыйшлі цэлым саставам на  сход. Тады адпраўце ім анлайн-анкетаванне.

Па-другое, не праводзьце фармальных бацькоўскіх сходаў, бо з кожным годам колькасць удзельнікаў вашых сустрэч будзе змяншацца. Неабходна зрабіць так, каб на бацькоўскім сходзе было як мага больш карысці. Праводзьце сустрэчы за круглым сталом, папрасіце бацькоў заранёў напісаць вам пытанні, на якія яны даўно шукаюць адказ, запрашайце на сустрэчу педагога-псіхолага, які валодае сітуацыяй у класе. А можа псіхолаг правядзе трэнінг для бацькоў, напрыклад, “Як павысіць самаацэнку дзіцяці”. Запрашайце на бацькоўскі сход дзяцей, няхай яны пакажуць свае лепшыя бакі: хто ўмее чытаць вершы на памяць эмацыянальна, хто ўмее рашыць за 1 мінуту да 20 прыкладаў, хто ўмее набіваць мяч так, каб ён не ўпаў даўжэй за ўсіх – няхай дзеці “павыхваляюцца”, і вы ўбачыце, як заблішчаць вочы ў бацькоў. А ўсе заўвагі вы паведаміце індывідуальна ды так, каб у вас былі абавязкова парады, як змяніць сітуацыю, а не проста паведаміць факт парушэння дысцыпліны.

Па-трэцяе, вывучыўшы анкеты бацькоў і дзяцей, правёўшы некалькі якасных бацькоўскіх сходаў, знайдзіце тое агульнае, што вас усіх аб’яднае так, як гэта зрабіла я.

Аказалася, што бацькі маіх вучняў, ды і самі вучні вельмі любяць актыўны адпачынак. І мы вырашылі, што будзем сустракацца па пятніцах у школьнай спартыўнай зале для гульні ў футбол. Колькі ж мне ўдалося ўбачыць: узаемаадносіны паміж татам і мамай, узаемаадносіны бацькоў і дзяцей, як дзеці ўмеюць або не ўмеюць спраўляцца з вынікамі гульні. Канешне, малым дзецям цяжка кантраляваць свае эмоцыі. Сустракаемся мы ўжо больш за тры гады. Навучыліся многаму: падтрымліваць адзін аднаго, паважаць адзін аднаго, сумаваць адзін па адным, сябраваць, прычым сябраваць цэлымі сем’ямі. Атмасфера на такіх сустрэчах прыязная, фарміруецца адказнасць, таму што трэба не падвесці сваю каманду. А яшчэ трэба паказаць свае ўменні бацькам, тут не да жартаў. Ну і самае цікавае – можна “ўзвысіцца” над бацькамі ці класным кіраўніком, забіўшы ім гол у вароты. Так, такое было неаднаразова. Ну што ж, у “сям’і” ўсё бывае: і класны кіраўнік гол прапускае.

А цяпер спытайце, які ў мяне кантакт з вучнямі і іх бацькамі? Лічу, што мой адказ вам непатрэбен.

Банальна: усё ў нашых руках. Я вам прапанавала гатовы варыянт узаемадзеяння, а ў кожнага з вас можа быць свой варыянт, яшчэ лепшы за прапанаваны. На бацькоўскіх сходах гаварыце менш самі, падводзьце вынікі таго, што пачулі ад бацькоў, давайце парады, калі вас аб гэтым просяць і толькі тады вынік будзе задавальняць усіх удзельнікаў вучэбнага працэсу.

Аксана ДЗЯМІДЗІК, настаўнік пачатковых класаў Старадварэцкай базавай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *