Адбыўся выніковы сход культработнікаў Бераставіччыны

Лента новостей

Аб выніках работы ўстаноў культуры раёна за 2012 год і прыярытэтных напрамках у бягучым вялася размова на галоўнай нарадзе года. У канцэртнай зале раённага Дома культуры собраліся дырэктары Дамоў культуры і загадчыкі клубаў, бібліятэкары і педагогі, музыканты і майстры. Словам, тыя людзі, якія непасрэдна фарміруюць і падтрымліваюць культуру ва ўсіх яе праявах. Начальнік аддзела культуры райвыканкама Віталь Ляховіч прааналізаваў дзейнасць галіны культуры раёна, спыніўся на дасягненнях і задачах. Яго дапоўнілі выступленні прадстаўнікоў сферы – дырэктара Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў Ірыны Баер, дырэктара Бераставіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяны Марцішэвіч, дырэктара Дома рамёстваў Тамары Касьян, старшыні райкама прафсаюзаў работнікаў культуры Мікалая Пацэнкі. На сходзе прысутнічаў старшыня райсавета дэпутатаў Міхаіл Пісарык і галоўны спецыяліст эканамічнага аддзела ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Святлана Лябецкая.
Чым адметны для культработнікаў быў мінулы год? Як адзначалася ў справаздачы, з якой выступіў начальнік аддзела культуры райвыканакама Віталь Ляховіч, у 2012 годзе адбыўся шэраг рэарганізацый. Рашэннем райвыканкама 1 чэрвеня была створана новая ўстанова клубнага тыпу – раённы Дом кіно, а з 1 студзеня Пагранічная і Эйсмантаўская дзіцячыя школы мастацтваў сталі філіяламі Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Са жніўня закрыты адна сельская бібліятэка і дзве бібліятэкі-клубы. А Малабераставіцкая і Паплаўскія сельскія бібліятэкі атрымалі статус інтэграваных публічных бібліятэк з падпарадкаваннем аддзелу адукацыі райвыканкама.
З пачатку мінулага года ў новым будынку размясціўся Дом рамёстваў. Завершана рэканструкцыя будынка краязнаўчага музея. У Год кнігі быў праведзены значны рамонт памяшкання цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Аналізуючы работу клубных устаноў культуры па правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў, Віталь Іванавіч адзначыў, што летась было праведзена 2342 мерапрыемствы (на 65 больш, чым пазалетась). Аднак на 12 паменшылася колькасць тэатралізаваных прадстаўленняў, а таксама дыскатэк. Сярод найбольш запамінальных падзей культурнага жыцця Бераставіччыны былі названы свята да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь “Беларускае вяселле”, фестываль паэзіі “Масалянскія салаўі”, фестываль польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі фэст”, фестываль аматараў тэхнічнага мадэліравання “Бераставіца запрашае сяброў”, радыёфестываль “Песні гучаць над Бераставіцай”, творчы канцэртны праект “Культура – вяскоўцам”, свята фальклора “Сёмуха”, раённы агляд аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах “Ярмарка талентаў”, раённы агляд-конкурс выканаўцаў беларускай эстраднай песні “Аб табе, Беларусь…”, раённы агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Фарбы вясёлкі”.
У бібліятэчнай сістэме, акрамя рамонту і інтэграцыі, адной з найбольш значных падзей стаў абласны семінар дырэктараў бібліятэчных устаноў Гродзен-шчыны з запрашэннем польскіх калег з Падляскай Ваяводскай бібліятэкі імя Л.Гурніцкага.
Што датычыцца дзейнасці школы мастацтваў, адзін з найбольш красамоўных леташніх паказчыкаў тут – гэта працэнт ахопу школьнікаў музычна-эстэтычнай адукацыяй. У нашым раёне гэта лічба складала 22 працэнты. У параўнанні: па вобласці – 11-12 працэнтаў. Таксама адным з асноўных паказчыкаў эфектыўнасці работы педкалектыва школы з’яўляецца падрыхтоўка выпускнікоў да паступлення ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. У мінулым годзе прафесіі, звязаныя з музыкай, абралі 8 выпускнікоў. Значная работа праводзілася і праводзіцца настаўнікамі школы па падрыхтоўцы навучэнцаў да ўдзелу, і, трэба дадаць, паспяховаму, у абласных і рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях. Важны момант – на гэты год запланаваны рамонт класа духавых інструментаў і сістэмы ацяплення школы.
У завяршэнні свайго выступлення Віталь Іванавіч падкрэсліў, што 2012 год запомніўся не толькі поспехамі і дасягненнямі, але і кадравымі пераменамі ў раённым звяне. Ён выказаў удзячнасць кіраўнікам і спецыялістам, якія пакінулі свае пасады, за значны ўклад, які яны ўнеслі ў развіццё культуры рэгіёна. Але жыццё не стаіць на месцы. Сёлета ва ўстановах культуры раёна працуе 8 маладых, здольных спецыялістаў-выпускнікоў, якія ўнеслі новыя ідэі, прадэманстравалі новы ўзровень правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў.
Сход прадоўжыўся прыемнай цырымоніяй уручэння ўзнагарод абласнога і раённага значэння. Падзяку ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама атрымалі загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі райбіблітэкі Валянціна Чыкун і настаўніца Бераставіцкай ДШМ Ірына Серабракова, Ганаровую грамату райсавета дэпутатаў і райвыканкама – дырэктар Береаставіцкага Дома рамёстваў Тамара Касьян, Падзячныя лісты райсавета дэпутатаў і райвыканкама – бібліятэкар Лішкаўскай СБ Зоя Хлебнікава, дырэктар Кватарскага СДК і ВЧ Сяргей Касьян і настаўніца Бераставіцкай ДШМ Галіна Архіпава. Шэраг культработнікаў узнагароджаны Ганаровымі граматамі і Падзячнымі лістамі аддзела культуры райвыканкама. Дарэчы, уручаючы ўзнагароды, старшыня райсавета дэпутатаў Міхаіл Пісарык звярнуўся да прысутных у зале з пажаданнем следаваць сваёй галоўнай мэце – прывіваць культуру падрастаючаму пакаленню, вывучаць і ўлічваць інтарэсы дзяцей і моладзі, дабівацца не столькі колькасных паказчыкаў, колькі якасці ў працы.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *