Шмат музыкі, танцаў і забаў. “Моладзь ФЭСТ” у скверы ля возера ў Вялікай Бераставіцы стаў увасабленнем энергіі, весялосці і крэатыву.
Упэўніцца ў тым, якая багатая на таленты Гродзеншчына, можна было падчас канцэртнай праграмы маладых удзельнікаў аматарскай творчасці вобласці “Спеўная талака”.
На адкрытай сцэне з каляровымі пражэктарамі развярнулася “Tik-Tok party”. Разам з артыстамі моладзевай вечарыны кожны мог паспяваць і патанчыць. Энергія біла ключом!
Вясёлы настрой задаваў фестываль фарбаў “ColorFest”. Тут і там мільгалі радасныя твары дзяцей і дарослых, расфарбаваныя ўсімі колерамі вясёлкі.
– Яркія фарбы – гэта так здорава! – падзяліліся госці свята. – Дзеці ў захапленні! Мы зрабілі шмат здымкаў і запомнім дажынкі надоўга.
Моладзевы event запрашаў жадаючых паспрабаваць сябе ў спрытнасці на васьмі зонах актыўнасці.
Тут жа можна было падсілкавацца і адпачыць.
А яшчэ – сфатаграфавацца з неверагодна прыгожымі жывымі скульптурамі тэатра з горада Брэста “Ларчык”.
Нікога не пакінула абыякавым бітва кавер-бэндаў Гродзеншчыны “Без цукру”, “Крэатыў Бэнд” і “Хіт Хантэр”. Сапраўдны марафон жывой музыкі і прафесійнага выканання папулярных хітоў!
Святлана Ганчарова, фота аўтара