Незвычайна пачаўся Тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова” ў Старадварэцкай базавай школе: з напісання дыктанта анлайн сумесна з міністрам адукацыі Іванцом Андрэем Іванавічам.
Тыдзень роднай мовы паказаў, што ў нас шмат творчых асоб. Сачыненне-разважанне “За што я люблю беларускую зямлю” пісалі вучні 5-8 класаў. Сэнс удалося перадаць многім, а вось напісаць сачынне без памылак было складаней, і ў выніку перамогу атрымаў 5-класнік – Шымавалос Мацвей, 2 месца – у 6-класніцы – Трахімчык Дарыны і 3 месца – у васьмікласніцы Шэйко Марты. Вучні пералічылі нашых славутых продкаў, пісьменнікаў, а таксама любімыя месцы на беларускай зямлі, выказалі пажаданні краіне і мове.
На дыскусіі наконт адзення з беларускім арнаментам абыякавых не было. “За” кашулі з вышыванкай прагаласавала 70 %, а 30 % сышліся на тым, што такі стыль ім не пасуе. Усё ж такі прыемна, што большасць хацела б у тагачасныя кашулі ўнесці сучасныя элементы і быць у трэндзе.
Гастранамічны фэст паказаў нам, што ўсе бацькі добра ведаюць беларускую кухню, лішніх страў не было. Ведаеце, які вывад зрабілі першакласнікі?
- Калі есці такія смачныя стравы кожны дзень, то і не хочацца чыпсаў.
Што і казаць: клёцкі, дранікі, куцця з макам і разынкамі, пірагі з яблыкамі – што ні на ёсць беларуская кухня на ўсе 100 працэнтаў, да таго ж і стравы вельмі карысныя.
Любяць дзеці выконваць заданні на камп’ютарах: так удзел ва анлайн- апытанцы пашырыў веды па гарадах Беларусі. Віктарыны, караоке, крыжаванкі – павышаюць цікавасць да роднай мовы.
Не ўдалося толькі арганізаваць удзел большасці вучняў у чэленджах у сацыяльных сетках, толькі адзінкі прачыталі любімыя вершы ў сацыяльных сетках. А між тым сацыяльныя сеткі вельмі заахвочваюць дзяцей да карыстання мовай у паўсядзённым жыцці. Думаецца, што не за гарамі той час, калі мова родная стане мовай моладзі.
Аксана Дзямідзік, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Старадварэцкай базавай школы