Сёння бібліятэкі — гэта шматфункцыянальныя ўстановы, якія паспяхова выконваюць інфармацыйную, сацыякультурную, адукацыйную, камунікатыўную функцыі. І нягледзячы на інтэнсіўнае развіццё лічбавых тэхналогій, па-ранейшаму з’яўляюцца асяродкам кніжнага сусвету. У Пагранічнай сельскай бібліятэцы склалася сваё асаблівае кола чытачоў, якія не толькі чытаюць, але і ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, з’яўляюцца членамі аматарскіх аб’яднанняў.
Пяць гадоў ужо як бібліятэкарам тут працуе Алена Васько. Так склалася, што жанчыне давялося змяніць прафесію пасля трыццаці, але, затое, збылася яе юнацкая мара – працаваць з дзецьмі. У свой час Алена Віктараўна хацела паступаць на настаўніка, аднак лёс распарадзіўся па-свойму. Праз гады гэта мара ажыццявілася з іншага боку – цяпер жанчына працуе з дзецьмі ў бібліятэцы. Бібліятэчная справа прыйшлася ёй па душы, а свет кніг стаў блізкім і захапляльным.
– Бібліятэка налічвае 280 чытачоў, сярод іх – 104 дзяцей, – знаёміць са статыстыкай Алена Віктараўна. – Кніжны фонд састаўляе 12949 экзэмпляраў, кнігавыдача – 4600. Чытачы ў нас вельмі харошыя – актыўныя і адкрытыя. Іх касцяк ствараюць тыя, хто сябруе з кнігай доўгія гады, для каго чытанне – даўняе захапленне і хобі на ўсё жыццё.
У бібліятэцы дзейнічаюць два аматарскія аб’яднанні: для дзяцей – “Дамавічок”, для дарослых – “ДИВО”.
«Дамавічок» – гэта пляцоўка для творчасці і самарэалізацыі юных чытачоў. Мясцовыя дзяўчынкі і хлопчыкі 4-8 класаў наведваюць пасяджэнні аматарскага аб’яднання, каб адпачыць ад актыўнай вучэбнай дзейнасці ў агульнаадукацыйнай школе. Яны вышываюць і лепяць з салёнага цеста, пластыліну, працуюць у тэхніках пап’е-машэ, дэкупажу, выцінанкі, аплікацыі, ствараюць вырабы з газеты і гэтак далей. Пад кіраўніцтвам Алены Віктараўны дзейнасць дзіцячага аматарскага аб’яднання актывізавалася і набыла сваю індывідуальнасць, даўшы зялёнае святло новым відам дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Вырабы членаў аматарскага аб’яднання “Дамавічок” выстаўлены на экспазіцыі і служаць цудоўным упрыгожаннем бібліятэчнага інтэр’ера.
Дзецям і падлеткам, якія наведваюць аматарскае аб’яднанне падабаецца ствараць прыгажосць сваімі рукамі, бачыць вынік сваёй працы, дарыць вырабы родным і сябрам. Акрамя таго, Алена Віктараўна на занятках аматарскага аб’яднання праводзіць і шмат іншых цікавых мерапрыемстваў – бібліятэчныя квэсты, тэматычныя інфагадзіны, гадзіны дапамогі кніжцы, віртуальныя экскурсіі.
Удзельніцы аматарскага аб’яднання “ДИВО” (скарочана – “дискуссии, интересные встречи, общение”) – жанчыны з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якіх добра ведаюць і паважаюць у аграгарадку Пагранічны. У свой час усіх іх аб’яднала любоў да спеваў, да працы ў царкоўным хоры. А ў бібліятэцы жанчыны адпачываюць душой за гутаркамі і дыскусіямі, абмеркаваннямі хвалюючых пытанняў. На пасяджэнні аб’ядання запрашаюцца цікавыя і творчыя асобы, прадстаўнікі мясцовай улады і розных службаў. Часты госць бібліятэкі – настаяцель храма Святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай, протаіерэй Сергій Шэлест. На сустрэчах уздымаюцца тэмы духоўнасці ў рамках дзейнасці на базе Пагранічнай сельскай бібліятэкі культурна-асветніцкага цэнтра імя Еўфрасінні Полацкай.
Шматгранная прафесія бібліятэкара Алене Васько падабаецца, і жанчына з задавальненнем кантактуе з чытачамі, ведае іх літаратурныя перавагі, рыхтуе мерапрыемствы і ладзіць тэматычныя выставы. У бібліятэцы заўсёды ўтульна і прыгожа, тут пануе прыемная сяброўская атмасфера, якую ўдалося стварыць жанчыне. Гэта немалаважна. Ад таго, як бібліятэкар сустрэне чытача, залежыць не толькі яго настрой, але і тое, ці захоча ён прыйсці сюды яшчэ раз. Таму бібліятэкар часта – гэта і псіхолаг, і педагог, і доктар, ён выслухае і параіць.
Рэаліі сённяшняга дня такія, што бібліятэка – гэта ўжо не толькі кнігі, але і цэнтр зносін і развіцця. Пагранічная сельская бібліятэка заняла сваю нішу ў культурным жыцці мястэчка. Тут наладжана ўзаемадзеянне на аснове творчасці і эмацыянальнага камфорту, якое зноў і зноў цягне дзяцей і дарослых у бібліятэчныя сцены.
– Я вельмі ўдзячна былому бібліятэкару Надзеі Кобрынец, якая прывяла мяне ў прафесію, а сёння, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, дапамагае слушнай парадай, актыўна ўдзельнічае ў жыцці бібліятэкі, – падкрэслівае Алена Віктараўна. – У яе асобе, а таксама ў асобе маёй былой калегі Валенціны Навошы, з якой мы працавалі два гады, хачу павіншаваць усіх бібліятэкараў і чытачоў з Днём бібліятэк. Ад усёй душы жадаю ўнутранай гармоніі, поспехаў, удзячных чытачоў і здароўя. Няхай кожны дзень напаўняе вас сваёй станоўчай энергіяй, а радасць ніколі не сходзіць з твару.
Святлана Ганчарова, фота аўтара